Вольныя купалаўцы здзейснілі мару 87-гадовай пенсіянеркі, асуджанай за нацыянальны сцяг


Надоечы мы расказалі гісторыю 87-гадовай спадарыні Елізаветы, якая цудам выжыла ў вайну, але яе судзілі за бела-чырвона-белы сцяг у сучаснай Беларусі.

Пасля выбараў яе моцна абразіла, што галасы беларусаў скралі на выбарах, і яна не змагла маўчаць. Выйшла на вуліцу на знак пратэсту! А пасля гібелі Рамана Бандарэнкі – зладзіла адзіночны пікет з ягоным партрэтам. Асабліва ўразіў Елізавету ўчынак Паўла Латушкі і вольных купалаўцаў, якія паўсталі супраць падману і гвалту. Яна марыла паціснуць ім руку. Пагатоў, з маладосці спадарыня Елізавета была не толькі прафесійнай спартоўкаю, але і апантанаю тэатралкай.

Вольныя купалаўцы віншуюць спадарыню Елізавету.
Фота: Белсат

А вольныя купалаўцы адгукнуліся – і завіталі ў госці да спадарыні Елізаветы, зрабілі ёй падарункі, праспявалі песні. Падтрымалі шаноўную беларуску, цудам ацалелую ў Другую сусветную вайну, але асуджаную ў сучаснай Беларусі за бела-чырвона-белы сцяг.

Вольныя купалаўцы і спадарыня Елізавета.
Фота: Белсат

«Купалаўцы – гэта сімвал Незалежнасці! Я неверагодна расчуленая! Не чакала, што паўтэатру завітае да мяне ў госці», – усцешана дзеліцца гераіня.

Ствараючы разам маленькія цуды адно для аднаго, мы здзяйсняем вялікі супольны цуд для нашай краіны! Дзякуй вольным купалаўцам і нашым неабыякавым гледачам, што ажыццявілі мару спадарыні Елізаветы.

Калі сярод вас ёсць тыя, хто хацеў бы падзяліцца ўласнымі гісторыямі або падтрымаць нашых герояў (гэта можна зрабіць як публічна, так і ананімна), – звярніцеся да нас: belarus2belarus@gmail.com.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрыманне і перамога.