«Вайна – гэта не аргумент». Як Беларусь прымае ўцекачоў з Украіны


Паводле памежнага камітэту Беларусі, з пачатку вайны ў Беларусь прыбылі каля 27 тысячаў уцекачоў з Украіны. Афіцыйныя медыі сцвярджаюць, што Беларусь гасцінна прымае ўкраінцаў, корміць, лечыць, селіць у санаторыях. Ці адпавядаюць гэтыя заявы рэчаіснасці?

У выданні праграмы «Шчыра кажучы» – гісторыя ўцякачкі з Украіны, якая ў канцы сакавіка праз Польшчу прыехала ў Беларусь. Тут яна нарадзілася, таму думала, што ёй у Беларусі будзе лепей:

«Дапамогі няма ніякай. Больш за тое, трэба за ўсё плаціць. Я так разумею, што паняткаў «уцякач», «хворы» і гэтак далей – няма. Нават для таго, каб мне аформіць дакументы і тут зарэгістравацца на год, патрэбныя важкія аргументы. Вайна – гэта не аргумент».

На каналах беларускага дзяржаўнага тэлебачання паказваюць сюжэты, як украінцаў прымаюць, кормяць і лечаць у санаторыях. Аўтары праграмы высветлілі, што рэчаіснасць выглядае інакш. У санаторыях украінскіх уцекачоў бясплатна селяць толькі на месяц – далей трэба плаціць. У выніку на вуліцу высяляюць нават параненых, хворых людзей. Хто насамрэч ім дапамагае ў Беларусі? Чаму ўкраінцы ўцякаюць ад вайны ў Расею? Як уцекачоў ад вайны прымаюць у Еўропе? Колькі асобаў ужо вярнуліся ва Украіну і чаму? Глядзіце ў праграме.

Калаж з фота: reform.by, belsat.eu