Лукашэнка ў Сочы ратаваў гаспадарку? Эканоміка з Чалым


Што вядома пра візіт Лукашэнкі ў Сочы? Які рэальны рост ВУП і што з коштамі на лекі? Разбіраемся ў праграме «Эканоміка з Чалым».

Пра эканоміку Лукашэнка і Пуцін гэтым разам размаўлялі вельмі мала. Асноўныя пытанні датычылі лёсу дарожных мапаў, то бок інтэграцыі. Цікава, што нейкім чынам іх колькасць памянялася. Або Лукашэнка блытаецца ў іх колькасці. Калі раней была 31 дарожная мапа, то цяпер іх чамусьці 33. І калі раней казалі, што там засталіся неразвязаныя ўсяго 3 пытанні, то цяпер, паводле Лукашэнкі, – ажно 7. Але пытанне № 1 засталося ранейшае: ці дасць Расея грошай?

«Лукашэнка, з аднаго боку, казаў перад ад’ездам, што грошай прасіць не будзе. І сапраўды, падобна, што не прасіў. Прынамсі пра крэдытныя грошы ён не казаў. Але ў той жа час казаў, што насамрэч любое падтрыманне беларускай эканомікі – гэта падтрыманне напалову і расейскай эканомікі. […] Мы ж падтрымліваем сваю вытворчасць, а нашая вытворчасць – гэта канчатковая вытворчасць. Камплектавальныя закупляем у Расеі ў вялікай колькасці», – заўважае эканаміст Сяргей Чалы.

А далей адбываецца невялікі канфуз. Бо Лукашэнка кажа пра АЭС, як мы скарачаем імпарт газу на 5 мільярдаў кубічных метраў, але і гатовыя яшчэ на некалькі мільярдаў закупляць расейскі газ, калі адбудзецца супольны праект: пабудова другога «Горадня Азоту» – вядома, за расейскія сродкі.Дык на якія саступкі Пуціну пайшоў Лукашэнка? Калі наагул пайшоў.

«Стала вядома, што адобрылі пратаколы для падаўжэння існага пагаднення двух вайсковых абʼектаў на тэрыторыі Беларусі, гэта Баранавічы і Вялейка. Скончыўся 25-гадовы тэрмін гэтага пагаднення. Гэта быў «нулявы варыянт». У нас быў назапашаны даволі вялікі доўг перад Расеяй за газ. Яго нам спісалі цалкам. І за гэта мы далі Расеі права без аплаты працягваць утрымліваць гэтыя абʼекты на нашай тэрыторыі. Відавочна, цяпер гаворка пра наступныя 25 гадоў. І што мы ад гэтага атрымаем?» – заўважае Сяргей Чалы.

Таксама ў праграме «Эканоміка з Чалым»:

  • Ці трэба Расеі БМЗ з даўгамі?
  • Чаму лекі зноў даражэюць?
  • Замест інфляцыі чакай стагфляцыю?

Belsat.eu