100 дзён мінула: разабралі Аб’яднаны кабінет па костках


Яны абяцалі: не пытайце нас 100 дзён, а пасля мы пакажам вынік! 100 дзён Пераходнага кабінету мінула – дык які вынік? У жывым эфіры праграмы «Двубой» пазмагаюцца ў рытарычным баі палітолагі Дзмітрый Балкунец і Вадзім Мажэйка.

Тэма новага выдання праграмы «Двубой» з Віталём Цыганковым – «100 дзён Пераходнага кабінета: поспех альбо правал»?

Дзмітрый Балкунец заяўляе, што Кабінет нічога не зрабіў і займаецца толькі імітацыяй барацьбы з рэжымам. Вадзім Мажэйка лічыць, што Кабінет зрабіў шмат для кансалідацыі, але трапіў у пастку завышаных чаканняў.

«Гэта больш, чым 100 дзён. 900 дзён знаходзіцца ў турме Мікалай Статкевіч і тысячы іншых палітзняволеных. Што стала за 100 дзён. Іх стала больш, палітзняволеных. Як паўплываў Кабінет на вырашэнне гэтага пытання? Ніяк не паўплываў. І тое, што адбываецца апошнія 100 дзён, 200, 300 дзён, увогуле ніяк не ўплывае на тое, што адбываецца ў Беларусі. Падзеі, якія адбываюцца ў краіне, вядуць да ўзмацнення рэпрэсіяў. Тыя дзеянні, унутраныя скандалы, сваркі, яны нікому не цікавыя – ні ў Менску, ні ў Воршы, ні ў іншых гарадах. Яны ніяк не ўплываюць на становішча за мяжой. Для беларусаў, якія выехалі і не могуць знайсці працу. Як Кабінет паўплываў, напрыклад, на абарону беларусаў у замежжы, на абарону студэнтаў, якія не могуць паступіць у шэраг універсітэтаў Еўропы? Хоць мы бачым, як некаторыя дзеячы сустракаюцца з палітыкамі на высокім узроўні. Але ніяк гэта не ўплывае», – тлумачыць Дзмітрый Балкунец.

Палітолаг лічыць, што вялікай памылкай было адмаўленне Святланай Ціханоўскай ад падтрымання той каманды, якая дапамагла ёй перамагчы на прэзідэнцкіх выбарах у 2020 годзе. Створаны ж пад яе кіраўніцтвам Кабінет Балкунец называе не інакш як «звычайнае самазванства», а яго дзейнасць – імітацыяй.

«Ад пачатку, калі Кабінет ствараўся, ён дэкларуе досыць амбітныя мэты. Мэты, хутчэй больш падобныя на місіі: і пра абарону незалежнасці, пра вызваленне палітзняволеных. Але відавочна, што гэта доўгатэрміновыя мэты, а фактычна Кабінет ствараўся падчас вельмі моцных спрэчак, канфліктаў у дэмакратычным асяроддзі, і фактычна Кабінет мусіў іх спыніць. І гэта атрымалася, бо той напал узаемнай крытыкі, спрэчак, які быў да таго, зараз хутчэй выглядае як бясконцая крытыка самога Кабінету. Але прынамсі адзін з адным палітычныя сілы прыпынілі такія вось моцныя канфлікты, і зрэшты гэта тое аб’яднанне, супольнасць, пра якую ўсе казалі, якую ўсе хацелі. Мне дзіўна чуць, што Кабінет мусіць нехта абіраць. Выбіраюць палітыкаў, галасуюць за палітыкаў, за прэзідэнтаў, за партыі. Не галасуюць за ўрады. Нармальна, што калі сябе нехта лічыць прэзідэнтам, ён прызначае ўрад. Таму мне дзіўна тут чакаць нейкай дэмакратыі. Кабінет цяпер трапіў у пастку завышаных чаканняў», – выказваецца Вадзім Мажэйка адносна крытыкі Кабінету.

Мажэйка лічыць, што ў сённяшняй Беларусі хапае жорсткіх заяваў, якіх патрабуе той жа Балкунец, але плёну ад іх ніякага няма і цяпер быць не можа.Ці было б усё інакш, калі б іншы чалавек стаў лідарам дэмакратычных сілаў замест Ціханоўскай? У чым падабенства ў дзеяннях прыхільнікаў Святланы Ціханоўскай і Зянона Пазняка? Што рабіць, каб вызваліць палітзняволеных, і ў чым праблема кадраў беларускай апазіцыі? Чаму ў Кабінета Ціханоўскай няма добрых стасункаў з палком імя Кастуся Каліноўскага? І што беларускія дэмакратычныя сілы павінны рабіць інакш? Адказы шукайце ў новым выданні праграмы «Двубой».

Праграму «Двубой» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайну архіве на нашай старонцы або на YouTube