«Знойдзеш сваё дзіця кавалкамі». Актывістка пра пагрозы сілавікоў


«Знойдзеш сваё дзіця кавалкамі». Актывістка пра пагрозы сілавікоў Юлія Сліўко – стваральніца стачкаму на «Горадняпрамбудзе». Яе збівалі на мітынгах, пагражалі пісталетам. Каб сына не забралі ў прытулак, яна вымушаная была з’ехаць за мяжу. Цяпер у Беларусі катуюць ейнага брата, а ад яе патрабуюць вярнуцца і «пакаяцца».

Сёння Юлію Сліўко рэжым Лукашэнкі абвінавачвае адразу ў некалькіх крымінальных справах. Сярод іх «дзяржаўная здрада», «абраза» прадстаўніка ўлады, «тэрарызм». Усё праз ейную актыўную грамадзянскую пазіцыю пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Падчас аднаго з мітынгаў амапавец моцна ўдар яе ў сонечнае спляценне і зламаў чатыры рабрыны. Але найбольш жудасная гісторыя, якую Юлія штоноч згадвае да сёння, гэта тая, дзе амапавец пагражаў ёй зброяй.

«Гэта быў той самы мітынг, дзе мяне збілі. І атрымалася так, што мужчыны ўсе разбегліся. Засталіся жанчыны. І нас было, мабыць, жанчын дваццаць тады. І застаўся адзін амапавец. Ён настолькі перапужаўся, што проста дастаў зброю… Я стаяла адна, жанчыны неяк разбегліся – і ён насупраць мяне са зброяй. У яго рукі трасуцца ў самога. Ён гатовы выстраліць. Я бачу, што пальцы трымае на курку… І ў мяне было толькі адно жаданне – патэлефанаваць сыну і сказаць: прабач, я не стрымала слова. Тады я проста развіталася з жыццём», – згадвае Юлія.

Ёй самой пагражалі арыштам, а сына гразіліся накіраваць у прытулак, ці нават горш: «Знойдзеш сваё дзіця кавалкамі на найбліжэйшай будоўлі».

Пасля пераезду ў Варшаву Юлія Сліўко працягвае актыўную дзейнасць. На валанцёрскіх пачатках яна арганізавала ініцыятыву «Віншаванне для палітвязня», якой цяпер патрэбны SMM.

Сёння Юліі Сліўко і ейнаму сыну Паўлу патрэбная дапамога на вырашэнне кватэрнага пытання, з якім яна сутыкнулася, а таксама афіцыйнае працаўладкаванне. Юлія Сліўко шмат дапамагае іншым, але сёння дапамога неабходная ёй, таму яна звяртаецца да гледачоў праграмы «Беларус беларусу».

Калі сярод вас ёсць тыя, хто хацеў бы падзяліцца сваімі гісторыямі альбо падтрымаць нашых герояў (гэта можна зрабіць як публічна, так і ананімна) – лістуйце нам: belarus2belarus@gmail.com

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрыманне і перамога.

Далучайцеся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.