Як беларусы аб’ядналі Усход і Захад


Уніяцкая царква, заснаваная на беларускіх землях у канцы XVI стагоддзя, – бясспрэчна, важны фактар рэлігійнага, культурніцкага і грамадска-палітычнага жыцця Беларусі цягам некалькіх стагоддзяў. У праграме «Intermarium» высвятляем ролю ўніяцкай царквы ў еўрапейскай цывілізацыі.

Сёння асноўны дыскурс вядзецца вакол ацэнак вынікаў яе дзейнасці: унія была інструментам апалячвання беларусаў ці, наадварот, спрыяла захаванню нашай нацыянальнай ідэнтычнасці, а таксама акрэсленню Беларусі ў хрысціянскім свеце?

«Калі б навуцы і грамадству Беларусі былі вядомыя ўмовы, на якіх заключалі Берасцейскую унію, то не было б і сумнення наконт таго, ці ёсць яна сродкам акаталічвання, паланізацыі ці нацыянальнага самаакрэслення… Паводле 33 берасцейскіх артыкулаў, на якіх заключалі унію, яны насілі этнаахоўны характар. Сярод іншага мова ішла пра тое, што цэрквы нашыя забаронена пераварочваць на касцёлы, забаранялася ўніятам пераходзіць на лацінскі абрад, мова захоўваецца царкоўнаславянская, а таксама пакідаліся святы і абрады. Унія была спосабам утрымаць рускую, праваслаўную шляхту, у рускім абрадзе», – тлумачыць даследчыца ўніяцкай царквы, прафесарка Святлана Марозава.

Беларускія, а таксама ўкраінскія землі ў гэты час былі тэрыторыяй памежжа паміж Заходняй і Усходняй цывілізацыямі, рэгіёнам, дзе сутыкаліся і суіснавалі розныя рэлігіі ды канфесіі. Але што унія давала магнатам, якія выступалі за яе стварэнне? Якія палітычныя дывідэнды мела тагачасная дзяржаўная эліта?

«Той жа князь Астрожскі моцна перажываў за царкву і рабіў гэта з шчырымі матывамі. Пераймаўся заняпадам богаслужэнняў, пераймаўся, што няма асветы, і заснаваў Астрожскую акадэмію. Мы прызвычаіліся мераць мінулае нашымі секулярнымі вачыма, але трэба дапусціць, што людзі маглі мець нармальную, чыстую, шляхетную матывацыю, што, безумоўна, магло перакрыжоўвацца з палітычнымі інтарэсамі. Менавіта Астрожскі пераканаў свайго сябра Іпація Пацея, каб той не жаніўся, адмовіўся ад палітычнай кар’еры ды пайшоў ратаваць царкву, і пазней Пацей стаў епіскапам уніяцкае царквы», – тлумачыць дырэктар Інстытуту гісторыі царквы Украінскага каталіцкага універсітэту ў Львове Алег Турый.

Пасля далучэння беларускіх земляў да Расейскай імперыі царскія ўлады ў межах палітыкі русіфікацыі гэтага рэгіёну Еўропы пачалі наступ на ўніяцкую царкву. Асабліва выразна ён праявіўся пасля паразы нацыянальна-вызвольнага паўстання 1831 года. Канчатковым вынікам пераследу сталася ліквідацыя ўніяцтва ў 1839 годзе.

«Украінская навука, грамадства не сумняваецца, што унія паспрыяла нацыянальнаму выспяванню ўкраінцаў, а вось у Беларусі яна была знішчаная ў 1839 годзе напярэдадні новага, вельмі важнага і адказнага этапу фармавання беларускае нацыі. Беларускіх уніятаў разабралі Расейская праваслаўная царква і каталіцкі касцёл, якія арыентаваліся і арыентавалі беларусаў адпаведна на расейскую і польскую культуры», – дадае даследніца Святлана Марозава.

З пачатку ХХ стагоддзя шмат якія дзеячы беларускага нацыянальнага руху звярталіся да ідэі адраджэння ўніяцкай царквы з мэтаю пераадолець канфесійны падзел беларусаў. У 1920-ых – пачатку 40-х гадоў у Заходняй Беларусі адбываецца рэнесанс уніяцтва, але пасля далучэння да СССР яно трапляе пад забарону. На сёння ў Беларусі налічваюць 16 грэка-каталіцкіх парафіяў.

Belsat.eu