ЗСУ сатруць армію Лукашэнкі ў парашок. Размова з былым «каліноўцам»


Яшчэ нядаўна Андрэй Кушняроў быў «каліноўцам» з пазыўным Рыцар, прайшоў баі на поўдні і ўсходзе Украіны. Ён распавёў сваю гісторыю і патлумачыў, чаму яму падаецца, што вайскоўцы Лукашэнкі зазнаюць паразу пры сутыкненні з ЗСУ.

Андрэй Кушняроў – сузаснавальнік Асацыяцыі беларускіх ветэранаў. Як жаўнеру палка Каліноўскага яму выпала паўдзельнічаць у баях у Мікалаеўскай вобласці, бараніць Севераданецк і Лісічанск.

Баявое хрышчэнне Андрэй прайшоў у якасці перакладчыка Замежнага легіёну. Ён адказваў за мясцовую давыведку і кантакты з цывільнымі. Каб не палохаць жыхароў, ён пайшоў на рызыку і быў без бронекамізэлькі.

Як кажа наш герой, на вайне даводзіцца прыняць простую думку: ты або памрэш, або не. І калі чалавек асэнсоўвае гэта хаця б напалову, то разумее, што не заўсёды ад яго нешта залежыць.

Андрэй кажа, што вайна мяняе чалавека: яна змушае глядзець па-іншаму на розныя рэчы. Калі ты на перадавой, то гарызонт планавання ўсяго 15–20 хвілінаў. Якія б планы ні былі, усё роўна потым усё мяняецца, з’явяцца новыя абставіны, і гэта стандартная сітуацыя. Надоўга не плануеш, бо прыляціць ці не прыляціць – незразумела.

«Пераасэнсоўваеш стаўленне да родных, блізкіх – бо калі выбухае за 20 метраў ад цябе, выразна разумееш, што вельмі высокая імавернасць больш ніколі не ўбачыць дарагіх табе людзей», – кажа Андрэй.

У якіх умовах жывуць беларускія жаўнеры? Якія кур’ёзныя сітуацыі здараюцца на фронце? Ці дапамагаюць мясцовыя жыхары ваярам? Чаго востра не хапае жаўнерам на «нулі»? Гэта і шмат іншых цікавінак, а таксама эксклюзіўныя фота і відэа з асабістага архіву героя – у новым выданні «Ваяроў».

Праграму «Ваяры» глядзіце кожную нядзелю на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн, у закладцы «Праграмы» на нашай старонцы або на канале YouTube.