«Палівалі з брандспойта, добра далі па касцях». Скалечанаму сабралі 20 тысяч еўраў


Віталя Тысева збілі ў жніўні 2020 года ў Стоўбцах. Яго моцна скруціла, а дактары выявілі страшную хваробу. Дапамагла ўкраінка Наталля і пераканала, што шанец ёсць. Праз тры дні аперацыя, на якую беларусы ўжо сабралі 20 тысяч еўраў. Не хапае зусім трошкі.

Віталь Тысеў, як і сотні тысяч беларусаў, адстойваў свой голас пасля выбараў у жніўні 2020 года. Але гэта яму дорага каштавала – яго збілі ў РАУС.

«Паставілі каля сценкі і лупцавалі добра. Спачатку з брандспойта лупянулі, а потым добра далі па касцях», – успамінае Віталь.

Пасля збіцця яго моцна скруціла, але заняцца здароўем тады не было магчымасці, бо праз пераслед прыйшлося пакінуць радзіму. Стан Віталя пагаршаўся, і на дапамогу прыйшла ўкраінка Наталля, з якою мужчына пазнаёміўся выпадкова падчас спрэчкі наконт ролі Аляксандра Лукашэнкі.

Наталля, як і большасць украінцаў да поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў 2022 годзе, прыхільна ставілася да асобы Лукашэнкі як «хорошего хозяйственника». Пасля размоваў з Віталем ейная думка змянілася. Наталля – доктарка з адукацыі – здолела пераканаць Віталя, што яму можна дапамагчы, а дыягназ «анкілазацыйны спандыліт» – гэта не прысуд і ёсць магчымасць, няхай і складанай, але аперацыі.

З дапамогаю беларусаў удалося сабраць 20 з 22 тысяч еўраў, патрэбных на аперацыю і рэабілітацыю, перавоз Віталя са Шчэціна ў Варшаву і назад, а таксама на ложак і медычныя матэрыялы пасля аперацыі. Дапаможам Віталю завершыць збор! Спасылка на збор – тут.

Таксама Наталля звяртаецца з просьбаю знайсці для яе жытло ў Варшаве на пяць дзён, пакуль Віталь Тысеў будзе на аперацыі і пад медычным наглядам.

Таксама ў выданні «Беларус беларусу» сюжэт пра дапамогу Яне Арабейцы і ейнаму мужу Валерыю.

Беларус беларусу
Турэмніца разрыдалася, калі пабачыла шлюб палітзняволенай студэнткі
2022.06.12 21:42

Калі вы хочаце падтрымаць нашых герояў, лістуйце нам: belarus2belarus@gmail.com

Далучайся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.