Як Зяленскі і Ціханоўская зрабіліся нацыяналістамі


Беларусам патрэбны грамадзянскі нацыяналізм, як любоў да краіны, якую яны лічаць сваёй, незалежна ад мовы ці гісторыі. Так лічыць Мажэйка. «Грамадзянскі нацыяналізм» згуляў злы жарт з Украінай, і нам трэба «здаровы нацыяналізм» – лічыць Лукашук. Хто з іх мае рацыю?

Тэма новага выдання праграмы «Двубой» з Віталём Цыганковым – «Які нацыяналізм патрэбны беларусам?».

«Грамадзянскі нацыяналізм – гэта значыць арыентацыя на грамадзянскую нацыю. Мы разумеем, што мы жывем у ХХІ стагоддзі, у мадэрновым свеце глабалізацыі, эміграцыі, і казаць, што зараз у Беларусі будуць жыць і беларускімі патрыётамі будуць толькі беларусы па крыві, якія гавораць на беларускай мове, з белымі валасамі і блакітнымі вачыма, – гэта нешта вельмі несучаснае. Сапраўды, нешта з мінулых стагоддзяў», – так разумее нацыяналізм палітолаг Вадзім Мажэйка.

У ягоным разуменні грамадзянскі нацыяналізм – гэта «любоў да краіны, якую людзі лічаць сваёй», незалежна ад таго, ці з’яўляюцца яны этнічнымі беларусамі. І менавіта за «грамадзянскім нацыяналізмам» Мажэйка бачыць будучыню ў Беларусі, прыкладам чаго, на ягоную думку, стаўся 2020 год.

«Беларусы выходзілі за грамадзянскія каштоўнасці, за дэмакратыю, за самакіраванне, за правы чалавека, за негвалтоўнасць, і якраз на гэтым вельмі цывілізаваным падмурку і можна, і я ўпэўнены, будзе будавацца беларуская грамадзянская нацыя. І, адпаведна, любоўю да такой радзімы і будзе здаровы грамадзянскі нацыяналізм», – тлумачыць Вадзім Мажэйка.

Журналіст Зміцер Лукашук шчыра здзівіўся такому разуменню нацыяналізму з боку свайго апанента, заўважыўшы, што ў літаратуры хапае дадаткаў да слова «нацыяналізм», які выступае і «творчым», і «інтэлектуальным», і тым больш «грамадзянскім». Апошні, на думку Лукашука, якраз і стаў падставаю да прыходу да ўлады Уладзіміра Зяленскага ва Украіне: «Грамадзянскі нацыяналізм прадугледжвае не толькі ліберальныя свабоды і каштоўнасці, але і любоў да суседніх народаў, любоў да Расеі і расейцаў. Гэта таксама прапагандавалася са словамі: «Я бачу жаданне міру ў вачах Пуціна». Чым гэта ўсё скончылася?» – задае пытанне свайму апаненту Зміцер Лукашук.

Працяг гарачай дыскусіі глядзіце ў праграме «Двубой» з Віталём Цыганковым.

Госці праграмы:

Вадзім Мажэйка, палітолаг, каардынатар экспертнай сеткі «Наше мнение»

Зміцер Лукашук, рэдактар эфіру «Еўрарадыё» і суаўтар кніг «Беларуская нацыянальная ідэя»

Праграму «Двубой» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат News» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.