«На пікапе будзе файна падвозіць БК для нашага мінамёціка». Збор для беларусаў ва Украіне


Беларускія ваяры, валанцёры ды іхныя сваякі апавялі, на якія патрэбы добраахвотнікаў збіраюцца грошы. Вашае ахвяраванне будзе не толькі падарункам беларусам на фронце, але і ўнёскам у вызваленне Беларусі.

У гэтым адмысловым выданні героі нашых праграмаў апавялі, на якія патрэбы беларускіх добраахвотнікаў ды іхных сем’яў абвешчаныя розныя грашовыя зборы.

Полку Каліноўскага і Першаму інтэрнацыянальнаму легіёну патрэбныя дроны і аўтамабілі. Гэта расходны матэрыял, таму вельмі хутка выходзіць з ладу, губляецца, нішчыцца ворагам.

Першы інтэрнацыянальны легіён – падраздзяленне, дзе плячо ў плячо з расейскімі захопнікамі б’юцца добраахвотнікі з розных краінаў. Дарэчы, неяк мы размаўлялі з грузінамі, якія служаць у гэтым падраздзяленні.

Падрабязна аб працы падраздзялення БПЛА нам апавядаў Сава. А пра машыны медычнай эвакуацыі – кіроўца медэвака Сыты. Надзвычайную гісторыю ўратавання Ваўкалака, у якога пасля ранення надоўга прапаў пульс, апавяла кіраўніца медычнай службы каліноўцаў Север.

Збіраюцца грошы і на падтрыманне сем’яў беларускіх добраахвотнікаў. Асабліва напярэдадні святаў.

«Вядома, для дзяцей атрымаць ад Мікалая падарункі надзвычай каштоўна, бо яны ўсё яшчэ вераць у цуды і ў тое, што яны былі паслухмяныя і атрымаюць кніжкі, цукеркі, як і мае быць», – кажа Алена Гергель, удава Васіля Парфянкова (Сябро).

Старшыня ўкраінскага фонду «Вольная Беларусь», кіраўнік беларускага крызіснага цэнтру ў Львове Аляксей Францэвіч анансаваў старэнне Беларускага цэнтру нацыянальнай памяці ва Украіне, каб увечніць памяць усіх загінулых беларускіх герояў, якія аддалі жыцці тут, ва Украіне, пачынаючы з 2014 года.

«Я б хацеў ад імя сваіх пабрацімаў з «мінамёткі» батальёну «Волат» павіншаваць усіх беларусаў з хуткімі святамі, – віншуе суайчыннікаў камандзір мінамётнага разліку Салам. – Зычу нам усім у наступным годзе стаць яшчэ бліжэй да нашай агульнай перамогі! Да таго моманту, калі ўсе нашыя сябры, знаёмыя ці проста людзі, пра якіх мы чыталі ў інтэрнэце, нарэшце выйдуць з турмы, і калі нашая краіна зробіцца сапраўды вольная! Жыве Беларусь!»

Праграму «Ваяры» глядзіце кожную нядзелю на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн, у закладцы «Праграмы» на нашай старонцы або на канале YouTube.

Калаж з фота: 93-тя ОМБр «Холодний Яр» / Facebook; Полк Каліноўскага / YouTube