Ці датычная дзяржава да тэрактаў і замахаў у Беларусі?


Хто стаіць за беларускімі тэрактамі, за замахам на Лукашэнку ў 1994-м, выбухамі ў Віцебску і Менску? Як надзвычайныя сітуацыі ўзмацнілі сілавы блок? Разбіраемся з праграме «Шчыра кажучы».

Першы замах на Аляксандра Лукашэнку нібыта адбыўся незадоўга да прэзідэнцкіх выбараў 1994 года. Аўтар біяграфіі Лукашэнкі ды былы працаўнік Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Фядута перад сваім затрыманнем (паводле версіі КДБ ён нібыта разам з паплечнікамі рыхтаваў замах на Лукашэнку і ягоную сям’ю) у інтэрв’ю «Шчыра кажучы» паспеў распавесці, што спачатку да гэтае справы сапраўды ставіліся сурʼёзна.

«Спачатку афіцыйная версія пра тое, што замах быў. Гэтую версію агучыў тагачасны старшыня следчага камітэту палкоўнік Юрый Захаранка. Потым, калі ён сышоў у апазіцыю, той жа Юрый Мікалаевіч сцвярджаў, што гэта была інсцэнізацыя», – узгадвае Аляксандр Фядута.

У 1997 годзе па краіне пракацілася хваля выбухаў у непублічных месцах: на газакампрэсарнай станцыі ў Крупках, у будынках суда Савецкага раёну Менску і суда Менскага раёну Заслаўля, а таксама ў пад’ездзе жылога дому на сталічнай вуліцы Авакяна. Ніхто не пацярпеў, а адказнасць за выбухі на сябе бралі дзве неідэнтыфікаваныя арганізацыі: «Беларуская вызвольная армія» і «Новы парадак».

Пасля гэтага Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 21 «Аб неадкладных захадах для барацьбы з тэрарызмам ды іншымі асабліва небяспечнымі гвалтоўнымі злачынствамі».

«Стварылі падраздзяленне СОБР як від сілавой падтрымкі, новага вайсковага падраздзялення, і там зусім іншыя задачы стаялі. (…) Была створаная яшчэ адна структура, якая была засакрэчаная. Яе стварыў Шэйман пры Савеце бяспекі. Абсалютна не канстытуцыйна, не падначальваецца ні МУС, ні КДБ, не мае ніякага заканадаўчага статусу. Узначальваў яе палкоўнік Васільчанка. У ёй былі ўсе атрыбуты органаў выведкі, контрвыведкі. І як элемент сілавога прыкрыцця ім быў падначалены СОБР. Ніякіх пратаколаў яны не складалі, нічога не пісалі. Дакументальна нічога не было аформлена. Проста расправа і ўсё», – сведчыць былы кіраўнік СІЗА № 1 Алег Алкаеў.

З аднаго боку, знікненне палітычных апанентаў Лукашэнкі, выбухі і тэракты амаль заўсёды адбываліся ў моманты складанай эканамічнай і палітычнай сітуацыі ў краіне. А з іншага – ніводзін з тых, хто вінаваціць улады ў забойствах і знікненні беларусаў, дагэтуль не перадаў грамадскасці неабвержных доказаў датычнасці рэжыму да гэтых справаў.

Таксама ў праграме «Шчыра кажучы»:

  • Якія недакладнасці ў расследаванні выбуху ў менскім метро адзначае былы камандзір пятай брыгады спецназу Уладзімір Барадач?
  • Як сілавікі нібыта перадухілілі тэракт на Дзень Волі?
  • Выбух, які «пасунуў» Шэймана.

Калаж з фота: Alexander Astafyev / Pool ATTENTION EDITORS / Forum, Вадим Рымаков / TASS / Forum, Барыс Гарэцкі / БАЖ / Facebook

Belsat.eu