Франак Вячорка: «Не страляйце ў Лукашэнку»


«Беларусь уратуе снайпер» – хто не чуў гэтага крылатага выразу? Больш за 20 гадоў у грамадскай думцы жыве ідэя, што абсалютную ўладу дыктатара можна знішчыць разам з дыктатарам. Сталінскім метадам: няма чалавека – няма і праблемы. Але наколькі гэта рэальна?

Вітаю, спадарства, з вамі Яраслаў Сцешык, а сённяшняе »Глабальнае пытанне» – палітычныя забойствы найвышэйшага ўзроўню. І пагаворым не толькі пра Беларусь.

У Еўропе тэма ўзброеных пераваротаў і замахаў вядомая з часоў першых князёў і каралёў. Тая ж традыцыя цокання келіхамі за сталом – гэта спосаб паказаць, што ніхто з прысутных не дадаў у напой атруты. Адсюль жа і каралеўская гвардыя – самыя верныя ваяры. Бо ўсялякае бывае: у пячонку стылет – і кладзіся на лафет.

У XII і XIII стагоддзях Еўропу і Блізкі Усход паспяхова кашмарыў Ордэн асасінаў – ваенізаванае фармаванне ісмаілітаў-нізарытаў з тэрыторыі сучаснага Ірану і Сірыі.

Глабальнае пытанне
Улада старых дзядоў. Чаму Іран паўстаў супраць аятолаў?
2022.10.03 16:35

Мусульманскі ордэн засылаў фанатычна вышкаленых забойцаў, гатовых на смерць, нечакана атакаваць варожых лідараў. Дзякуючы вандроўніку Марка Пола з’явілася легенда, што назва «асасін» паходзіць ад наркотыку «гашыш», якім нібыта адурманьвалі будучых забойцаў. Але дакументальна нарказалежнасць «гашашынаў» не пацверджаная. Слова «асасін» назаўжды стала міжнародным.

Але калі еўрапейская дэмакратыя цалкам сфармавалася, знік сэнс замаху як спосабу змяніць уладу. Навошта забіваць, калі ёсць выбары, падзяленне ўлады і свабода прэсы?

Тым больш шакавальным для свабоднага свету стала забойства Джона Кенэдзі ў 1963-м годзе. Са снайперскай вінтоўкі, проста ў галаву прэзідэнта, перад пачаткам выбарчай кампаніі на вачах у тысячаў амерыканцаў. Праз месяц будзе гадавіна.

«Забойства Кенэдзі вельмі моцна маральна паўплывала на стан грамадзян. Было шмат даследаванняў, якія паказалі, што людзі дагэтуль памятаюць, што яны рабілі ў гэты канкрэтны дзень», – распавядае прафесар Атлантычнага ўніверсітэту Флорыды Паліна Прысмакова.

Адмысловая камісія заключыла, што забойца – Лі Гарві Озвалд – дзеяў у адзіночку. Большасць амерыканцаў у афіцыйную версію не паверыла. А праверыць не атрымаецца – Озвалд не дажыў да суда, яго праз дзень пасля забойства Кенэдзі застрэліў цывільны амерыканец.

Не варта думаць, што забойства ў Даласе далёка ад нас. Былы амерыканскі марпех Лі Гарві Озвалд два гады жыў у Менску – у гэтым будынку ля дому РСДРП.

«Ён працаваў на Радыёзаводзе. Ягоным асноўным кіраўніком быў Станіслаў Шушкевіч, які ведаў мову і ўмеў размаўляць з ім», – прыгадвае Эдуард Сагындыкаў, які ведаў Озвалда, а цяпер валодае кватэрай, дзе жыў забойца прэзідэнта.

Станіслаў Шушкевіч – першы кіраўнік незалежнай Беларусі – увайшоў у гэтую гісторыю толькі таму, што ўмеў добра размаўляць па-англійску. А сам амерыканец – токар з Радыёзаводу – дасюль застаецца асноўнаю фігураю канспіралагічных тэорыяў.

«Озвалд нечаканым чынам раптам ставіць Менск на вяршыню сусветна гістарычных падзеяў», – тлумачыць Аляксандр Лукашук, аўтар кнігі пра Озвалда «След Матылька».

Неўраўнаважаны асасін-адзіночка, ці псіхічна нездаровы тэрарыст-адзіночка – гэта сапраўдная пагроза не толькі для звычайных грамадзянаў, але і для высокапасадоўцаў. У ліпені былы марпех Тэцуя Ямагамі з самаробнага агнястрэлу забіў былога прэм’ер-міністра Японіі Сіндзо Абэ непасрэдна падчас ягонай выбарчай кампаніі. Матыў забойцы: былы прэмʼер нібыта быў правадніком уплыву секты мунітаў – Царквы з’яднання. На гэтым тыдні японскі ўрад пачаў расследаванне адносна секты. Але ёсць яшчэ адзін гатунак тэрарызму – дзяржаўны.

Гэтая дарожная развязка ў Варшаве названая ў гонар Джахара Дудаева, першага абранага прэзідэнта незалежнай Чачэнскай рэспублікі Ічкерыя. Расея двойчы ваявала супраць чачэнцаў, каб ніхто на Каўказе і думаць не мог пра незалежнасць.

На Джахара Дудаева расейцы тройчы ладзілі замахі. У выніку – забілі, запусціўшы з баявых самалётаў ракеты, скіраванымі на спадарожнікавы тэлефон Дудаева. Зелімхана Яндарбіева, які заступіў на пасаду Дудаева, агенты ФСБ узарвалі ў Катары. Пасля абмену Пуцін сустракаў іх асабіста.

Цяпер падобнаю мішэнню можа стаць абраны ўкраінцамі прэзідэнт.

«Гіпатэтычнае забойства Уладзіміра Зяленскага нічога не зменіць. Бо супраць Расеі ваююць мільёны грамадзянаў Украіны», – падкрэслівае дырэктар Інстытуту сусветнай палітыкі (Кіеў) Яўген Магда.

Глабальнае пытанне
Трагедыя, якая зламала сусветны парадак і дапамагла Лукашэнку
2022.09.12 12:17

У Злучаных Штатах на выпадак смерці прэзідэнта прадугледжаныя раней абраныя выканальнікі абавязкаў.

«Калі прэзідэнта няма, і ён не можа выконваць свае абавязкі, калі няма намесніка, які можа выконваць ягоныя абавязкі, тады выбіраецца часовы прэзідэнт Сенату з прадстаўнікоў Сенату, а калі і з гэтым чалавекам нешта здараецца, тады спікер Палаты прадстаўнікоў», – тлумачыць Паліна Прысмакова, якая спецыялізуецца на адміністратыўных сістэмах.

А што ў самой Расеі? Як бы паўплывала раптоўная смерць Уладзіміра Пуціна на хаду вайны?

Вось што кажуць жыхары і госці Кіева пра магчымы паспяховы замах на Пуціна:

«Хацелася б, каб яго ўжо не было».

«Будзе вельмі пазітыўна, бо прыпыніцца вайна, як мінімум. А можа, і канфлікт цалкам нівелюецца».

«Гэта можа быць не забойства, але адхіленне ад пасады з далейшым судом».

«У Расеі вельмі шмат людзей, настаўленых гэтаксама, як і Пуцін».

«Там іх усіх трэба перабіць, усю вярхушку. Каб яны ўсе зніклі ці здохлі. А замах на аднаго Пуціна нічога не зменіць. Бо Пуцін – гэта ўвасабленне сённяшняй Расеі».

Пуцін не бессмяротны, і нават калі ён памрэ з натуральных прычынаў, вакол цела адразу пачнуць раіцца канспіролагі з версіямі таямнічага забойства. Кіраўнік Крамля можа яшчэ і святым пакутнікам стаць.

«Наконт прававога боку, то сумнеўна, што забойства дыктатара абгрунтаванае. Наўрад ці ААН пашле місію для ліквідацыі дыктатара Лукашэнкі ці дыктатара Пуціна. Але, калі вядуцца актыўныя баявыя дзеянні, то бакі могуць ужываць усё, за выключэннем пэўных відаў узбраення», – мяркуе старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

«Калі замест Пуціна будзе Мядзведзеў, ці Матвіенка, ці Патрушаў, Мішусцін, Нарышкін, Шайгу, ці Герасімаў і Прыгожын – гэта не мае значэння. Яны ўсе настаўленыя на знішчэнне Украіны і барацьбу за сусветнае дамінаванне Расеі», – кажа Яўген Магда.

А калі раптоўна памрэ Лукашэнка? Таксама чалавек немалады.

Вось што кажуць жыхары і госці Кіева пра фізічнае знішчэнне Лукашэнкі:

«Быў бы яшчэ адзін дзень радасны для Украіны. Лукашэнка здох».

«Магчыма, калі б Лукашэнка прыбралі, дыктатура ўлады ў Беларусі – было б лягчэй прыбраць яе».

«Мусіць быць адхілены ад пасады, але якім чынам, гэта вырашаць беларусам».

«Лукашэнка гэта пешка. Правая рука Пуціна».

«Ён толькі пешка».

Як тлумачыць эксперт, Аляксандр Лукашэнка сам аслабіў свае пазіцыі, калі перастаў гуляць у шматвектарнасць і падтрымаў вайну.

«Я б не выключаў, што Расея пад тою ці іншаю нагодаю правядзе датэрміновыя прэзідэнцкія выбары, каб замяніць Лукашэнку на менш адыёзнага палітыка і такім чынам паставіць пад сумнеў легітымнасць Святланы Ціханоўскай як удзельніцы выбараў 2020-га года», – «магдуе» дырэктар Інстытуту сусветнай палітыкі.

Каб падстрахавацца па-свойму, яшчэ летась Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт, што ў выпадку ягонай гвалтоўнай смерці ўлада мусіць перайсці да Савету Бяспекі на чале з прэмʼер-міністрам. А ў Беларусі тады можна ўвесці надзвычайнае або ваеннае становішча.

«Забойства Лукашэнкі сёння ці заўтра можа павярнуць у вельмі нечаканым кірунку Беларусь. Гэта можа прывесці да ўсталявання вайсковай хунты са складу цяперашніх прарасейскіх генералаў. Яно можа дапамагчы ці дазволіць развязаць рукі Расеі і паставіць свайго стаўленіка, яшчэ больш жорсткага, які патопіць у крыві ўсіх. А можа і наадварот, адкрыць вакно магчымасцяў для нас», – пералічвае варыянты Франак Вячорка.

Гэта не значыць, што ў Абʼяднаным пераходным кабінеце рыхтуюць асасінаў – іх там няма.

«Ці плануем мы ліквідацыю – хутчэй не. Ці гатовыя мы да такога сцэнару – так. Што Лукашэнка або сам страціць жыццё, або хтосьці яго ліквідуе. Можа ягонае атачэнне, можа, чальцы ягонай сямʼі. Можа быць Расея», – нагадвае старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай.

Сам Лукашэнка публічна выказваў трывогу падзяліць лёс лівійскага дыктатара Муамара Кадафі.

«Лукашэнка гэта ваенны злачынца, такі ж, як Пуцін. Ён прадставіў тэрыторыю Беларусі для ракетных і авіяўдараў па тэрыторыі Украіны. З тэрыторыі Беларусі ўваходзіла армія ўварвання ў Жытомірскую, Кіеўскую і Чарнігаўскую вобласці. Таму па ўсіх паняццях гэта ваенны злачынца, які мусіць сядзець за кратамі разам з Пуціным. А лепш быць разарваным узнесеным беларускім народам. Я б хацеў пабачыць яго на месцы Кадафі», – заявіў «Белсату» дарадца міністра ўнутраных справаў Украіны Антон Герашчанка.

Лепш трыбунал на базе Міжнароднага крымінальнага суда, падкрэслівае Франак Вячорка:

«Калі Лукашэнка, як Чаўшэску, губляе жыццё падчас пераменаў ці адразу пасля пераменаў, то мы пазбаўляемся магчымасці даведацца праўду, даведацца імёны, хто яшчэ яму дапамагаў, і суд не будзе мець магчымасці пакараць яго».

Гэта ўжо было ў гісторыі з іншым сябрам Лукашэнкі – іракскім дыктатарам Садамам Хусэйнам. Бязмежная ўлада, залатыя ўнітазы і садызм супраць апазіцыянераў у выніку скончыліся ўцёкамі, хованкамі, судом і пятлёй на шыі.

«Белсат» выступае выключна за прававыя метады вырашэння праблемаў – там, дзе гэта магчыма. І ў «Глабальным пытанні» мы адмыслова нагадваем людзям у пагонах, чаму не варта выконваць злачынных загадаў. Бо заўтра перад законам могуць паўстаць сённяшнія «каралі жыцця».