Як медыкі за кратамі здзекуюцца з вязняў


Вольга Паўлава была каардынатаркаю Святланы Ціханоўскай у Менску ў 2020 годзе. Спазнала, што такое Акрэсціна, Валадарка, турма № 8 у Жодзіне. Навошта рэжыму Лукашэнкі карная медыцына і як медыкі здзекуюцца з вязняў? Новае выданне «Беларус беларусу».

Вольга Паўлава была актывісткаю «Краіны для жыцця», чатыры разы была пад арыштам, прайшла праз Акрэсціна і жодзінскую турму, дзе трапляла ў карцар. Пасля вызвалення дапамагала з перадачамі тым, з кім пазнаёмілася за кратамі. Але, як згадвае, калі такая форма дапамогі пачала трактавацца як пасобніцтва, вымушаная была з’ехаць з Беларусі, дзе ў яе застаўся шасцігадовы сын. З ім яна сустрэлася толькі праз год, калі перабралася з Літвы ў Польшчу і больш-менш асвоілася. Аднак пасля перажытага ў сына, які амаль два гады не бачыў маці, пачалі здарацца эпілептычныя прыпадкі. Цяпер Вольга праходзіць курсы ўэб-распрацоўвання сайтаў і шукае дыстанцыйную працу, каб магчы даглядаць сына. Медык з адукацыі, яна магла б адміністраваць сайты медычнага кірунку. Але і ад любой іншай не адмовіцца, пра што і просіць гледачоў праграмы «Беларус беларусу».

Артыкулы
«Ніколі б не падумала, што ў 33 гады, як партызан, буду бегаць па лясах». Вольга Паўлава – пра тое, як уцякла з-пад «хатняй хіміі»
2021.07.29 13:02

Вольга апавядае, як праходзіла выбарчая кампанія 2020 года, як намагалася даказаць Ярмошынай парушэнне правоў выбарнікаў. Як, трапіўшы за краты, сутыкнулася з найгоршым у сваім жыцці:

«Самым страшным для мяне ў турме былі спробы маральнага знішчэння, бо я размаўляла на беларускай мове. У мяне ўвогуле ніколі не было клаўстрафобія, і я ніколі такога не баялася, пакуль не апынулася ў ЦВП на Акрэсціна, дзе нас было 36 жанчын у камеры на чатырох чалавек».

Як медык Вольга Паўлава намагалася дапамагаць у турме іншым зняволеным і пабачыла, што ў турмах выбудаваная сапраўдная карная медыцына, скіраваная на знявечанне вязняў.

«Прапусціўшы праз сябе пекла беларускай турмы, медычнае катаванне, атрымаўшы новыя хваробы і цэлыя два гады не бачыўшы маленькага сына, Вольга захавала моц і трываласць. Яна не просіць дапамогі, яна хоча спрыяння ў тым, каб знайсці працу», – адзначае Валярына Кустава, вядоўца праграмы «Беларус беларусу».

Беларус беларусу
Беларусы кінулі выклік малочцы Лукашэнкі
2023.05.05 17:20

Таксама ў выданні – падзяка ад фермеркі Юліі, якая перавезла сваю ферму з Беларусі пад Кракаў і цяпер вырабляе сыры (Instagram / krapacheese).

Калі вы хочаце падтрымаць нашых герояў, лістуйце нам: belarus2belarus@gmail.com

Далучайся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.