Здацца Лукашэнку ўзамен на вызваленне палітвязняў?


У беларускую інфармацыйную і палітычную прастору зноў запушчаны наратыў пра неабходнасць перамоваў з рэжымам Лукашэнкі з мэтаю вызвалення палітвязняў. Ці патрэбныя Лукашэнку нейкія перамовы? Як наагул размаўляць з тэрарыстамі? Якім чынам вызваляць людзей, якія знаходзяцца ў палоне лукашыстаў?

Аляксандр Апейкін, госць студыі «Плану: Б», лічыць фантазіяй беларускіх дэмакратычных колаў, што Лукашэнка гатовы да перамоваў наконт палітвязняў. Маўляў, да гэтага не было ніякіх сігналаў. У пытанні вызвалення палітвязняў не хапае здаровага прагматызму:

«Для таго, каб працаваў здаровы прагматызм, трэба, каб працавала экспертная група па гэтым пытанні, – упэўнены спадар Апейкін.

Аляксандр Лойка пагаджаецца з неабходнасцю ўтварэння такой экспертнай групы і мяркуе, што магчыма дамовіцца наконт вызвалення палітвязняў. Паводле спадара Лойкі, за ўвесь час было вызвалена каля 50 асобаў, але гэтай справай на экспертным узроўні мала хто займацца. Пытанне палітвязняў мусіць быць прыярытэтным – упэўнены госць студыі.

«Як і пры любым вызваленні трэба нешта прапанаваць узамен. Тое, што мы можам прапанаваць – на жаль, мы гэтым не валодаем. Гэтым валодаюць, напрыклад, заходнія краіны, дэмакратычныя краіны, і яны на гэта могуць паўплываць. Аднак з лідарамі гэтых краінаў і з тымі людзьмі, якія могуць вырашыць гэтае пытанне, на жаль, у такім ракурсе размова не вядзецца», – кажа Аляксандр Лойка.

Андрэй Стрыжак не пагаджаецца, што пры цяперашнім раскладзе існуе шанец на вызваленне палітвязняў. «З чаго вы гэта ўзялі ўвогуле?», – здзіўляецца госць студыі. Кіраўнік фонду BySol прапануе ісці ў кірунку гуманітарнага спісу. Намагацца вызваліць прынамсі людзей, якім пагражае смерць за кратамі праз хваробы.

Дзмітрый Балкунец упэўнены, што праблемай палітвязняў павінны займацца не беларускія дэмсілы, а еўрапейскія дыпламаты, якія маюць у Лукашэнкі аўтарытэт. Акрамя таго, пытанне палітвязняў мусіць стаяць асобным пунктам сярод іншых пытанняў, якія сёння ўздымаюцца дэмакратычнай грамадскасцю Беларусі.

«Але я сёння не бачу, навошта еўрапейцам гэта рабіць. У іх няма праблемы палітвязняў. Еўропа займаецца гандлем з Лукашэнкам, і не толькі з ім. […] Лукашэнка для іх – выгадны гулец у гэтай справе. Трэба знайсці матывацыю Еўропе, навошта ім наагул гэтым займацца», – кажа Дзмітрый Балкунец.

Якая стратэгія больш лагічная – ціск на дыктатара ці саступкі яму? Што скажа Лукашэнка, калі ўсе ягоныя праціўнікі прыпаўзуць да яго на каленях і будуць маліць выпусціць палітвязняў? Адказы на гэтыя ды іншыя пытанні – у чарговым выданні ток-шоу «План: Б». Госці студыі: кіраўнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак, кіраўнік Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін, палітолаг Дзітрый Балкунец, а таксама сузаснавальнік Аб’яднання сваякоў і колішніх палітвязняў Аляксандр Лойка.

Глядзіце ток-шоу «План: Б» на YouTube-канале «Белсат News», у праграме «Belsat Smart» для тэлевізараў с функцыяй«Smart», на мабільных прыладах з сістэмамі iOS и «Android», a таксама ў эфиры «Белсата».

belsat.eu