Жыццё на фронце. Каліновец раздае кацянят і шукае сяброўку


Здымкі гэтага выдання «Ваяроў» праходзілі ў Кіеве, куды наш герой прыехаў на ратацыю. Беларускі добраахвотнік з пазыўным Лахвіч браў актыўны ўдзел у акцыях супраць сфальсіфікаваных выбараў, а пазней з’ехаў з Беларусі, бо пабачыў на сайце Следчага камітэту і МУС фота з пратэстаў, на якіх быў ён. З пачаткам расейскай ваеннай агрэсіі ўступіў у шыхты добраахвотнікаў палка Каліноўскага.

Першая баявая аперацыя паклала пачатак YouTube-каналу «Лахвіч», у якім наш герой дзеліцца ўражаннямі, меркаваннямі, разважаннямі на розныя тэмы. Думка стварыць свой YouTube-канал зʼявілася ў нашага героя яшчэ ў жніўні 2020 года, для яго нават была прыдуманая назва: «Жыццё пасля жніўня». Але на той час не было магчымасці гэтага зрабіць, таму справа была адкладзеная.

«Каоі ішлі ў першую аперацыю, я думаў, што не вярнуся. І першы відос, які я зрабіў, я проста на тэлефон свой агучваў, размаўляючы нібыта з супольнасцю. Я шчыра распавядаў, што я адчуваю, аб чым я думаю. Я думаў, калі загіну, тэлефон мой хтосьці знойдзе і пабачыць вось такое паведамленне ад мяне», – згадвае Лахвіч.

Як кажа наш герой, першы наступ запомніцца на ўсё жыццё. Было вельмі страшна, але наступ быў паспяховы, усе ваяры вярнуліся жывыя, і гэта было вельмі радасна.

«Вядома, буду згадваць і іншыя баі, у якіх пахавалі сваіх пабрацімаў, сяброў, таму, я думаю, самыя-самыя такія моманты на ўсё жыццё – гэта калі ты кагосьці губляеш».

Ваяры
Добраахвотнік распавёў пра стан палка Каліноўскага
2022.08.14 13:05

Лахвіч упэўнены, што перамога можа прыйсці толькі тады, калі Расея будзе разваленая, у іншым выпадку сітуацыя з захопніцкімі войнамі супраць суседніх краінаў будзе працягвацца.

«Калі Маскве, як і заўжды, удасца адкупіцца, тады проста будзе перамірʼе, і праз некаторы час – пяць, дзесяць, пятнаццаць гадоў, гэта ўжо не важна, – са сваімі амбіцыямі яны ўсё роўна папруць, яны не могуць жыць з суседзямі па-суседску. Трэба, каб Карфаген быў зруйнаваны, вось гэта будзе перамога, а перамірʼе будзе зноў адцягваць наступную вайну».

Пра ўратаваных з раёнаў баявых дзеянняў котак, жыццё ва Украіне ды мары добраахвотніка глядзіце ў новым выданні праграмы «Ваяры».