Новы парламент адхіліць Лукашэнку і абвесціць «уз’яднанне» з РФ


«Bild» папярэджвае пра вайну Расеі і Еўразвязу, а ў Беларусі – хапуны перад «выбарамі». Парламент з прыхільнікаў «русского мира» абвесціць «уз’яднанне» з РФ і адхіліць Лукашэнку. Затым – атака на Сувалкі. Ці магчыма такое? Котаў і Казак. Новы «Двубой».

«Страта суверэнітэту – яна можа адбыцца цягам гэтага года. Фактычна ўсе гэтыя кампаніі, так званыя выбарчыя… Вось цяпер прызначаюць кандыдатаў у «палатку», пазней – ва УНС. Паміж гэтым пераабранне, перапрызначэнне, самапрызначэнне Пуціна, 70-гадовы юбілей Лукашэнкі – і цалкам можна не выключаць таго сцэнара. Бо людзі, якія будуць сядзець у «палатцы» (нават Марзалюка не будзе, які б лічыўся патрыётам на фоне ўсіх астатніх, хто там з’явіцца) – гэта «русский мир», які не абараняе інтарэсаў Беларусі, нават, не ведаю, калі некага з лукашэнкаўцаў, як таго ж Марзалюка, можна лічыць своеасаблівым патрыётам», – тлумачыць палітолаг Анатоль Котаў пагрозу, якая паходзіць ад так званых выбараў 25 лютага.

Гэта выглядае тым больш небяспечна, што апошнім часам у еўрапейскіх медыях з’явіўся шэраг публікацыяў наконт пагрозы пачатку вайны Расеі супраць Еўразвязу з тэрыторыі Беларусі ўвосень 2024 года. Аналітык Алесь Казак лічыць такі сцэнар пакуль заўчасным, аднак гэта не значыць, што вайна ўвогуле немагчымая, бо калі пра яе пішуць вайсковыя эксперты, значыць, такую імавернасць сапраўды разглядаюць:

«Гледзячы на агульную колькасць інфармацыі, што будзе глабальная вайна, не трэба ўпадаць у вельмі вялікую паніку, але ж трэба гэта прымаць да нашай свядомасці, што калі нам падаецца, што дрэнна, – можа быць яшчэ горш».

Ці будзе вялікая вайна і ці можа яна пачацца з тэрыторыі Беларусі? Глядзіце новы «Двубой» з Віталём Цыганковым.

Госці праграмы:

  • Анатоль Котаў, палітолаг, былы працаўнік Адміністрацыі прэзідэнта
  • Алесь Казак, палітолаг

Праграму «Двубой» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат News» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.