5 прычынаў, чаму Расея не зможа паглынуць Беларусь


У сваёй хаце й вуглы памагаюць – так раней казалі людзі, калі свет быў маленькім і можна было ўсё жыццё правесці, не выязджаючы з роднай вёскі. А цяпер свет стаў глабальным, беларусы рассяляюцца па ўсёй планеце, а на радзіме сустракаюць гасцей з далёкіх і экзатычных краінаў – і не заўжды гэта турысты. Сёння мы пагаворым пра бяздомныя народы і пра тое, як нам самім не страціць свайго дому.

У 2021-м годзе беларусы нечакана пабачылі на вуліцах сваіх гарадоў гасцей, якіх яны не тое каб запрашалі. Тысячы замежнікаў, выхадцаў з Блізкага Усходу, заплацілі беларускім дзяржаўным турыстычным фірмам тысячы долараў кожны, каб потым штурмаваць межы Літвы, Латвіі ды Польшчы. Большасць з іх – курды.

«Я мяркую, што гэта была своеасаблівая інфармацыйная аперацыя адносна курдаў, і з боку турэцкага ўраду, і з боку беларускага ўраду. Ім паабяцалі некія гарантыі, што яны зойдуць у Еўразвяз. І аказаўшыся там, яны зразумелі, што іх проста падманулі», – кажа ўкраінскі ваенны карэспандэнт Аляксандр Сібірцаў.

Бо для сілавікоў і чыноўнікаў, верных Аляксандру Лукашэнку, кожны курд – гэта крыніца валюты ў кішэню і спосаб ціснуць на Еўразвяз, каб там адмянілі санкцыі. А для прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Эрдагана чым менш курдаў пад бокам – тым лепш.

Але што мы ведаем пра гэты 40-мільённы народ?

«Курды – народ падзелены. У чатырох дзяржавах жывуць, і толькі ў адной маюць нейкую аўтаномію, дзе яны самі гаспадары, і могуць развіваць легальна і на дзяржаўнай аснове свае нацыянальна-культурныя пастулаты», – распавядае беларускі гісторык Аляксандр Пашкевіч.

Курдская мова не арабская, а з іранскай моўнай групы. Агульная рыса курдаў і беларусаў – даволі спакойнае суіснаванне розных рэлігіяў і канфесіяў.

«Сярод іх сустракаюцца шыіты, суніты, алавіты, і нават хрысціяне, як ні дзіўна. Але ўсе курды адчуваюць сябе адной нацыяй», – распавядае Аляксандр Сібірцаў, які не раз ездзіў асвятляць баявыя дзеянні ў Курдыстане. Ён нагадвае, што курды іначай ставяцца да жанчын, чым арабы. На ўвесь свет праславілася іхная жаночая частка атрадаў самаабароны «Пешмэрга». Тэрарысты з так званай Ісламскай дзяржавы, натуральна, баяліся ваяваць супраць курдак.

І ўвесь курдскі народ вельмі востра рэагуе на спробы паставіць пад сумнеў іхную дзяржаўнасць.

«Ці можна курдаў назваць бяздомным народам, народам без уласнай дзяржавы? Сапраўды можна, гэта асобная нацыя са сваёй мовай, вельмі моцнай нацыянальнай ідэнтычнасцю, прынамсі, на гэты момант. І сапраўды, яны не маюць уласнай дзяржавы. Гэта было вызначана гісторыяй, у большай ступені тым, як распадалася Асманская імперыя», – тлумачыць дырэктар інстытуту «Палітычная Сфера» Андрэй Казакевіч.

Тады, пасля Першай сусветнай вайны, курды былі занадта слабой сілай у рэгіёне, нагадвае доктар палітычных навук.

У выніку сёння Курдыстан – гэта не краіна, а мясцовасць, дзе спакон вякоў большасць жыхароў – курды. Перадусім гэта рэгіёны ў Турцыі, Іране, Іраку і Сірыі. Самае блізкае да дзяржавы фармаванне – Іракскі Курдыстан, аўтаномны раён у складзе Іраку, які мае свой аўтаномны ўрад і парламент, а курдская мова там афіцыйна роўная арабскай. Найбуйнейшы горад Іракскага Курдыстану – Арбіль. Менавіта з Арбілю да нас масава выляталі мігранты, і туды яны вяртаюцца эвакуацыйнымі рэйсамі, не прарваўшы польскую і літоўскую мяжу.

«Мы захраслі на мяжы на некалькі дзён. Беларускія памежнікі забралі нашыя мабільныя тэлефоны і грошы, яны запужвалі нас, страляючы ў паветра, і спускалі на нас сабакаў», – распавядаў у Арбілі Гарун Тахшын, курд, які вярнуўся дадому.

Прычым у Менскі аэрапорт на рэйс дадому не ўсе едуць добраахвотна.

«Мы былі ў гатэлі. Беларуская паліцыя прывезла нас сюды сілай. Мы казалі ім, што не хочам вяртацца, але яны прывезлі нас сілай», – распавядала журналістам у Менску курдская грамадзянка Іраку Ўафа.

Эвакуацыяй курдаў у Менску займаліся прадстаўнікі афіцыйнага Багдаду – арабскай сталіцы агульнага Іраку.

«Грамадзяне Іраку не былі дастаўленыя сілай на самалёт ні беларускімі, ні іракскімі ўладамі. Вяртанне было добраахвотным. Беларускія ўлады не ўжывалі сілы», – запэўніваў Маджыд аль-Кіляні, консул Іраку ў Расеі.

Але чаму курдскія мігранты так хочуць трапіць у Еўразвяз? Толькі сёлета Курдыстан пакінулі амаль 30 тысячаў чалавек. Адныя прызнаюцца, што шукаюць лепшага жыцця: Курдыстан – гэта даволі бедны рэгіён, нават аўтаномія ў Іраку, дзе шмат нафты. Ёсць тыя, хто ўцякае ад палітычных рэпрэсіяў у Іракскім Курдыстане – за крытыку клану Барзані, якія даўно і надзейна трымаюць усю ўладу аўтаноміі. І, канечне, курды ўвесь час ваююць – супраць то радыкальных ісламістаў, то турэцкага войска. Іракскі дыктатар Садам Хусэйн нават ужываў супраць іх хімічную зброю.

«Курдыстан гэта па вялікім рахунку нацыя ваяроў. Яны ўжо больш за 500 гадоў вядуць вайну з усім навакольным светам. Галоўная мэта – стварыць іх монанацыянальную дзяржаву Курдыстан, у іх адна мова. І гэтую мову разумеюць на вялізнай тэрыторыі», – распавядае Аляксандр Сібірцаў.

Белсатаўцы таксама былі на адной з гэтых войнаў, абʼездзілі ўсю Курдскую аўтаномію ў Іраку і былі на лініі фронту.

«Горад Дахук, што ў Іракскім Курдыстане, гэта апошні блокпост на мяжы з «Ісламскай дзяржавай». Усяго 3 км ад нас пачынаецца варожая тэрыторыя», – паказваў Сяргей Марчык, дакументаліст, ваенны карэспандэнт «Белсату» у сваім дакументальным фільме «Курдскі дзённік. Пакаленне вайны».

Сяргей Марчык і Конрад Загурскі знялі некалькі дакументальных фільмаў у сірыйскай, турэцкай ды іракскай частках Курдыстану.

«Вось гэтая дзіра ў зямлі, гэта нішто іншае, як пункт, з якога вёўся абстрэл пазіцыяў іракскага і курдыйскага войска», – паказваў адбітыя ў ісламістаў пазіцыі Сяргей Марчык.

«Ісламская дзяржава гэта не штосьці новае для нашага рэгіёну. Мы зазнавалі этнічныя чысткі ды генацыд у гэтай частцы свету цягам больш як 100 гадоў», – распавёў аўтарам фільму Ано Жахват Абдока, курдскі палітык з партыі КДП.

У курдаў няма сваёй дзяржавы, але ёсць сваё тэлебачанне – «Курдсат» – і дзясятак іншых спадарожнікавых каналаў на курдскай мове.

Курды – унікальны, своеасаблівы народ, але не толькі ім выпала жыць без уласнай дзяржавы. Ёсць народы і этнасы ў складзе імперыяў, якія не ў сілах змагацца за незалежнасць – і яны паступова самі сыходзяць у нябыт ці іх мэтанакіравана знішчаюць. Ёсць людзі, рассеяныя па ўсім свеце, – і яны паўсюль застаюцца сабою. І ёсць прыклад народу, які практычна вярнуўся з таго свету.

Габрэі не мелі сваёй дзяржавы да сярэдзіны 20-га стагоддзя. Але пасля Халакосту, спробы татальнага знішчэння еўрапейскіх габрэяў, збудавалі на Блізкім Усходзе Ізраіль. Старажытная мова іўрыт, якая лічылася мёртвай і кніжнай, таксама была адноўленая – і сённяшнія ізраільцяне размаўляюць на іўрыце так, як не кожны беларус гаворыць па-беларуску.

«Што варта браць за прыклад – гэта захаванне і ўзмацненне нацыянальнай ідэнтычнасці. У гэтых адносінах у габрэяў вельмі вялікі досвед, і вялікія дасягненні. І па захаванню, і па аднаўленню ідэнтычнасці, культурнай спадчыны, мовы. Ну і ў значнай ступені ва ўсіх іншых народаў, якія не маюць дзяржаўнасці, менавіта гэтаму Беларусі можна вучыцца», – перакананы Андрэй Казакевіч.

У Еўропе самыя вядомыя народы без дзяржавы – гэта баскі на стыку Францыі ды Іспаніі, а таксама каталонцы – яны спрабуюць аддзяліцца, бо лічаць, што эканамічна страчваюць у іспанскай дзяржаве.

А вось народы ў складзе Расейскай Федэрацыі жывуць зусім па-рознаму. Ёсць Чачня ці Дагестан, якія атрымліваюць з Масквы дзяржаўныя датацыі, і насельніцтва там расце, і мова гучыць родная…

А ёсць фіна-угорскія народы, ад якіх хутка застанецца толькі памяць.

«Меры, карэлы, водзь, комі, шмат хто з іх перайшоў ужо на расейскую мову. Праз некалькі пакаленняў гэтыя мовы могуць перастаць існаваць. Некаторыя ўжо фактычна зніклі, як іжорская ці вепская», – пералічвае Андрэй Казакевіч.

У дзяржавах імперскага тыпу нацыянальныя меншасці часта сустракаюць дыскрымінацыю ажно да знішчэння.

У «Глабальным пытанні» у кастрычніку мы распавядалі, як кітайцы будуюць працоўныя канцлагеры для перавыхавання мусульманскага насельніцтва Сіньцзян-Уйгурскага аўтаномнага раёну.

«Рэпрэсіі, вядома, адносна ўйгурскіх актывістаў ёсць. Але ёсць і апраўданні з боку кіраўніцтва кітайскага, што гэта звязана з ісламскім экстрэмізмам», – тлумачыў эксперт у нееўрапейскіх цывілізацыях Яўген Красулін, які сам наведваў гэтыя мясціны ў Кітаі.

«І для Тыбету ці ўйгураў, гэтая моц іх жадання аддзяліцца будуецца і на тым, што гэтыя рэгіёны маргіналізаваныя і яны адчуваюць дыскрымінацыю па этнічнай, расавай прыкмеце ў Кітаі», – тлумачыць Андрэй Казакевіч.

Беларусы ўжо былі народам без дзяржавы ў складзе Расейскай Імперыі. Пасля Першай сусветнай вайны, калі ў Еўропе адна за адной зʼяўляліся нацыянальныя дзяржавы, у Менску 25-га сакавіка 1918-га года была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, першай нацыянальнай дзяржавы беларусаў.

Аднак наш народ у той час быў слабым у рэгіёне, тлумачаць гісторыкі. Таму БНР доўга не праіснавала.

«Але гэта была ідэя, якая сілкавала беларускі рух, беларускіх патрыётаў, дзяржаўнікаў амаль усё ХХ стагоддзе. І ў рэшце рэшт Рэспубліка Беларусь, якая існуе сёння, гэта таксама і спадкаемца і БССР, і Беларускай народнай рэспублікі», – нагадвае беларускі гісторык Аляксандр Пашкевіч.

Цяпер мы маем сваю нацыянальную дзяржаву. І гэта наўрад ці было б магчыма без падмурку БНР. Гэта прызнаюць нават айчынныя аматары савецкіх рэспублік. Не абвесцілі б беларусы 103 гады таму сваю дзяржаву – ніхто ў Маскве і не падумаў бы ствараць для беларусаў БССР.

«Ёсць беларуская нацыя, якая складае большасць насельніцтва – паводле самаадчування, паводле перапісных звестак складае большасць у РБ», – тлумачыць гісторык.

Але ці зможам мы яе захаваць? Ці не пагражае нам лёс курдаў, калі інтэграцыйныя працэсы між Беларуссю і Расеяй перарастуць у паглынанне нашай дзяржавы ці проста анексію, як гэта адбылося з Крымам?

«Звычайна такім ініцыятывам супраціўляецца палітычная эліта. Звычайна гэтага не хочуць людзі, якія жывуць у гэтай краіне. Усё ж такі мець сваю дзяржаву лепш, чым не мець. Гэта можа выклікаць вельмі негатыўную рэакцыю знешнюю», – кажа Андрэй Казакевіч.

«Мы ўжо прайшлі той перыяд, калі гэта рэальна пагражала. Мы бачылі па падзеях мінулага года, што людзі адчуваюць сябе беларусамі, і не было ніякіх прарасейскіх чыннікаў, прарасейскіх фактараў, якія праявіліся падчас мінулагодняга грамадскага руху», – перакананы Аляксандр Пашкевіч.

Беларусь – сапраўдная нацыянальная дзяржава. Так, ёсць праблемы з ужываннем роднай мовы – і яны абвастрыліся пад рэпрэсіямі апошніх двух гадоў. У нас ёсць эканамічная залежнасць ад усходняга суседа – бо ўся гэтая сістэма дыктатуры збудаваная пад інтэграцыю з Расеяй. Але будучыня Беларусі залежыць перадусім ад нас саміх, ад нашых учынкаў, нашага нацыянальнага гонару і годнасці – нават у глабальным свеце.

Калаж з фота: Jawdat Ahmed / Zuma Press / Forum; Vasily Fedosenko / Reuters / Forum