Калі вы эвакуяваліся без рэчаў – вам сюды!


У Варшаве ёсць чароўнае месца, куды трапляе кожны беларус, які быў вымушаны эвакуявацца. Некаторыя называюць яго склад «Partyzanka». Некаторыя – «FreeShop». Неабыякавыя палякі і беларусы з усяе Польшчы прывозяць туды адзенне і вопратку, ежу, тэхніку для рэпрэсаваных і пацярпелых. А з нядаўняга часу да гуманітарных пасылак далучыліся і дыяспары з іншых краінаў Еўразвязу. Урэшце валанцёры стварылі Фонд падтрымання для ўцекачоў пад знакавай назвай «Жыві».

Мы паразмаўлялі з каардынатаркай складу «Partyzanka» Аленай.

FreeShop у Варшаве.
Фота: «Беларус беларусу»

«Асабіста я ніколі ў жыцці не думала, што буду займацца валанцёрскай дзейнасцю. Я сябе нават не асацыявала з гэтым. Я проста не ведала, як я магу дапамагчы, куды я магу прыйсці дапамагаць. Пасля жнівеньскіх падзеяў [жнівень 2020 года ў Беларусі], асабліва падчас іх, ты трапляеш у стан «я хачу нешта зрабіць». Але ты не можаш нічым дапамагчы. І ў цябе вось гэты стан такой бездапаможнасці.

У нас былі такія сітуацыі, што чалавек прыходзіў у адных шортах, шлёпках і майцы… З сабой у маленькай сумачцы дакументы – і больш нічога.

Беларус беларусу
Беларусы аб’ядналіся супраць агрэсіі Пуціна
2022.03.18 18:50

Часцяком яшчэ прыходзяць: «Не, мне адна маечка…» Я кажу: «А ў вас колькі маек?» «Ну, вось на мне». «І што? Вам хопіць дзвюх маек? А іх мыць як бы…» «Ну так. Буду кожны дзень мыць». «Навошта? Вазьміце лепш некалькі».

Часам нам з іншых краінаў прывозяць брэндавыя рэчы. І людзі стаяць так вось: «Праўда? Можна?» І ты стаіш: «Так. Можна. Хлопцы, гэта для вас». Вы прыйшлі, вам трэба – бярыце.

Рэпартаж
«Бачыш хаос – разбяры». Як працуе Free Shop беларускай ініцыятывы ў Варшаве
2022.03.17 13:07

Уласны бюджэт насамрэч у нас вычарпаны. І цяпер жывеш на такой голай ініцыятыве. Бо кінуць нельга.

Ты ўзялася за гэтую справу. І раз ужо ўзялася, дык няма чаго плакаць. І ты бачыш, што гэта сапраўды патрэбна. І калі б не гэта, я б ужо закінула ўсё», – апавядае Алена.

Але разам з пачаткам вайны валанцёрскі ўдзел неймаверна ўзмацніўся. Склад працуе практычна 24/7. Практычна штотыдзень праз «FreeShop» праходзіць каля 35 тонаў гуманітарнай дапамогі для ўцекачоў, а таксама штодня валанцёры дапамагаюць прыкладна 200 асобам – і гэта толькі тым, хто прыходзіць у ініцыятыву, а колькі яшчэ развозяць…

Фота: «Беларус беларусу»

ПРА МАРЫ

«Тут у нас прыемная падзея здарылася, да якой мы, у прынцыпе, доўга ішлі. Мы зарэгістраваліся як фундацыя. І ў нас з’явіцца нумар рахунку, куды можна будзе даслаць якія-небудзь грошы з пазнакай «На дапамогу «FreeShop».

Мы стварылі фонд. Ён называецца «Жыві».

І ў гэтага фонду будзе некалькі задачаў, не толькі «FreeShop». Гэта псіхалагічная дапамога для рэпрэсаваных», – цешыцца Алена.

Калі хтосьці хоча дапамагчы фонду, то вось рэквізіты рахунку фонду «Żyvi»:

  • REGON 520834168
  • NIP 5242931130
  • Нумар рахунку: 45 1140 2004 0000 3802 8205 7895
  • http://paypal.me/FreeShopByZyvi
  • У апісанні можна пазначыць, на што менавіта вы пералічваеце сродкі (рэчы / медыкаменты / паліва / дапамога валанцёрам).

А калі нехта мае патрэбу ў дапамозе, то смела могуць звяртацца па яе праз сацыяльныя сеткі:

З вамі праект «Беларус – беларусу». Мы працягваем дапамагаць вам – беларусам. Але цяпер нашыя думкі і сэрцы скіраваныя і ў бок Украіны, дзе ідзе вайна.

І няхай увесь свет ведае, што Беларусь – гэта мы, людзі. А не ён, дыктатар. І нашыя сэрцы разам з Украінай.

Калі вы хочаце падтрымаць нашых герояў і валанцёраў (гэта можна зрабіць публічна ці ананімна з любога пункту свету) – лістуйце да нас: belarus2belarus@gmail.com.

I памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога!

Далучайцеся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу а 18:50 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.