Беларусы не могуць аб’яднацца нават на вайне. «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою


«Мне сорамна, што мая краіна пад акупацыяй, і што мы яе прас*алі». У выданні – інтэрв’ю з беларускім добраахвотнікам Аляксандрам «Лахвічам» Наўковічам

«Ува сне я ўбачыў Івана Брэста Марчука, ён нічога не сказаў, але так паглядзеў на мяне, што я прачнуўся, схапіў рыдлёўку і пачаў капаць акопы», – апавядае Аляксандр Наўковіч з пазыўным Лахвіч, ваяр батальёну «Літвін» палка Каліноўскага. Беларускі добраахвотнік у інтэрв’ю Сяргею Пелясе прызнаецца:

«Мне сорамна, што мая краіна пад акупацыяй, і што мы яе прас*алі. Я беларус, я адказны за тое, што з Беларусі ляцяць ракеты. Бяру гэта на сябе, хачу крывёю і потам змыць гэтую ганьбу».

Беларусы не могуць аб’яднацца нават на вайне, шкадуе Аляксандр Наўковіч. Якія галоўныя адчуванні ў беларуса, які ваюе з пачатку вайны? Ці лекуе час боль пасля страты пабрацімаў – Івана Марчука з пазыўным Брэст і Міраслава Лазоўскага з пазыўным Мыш? Якая галоўная праблема цяпер на фронце, якія там настроі ў беларусаў? Падрабязнасці – у інтэрв’ю.

Лукашэнка адпраўляе дыпламатаў на канец свету. Ці ўратуюць яны эканоміку рэжыму?

Паўднёвая Афрыка, Кітай, Інданезія – Лукашэнка прызначыў, як ён сказаў, асноўных дыпламатаў адразу на некалькі кірункаў. Для лукашэнкаўскага рэжыму такія краіны становяцца прыярытэтнымі. Чаго дыктатар насамрэч чакае ад пасла ў Зімбабвэ, дзеля чаго ідзе на Далёкі Усход і чаму выказвае сваё раздражненне ў бок Сербіі? Падрабязнасці – у матэрыяле Ірэны Кацяловіч.

Расея пачала гібрыдную атаку супраць Фінляндыі. Чаму менавіта цяпер?

Мігранты з Афрыкі і Блізкага Усходу на працягу некалькіх дзён папрасілі прытулку ў Фінляндыі. Яны трапляюць туды праз Расею. Фіны ў адказ зачынілі ўсё свае кантрольна-прапускныя пункты на мяжы з Расеяй, акрамя аднаго – найбольш паўночнага. Хельсінкі абвінавацілі Маскву ў кіраванні мігрантаў на яе межы. Расея атакавала Фінляндыю мігрантамі, як рэжым Лукашэнкі – Польшчу і краіны Балтыі два гады таму. Тады гібрыдная атака сталася прэлюдыяй да ўварвання Расеі ва Украіну. Што значыць напад Пуціна на новую дзяржаву NATO цяпер? Высвятляла Вольга Міцкевіч.

Крызіс АДКБ паглыбіўся. Чаму Арменія байкатуе саміт у Менску?

Лукашэнка хваліўся перыядам старшынёўства Беларусі ў АДКБ і ледзь не палічыў сваёй заслугаю завяршэнне канфлікту з Кыргызстанам і Таджыкістанам, спыненне агню паміж Арменіяй і Азербайджанам. У Менску прайшоў саміт АДКБ без Арменіі. Афіцыйны Ерэван адмовіўся ад удзелу не толькі на ўзроўні прэм’ер-міністра, але і любога іншага афіцыйнага прадстаўніка. МЗС краіны папрасіў зняць з абмеркавання пытанне бяспекі Арменіі. Аб прычынах замарожвання ўдзелу ў АДКБ «ПраСвету» апавёў былы паўнамоцны прадстаўнік Арменіі ў Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы, кіраўнік Аналітычнага цэнтру ў справе глабалізацыі і рэгіянальнай супрацы Стэпан Грыгарʼян.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою глядзіце шточацвер а 21:30. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілю на Facebook ! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн,на YouTube-канале і на нашай старонцы.