Чаму Лукашэнка аўральна мабілізуе войска


Асноўныя тэмы праграмы «ПраСвет»:

Да чаго вядуць правяранні боегатовасці ў Беларусі?

Лукашэнка выклікаў тысячы рэзервістаў на заходнія межы. Зборы адбываюцца ў рэжыме надзвычайнай аўральнасці. Жаўнераў з рэзерву выклікалі з дапамогаю SMS-паведамленняў. Гэтак будзе і ў выпадку вайны. Месцы дыслакацыі афіцыйна засакрэчаныя, але праект «Беларускі Гаюн» раскрыў некаторыя месцы. Прапаганда трубіць пра магчымыя правакацыі, выдуманую Беларускую вызвольную армію ў Літве, палкі экстрэмістаў у Польшчы. У той жа час заходнія крыніцы паказваюць дакладнае месца, дзе ў Беларусі можа захоўвацца ядравая зброя. Нават са здымкамі. У выпадку яе выкарыстання – куды прыляціць удар у адказ? Падрабязнасці – у рэпартажы Юліі Лабанавай.

Чаму канадзец далучыўся да беларускіх добраахвотнікаў. Інтэрв’ю, другая частка

Беларусь – ключавы элемент, што дае магчымасць Уладзіміру Пуціну пагражаць Еўропе, мяркуе Дэйвід Сміт, былы канадскі пяхотны афіцэр, які стаўся добраахвотнікам палка Каліноўскага. «Варта нагадваць беларусам, што Пуцін мае магчымасць пагражаць свабоднаму свету толькі таму, што ён пачуваецца ў іхнай краіне, як у сябе ўдома», – дадае Сміт.

Першая частка інтэрв’ю:

ВІДЭА
Чаму ў палку Каліноўскага ваюе былы канадскі афіцэр?
2024.03.20 09:00

Ці будзе прарыў на фронце?

Украінцам удалося выраўняць фронт, але ваенная сітуацыя для іх некарысная, асцерагаюцца заходнія эксперты. Паводле амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны, Расея ўжо рыхтуецца да маштабнага наступу, які можа пачацца яшчэ да лета. Украінскія вайскоўцы дапускаюць, што Расея паспрабуе захапіць цалкам Данецкую, Луганскую, Херсонскую і Запарожскую вобласці. Ці рыхтуецца Украіна да абароны? І ці будуць прарывы ў расейцаў, акрамя Аўдзееўкі? Матэрыял Вольгі Міцкевіч.

Пуцін легітымны, а Лукашэнка – не?

«Хамас», Паўночная Карэя, рэжым Лукашэнкі – з такім падтрыманнем Пуцін ідзе на пяты тэрмін. Асобныя еўрапейскія дзяржавы гэтак званых выбараў у Расеі ўжо не прызналі. У ЗША, напрыклад, выказаліся больш лаканічна, заявіўшы, што працягнуць працаваць з Расеяй, зыходзячы з таго, што прэзідэнтам застаецца Пуцін. Ягонай легітымнасці, здаецца, пад сумнеў не ставяць. У гэты час у Менску абураецца Лукашэнка. Ён якраз нелегітымны, а неўзабаве чарговая прэзідэнцкая кампанія. Ці бачыць Захад адрозненне паміж двума рэжымамі і што гэта можа азначаць для абодвух? Надзея Бельская разбіралася ў тэме.

Францыя ўсё бліжэйшая да адпраўлення войска ва Украіну

Эманюэль Макрон выклікаў рэзананс сваймі заявамі пра магчымасць адправіць войска ва Украіну. Адныя параўноўваюць прэзідэнта Францыі з Напалеонам, іншыя кажуць, што, каб быць хвацкім хлопцам, Макрону спачатку трэба перайсці ад словаў да справы. Дык мо Макрон і насамрэч гатовы пайсці далей за словы? Навошта гэта Францыі? І як гэта магла б выкарыстаць Украіна?

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою глядзіце шточацвер а 21:30. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілю на Facebook! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.

belsat.eu