Адзіная сіла, што можа паўстрымаць Лукашэнку ад вайны. «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою


Хто гарантуе, што Аляксандр Лукашэнка не кіне беларускае войска супраць украінцаў? Якія сілы і асобы выходзяць з ценю на першы план у Крамлі, а таксама як Пуцін траціць сяброў за мяжою? Усё гэта – у апошнім выданні «ПраСвету»

Нечаканы ход Лукашэнкі. Што ён прапанаваў ЗША?

Што адбываецца ў Беларусі? Падобна, на гэтае пытанне не здольны цяпер адказаць нават Лукашэнка, калі б яго запыталі. У Беларусь прыязджаюць дадатковыя расейскія жаўнеры і вайсковая тэхніка, беларусаў жа цішком выклікаюць у ваенкаматы. У Еўропе рыхтуюцца бараніць уласныя межы ад нападу з Усходу і збіраюць дапамогу Украіне. Лукашэнка на фоне гэтай сітуацыі запрашае да сябе заходніх журналістаў і адкрыта дасылае проста ў Вашынгтон цікавыя сігналы. У сітуацыі спрабавала разабрацца Надзея Бельская.

Беларусы здзівілі чыноўніка Міністэрства абароны Латвіі

Хто адзіная сіла, якая можа стрымаць Лукашэнку ад непасрэднага ўступлення ў вайну супраць Украіны? Пра гэта ў інтэрв’ю Сяргея Пелясы з высокапастаўленым прадстаўніком Міністэрства абароны Латвіі, дзяржаўным сакратаром Янісам Гарысансам. Размову запісалі ў штаб-кватэры NATO ў Бруселі. Палітык згадвае, што яго здзівіла ў паводзінах беларусаў, а таксама латышскі чыноўнік распавядае, калі на тэрыторыю нашай балтыйскай суседкі можа прыбыць дадатковы міжнародны кантынгент саюзнікаў з Альянсу.

У Крамлі на стале два варыянты

Нямецкае выданне «Deutsche Welle» паведамляе, што нямецкі ўрад рыхтуе заяву аб змене сітуацыі ў Беларусі. Магчыма, на выпадак, калі Беларусь адкрыта ўступіць у вайну. Прыхаваная мабілізацыя ў Беларусі ўжо адбываецца. Пытанне: хто будзе даціскаць Лукашэнку – Пуцін ці ягоныя новыя ястрабы Кадыраў, Прыгожын і Суравікін? Ці стане Беларусь другой Ічкерыяй, або Менск зробіцца акупаваным Данецкам? І ці ёсць кім замяніць Пуціна і Лукашэнку? Разбіралася Вольга Міцкевіч.

Ці атрымаюць сваякі беларускіх добрахвотнікаў кампенсацыі пасля гібелі блізкіх?

Што беларускі абаронца Украіны зразумеў на вайне? Інтэрв’ю з Маркам, прадстаўніком палка Кастуся Каліноўскага, які ўдзельнічаў у сустрэчы дэлегацыі палка Кастуся Каліноўскага з дэпутатамі Вярхоўнай Рады Украіны.

У Пуціна ўсё менш сяброў

Расейскае кіраўніцтва хоча, каб украінцам было страшна і каб яны замерзлі, таму Пуцін атакуе ўкраінскія гарады, энергетычную інфраструктуру. Эфект быў бы значна меншы, калі б не іранская дапамога з беспілотнікамі. Расея чакае новых паставак ад Ірану. Вось толькі на фоне таго, што адбываецца, Масква губляе іншых партнёраў. Нядаўнія візіты Пуціна ў Астану паказалі, што партнёры і нават саюзнікі Пуціна даволі жорстка рэагуюць на ягоную агрэсію ва Украіне і не спяшаюцца прызнаваць анексаваных тэрыторыяў. Пра тое, хто гатовы дапамагчы Пуціну ў вайне, – у нашым сюжэце.

belsat.eu