Опер быў у шоку, даў вады і выклікаў хуткую


Міліцыянты схапілі Віталя 11 жніўня і жорстка збілі. Калі яго ды іншых затрыманых убачылі аператыўнікі, то не на жарт спалохаліся. Адзін з іх пастараўся, як мог, уратаваць збітых людзей.

Віталь выходзіць на пратэсты з 1996 года. За гэты час ён бачыў, як міліцыянты пераўтвараліся ў «зграю беспрынцыповых людзей». З бязлітаснай відавочнасцю гэта прадэманстравалі падзеі жніўня 2020 года, калі міліцыянты па-звярынаму жорстка збівалі і катавалі затрыманых пратэстоўцаў.

Віталь таксама быў збіты, але яму пашанцавала. Замест камеры ён трапіў у больніцу, бо адзін з аператыўнікаў выклікаў хуткую.

Пра падзеі той ночы, нечаканае ўратаванне і тое, чаму міліцыя паводзіць сябе ў сваёй краіне як акупацыйнае войска, – у інтэрв’ю з Віталём. Ягоныя словы вартыя ўвагі, бо ён меў магчымасць паназіраць за міліцыянтамі ды паразмаўляць з імі.

Таксама ён распавядзе, як Чэхія аказвае медычнае і псіхалагічнае падтрыманне пацярпелым ад гвалту сілавікоў беларусам, а галоўнае – дапамагае знайсці працу і весці нармальнае жыццё на новым месцы.

Таксама ў праграме «Беларускі свет»:

  • Кіраўнік творчай дэлегацыі Ізраілю на «Славянскім базары» Аркадзь Крумер прыняў цяжкае для сябе рашэнне – у 2021 годзе ён нікога не павязе на гэты фестываль. Што ён думае пра артыстаў, якія ўсё ж паедуць на фестываль, і які, на ягоную думку, «магчыма, адзіны марны занятак, якім варта заняцца»?
  • Раман Сонцаў, які раней быў апалітычным вандроўным музыкам, паспрыяў правядзенню экзітполу за мяжою падчас выбараў 2020 года. Гэта не дазволіла пасольствам сфальшаваць вынікі. Чаму і як ён зрабіўся актыўным беларускім грамадзянінам?

Праграма «Беларускі свет» выходзіць на «Белсаце» ў аўторкі а 19:10. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.