Вольга прызвычаілася адстойваць свой голас і праўду. На ўчастку, дзе яна галасавала, у школе ейнага сына Цімафея, сфальсіфікавалі вынікі выбараў. А яна са сваёй сяброўкаю пайшла па людзях: сабрала па спісах усе галасы наноў. І даказала, што перамагла Ціханоўская. За гэта – і не толькі – яе пачалі пераследаваць.
«Мяне пачалі пераследаваць за заклік да незямных сілаў: я выйшла з плакатам, на якім папрасіла маці Лукашэнкі забраць яго да сябе.
Я апранулася ў чорную сукенку на дзень нараджэння Лукашэнкі. І гэтага аказалася дастаткова. У мяне быў альбомны аркуш, на ім напісала: «Кацярына Трафімаўна, забярыце свайго сына і дайце спакойна жыць нашым дзецям», – згадвае нашая гераіня.
У выніку Вольга была вымушаная разам з сынам, якога выхоўвае сама, з’ехаць у Польшчу, дзе яму спатрэбілася тэрміновая аперацыя.
З’ехала праз пагрозы на адрас свайго адзінага сына Цімафея.
Наш тэлеканал дапамог фонду «BySol» сабраць сродкі на аперацыю. На гэта спатрэбіўся роўна адзін дзень! Пакуль нашая гераіня ехала з пункту А ў пункт Б аўтобусам, сродкі былі сабраныя.
«Мы селі ў аўтобус. А нам дабірацца да дому паўтары гадзіны. Усё. Сума ўся сабраная была, пакуль ехалі…» – усцешана расказвае маці Цімафея.
Аперацыя і пасляаперацыйная рэабілітацыя каштавала 10 000 злотых.
«Я ведаю, што «Белсат» стэлефаноўваўся з «BySol», арганізавалі збор. Шчыра кажучы, я нават не спадзявалася, што так хутка збяруць. І наагул, нават крыху баялася. У мяне быў негатыўны досвед з дапамогай у Беларусі. І калі аперавалі ў Беларусі, гэта таксама была нечаканая аперацыя. На той момант мая аднагрупніца арганізавала збор. Сабралі. І потым атрымалася так, што падатковая мяне ж за гэтыя грошы і выклікала: пішыце тлумачэнне, бярыце распіскі ў тых, хто вам збіраў. А я нават не ведала, хто мне збіраў у Беларусі. Я заўсёды была дастаткова законапаслухмянай. І для мяне быў шок, што ў мяне нешта не ў парадку можа быць з падаткамі.
Калі мне паказалі суму, я сказала, што гэта аліменты бацькі дзіцяці. А гэта дэкрэтныя, якія атрымлівала, як і ўсе маці Беларусі. З мяне запатрабавалі даведку як доказ таго, што гэта сапраўды дэкрэтныя, што гэта менавіта я іх атрымлівала. Аліменты ад бацькі, які на той момант ужо быў за мяжою… Мне сказалі: калі не змагу даказаць, што гэта аліменты, – нібы гэта фінансаванне са Швецыі маёй дзейнасці ў Беларусі», – успамінае той абсурд гераіня.
«Больш за ўсё за аперацыю – і першы, і другі раз – перажывала маці. Я больш спакойны быў. Але падтрымку я адчуў. Асабліва ад валанцёраў – і маральную, і фізічную. Цяпер мне лекар сказаў, што ўжо можна ўсё рабіць. Я нават не чакаў, што адразу можна будзе. Я думаў, што ўвогуле каля года нельга будзе, што рэабілітацыя будзе доўгая. Аказваецца, не. Вялікі дзякуй!» – кажа Цімафей.
«Хачу падзякаваць усім, хто падтрымаў, хто не пакінуў. Хто, пакуль сын быў у шпіталі, таксама падтрымліваў. І ў самой жа больніцы. Там аказалася вельмі выдатная медсястра. Украінка. Яна падтрымлівала мяне ўвесь час, пакуль ішла аперацыя. Таксама вельмі вялікае значэнне мела, што ўсё цудоўна прайшло. Учора знялі швы. І ў лютым – кантроль. Пакуль у нас ЛФК ізноў, басейн і ўмераныя нагрузкі.
Для мяне тое, што людзі аказаліся побач са мною, тое, што са здароўем у сына наладжваецца ўсё, паслужыла штуршком, што да мяне вярнулася натхненне. Сама я творчы чалавек і хацела б зрабіць майстар-клас – ляльку-матанку анёла. У мяне ёсць свой анёл. Ён мне дапамагае. Вера ў гэтага анёла дапаможа тут хутчэй ачуняць і жыць. Хацелася б, каб дзеці беларусаў, якія тут аказаліся, прыйшлі на гэты майстар-клас. Каб знайшлося памяшканне, знайшоўся час, каб дзеці ды іхныя бацькі захацелі», – кажа гераіня.
Так працуе беларуская салідарнасць. Спачатку вы дапамаглі Вользе і Цімафею, а цяпер Вольга хоча зрабіць для дзетак рэпрэсаваных сем’яў майстар-клас, сямейны вечар. Давайце дапаможам ёй у гэтым.
Калі вы хочаце падтрымаць нашых сённяшніх герояў, публічна альбо ананімна, з любога пункту свету, лістуйце нам: belarus2belarus@gmail.com
Далучайся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.
І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там і Беларусь.
Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу а 18:50 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, наYouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.