Раман Скірмунт. Самы недаацэнены кіраўнік Беларусі


Беларускай Народнай Рэспубліцы – 105 гадоў! Згадваем пра старшыню ўраду БНР Рамана Скірмунта, трагічную постаць нашай гісторыі. Адна з найбагацейшых асобаў Беларусі, паводле легенды, умеў спыняць агонь. Заснавальнік краёўства, забіты бальшавікамі ў 1939 годзе.

«Другім кіраўніком БНР была адна з найбагацейшых асобаў Беларусі, шляхціч, магнат, прадпрымальнік Раман Скірмунт. Менавіта пра Скірмунта найчасцей згадваюць як пра самага цікавага і перспектыўнага кіраўніка першай хвалі беларускай незалежнасці. Нягледзячы на тое, што ён пакіраваў усяго толькі 10 дзён», – распавядае аўтар праграмы «Вусы Скарыны» Цімох Акудовіч.

Сёлета Беларускай Народнай Рэспубліцы спаўняецца 105 гадоў. Адным з яе кіраўнікоў быў Раман Скірмунт, з дня нараджэння якога – 145 гадоў. Пра сваё паходжанне сам Скірмунт пісаў гэтак: «Я сам ураджэнец беларускага Палесся, нашчадак літоўскай сям’і, са старажытных часоў, спакон вякоў аселай у гэтым краі, і мае продкі да XVII стагоддзя карысталіся беларускай мовай як хатняй».

Раман Скірмунт нарадзіўся 25 красавіка 1868 года ў заможнай прадпрымальніцкай магнацкай сям’і. Але пры гэтым ён не скончыў нават Рыжскай гімназіі, у якой правучыўся ўсяго тры гады. Скірмунт сябраваў з Эдвардам Вайніловічам, які фундаваў узвядзенне ў Менску Чырвонага касцёлу. Разам з Вайніловічам Скірмунт уваходзіў у Дзяржаўную думу Расейскай імперыі.

Раман Скірмунт выступіў адным з пачынальнікаў і ідэолагаў краёўства – палітычнай плыні, якая дамагалася аўтаноміі ў Расейскай імперыі свайго Краю з цэнтрам у Вільні і грунтавалася на ідэі грамадзянскай нацыі, паводле якой карэнныя жыхары літоўска-беларускага краю (колішняга ВКЛ) ёсць «грамадзянамі краю».

Як Раман Скірмунт прыйшоў у беларускі рух і нават узначаліў БНР? Чым займаўся ў міжваенны час і як яго напаткала трагічная смерць, якой той глядзеў у вочы?

Адказы шукайце ў новым выданні праграмы «Вусы Скарыны»

Праграму «Вусы Скарыны» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, у архіве на нашай старонцы або на канале YouTube.

Калаж з фота: Belsat; Wikimedia Commons