Беларусаў рыхтуюць да вайны з Украінай


Зноўку актуальная тэма вялікай вайны ва Усходняй Еўропе. І імавернасць таго, што нашых вайскоўцаў адправяць забіваць і паміраць на чужой вайне, крытычна вырасла.

Тых, хто кажа пра маштабны ўзброены канфлікт за межамі Украіны, ужо нельга назваць алармістамі.

«Падобна, рызыка вайны ў рэгіёне АБСЕ цяпер найбольшая за апошнія 30 гадоў», – заявіў у АБСЕ Збігнеў Раў, міністр замежных справаў Польшчы.

Генералы – не дыпламаты, таму кажуць проста ў вочы: хочаш міру – будзь гатовы да вайны. А канкрэтна – адбіваць напад Расеі.

«Калі глядзець вачыма жаўнера, пагроза вайны ў Еўропе сёння найвышэйшая з 1945 года. Непасрэдная пагроза пачатку вялікай вайны. І гісторыя кажа нам, што баявыя дзеянні не могуць абмежавацца адной краінай», – кажа камандуючы Ўзброенымі сіламі Літвы Вальдэмарас Рупшыс.

Як паведамляюць Белы дом і Пэнтагон, адкрытае і маштабнае ўварванне расейскіх войскаў ва Украіну можа пачацца да сярэдзіны лютага. Для падрыхтоўкі грамадскага меркавання Крэмль плануе акты сабатажу супраць сваіх жа гібрыдных сілаў – самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік.

«Мы маем інфармацыю, што Расея зараней размясціла групу аператыўнікаў для правядзення правакацыі – аперацыі пад фальшывым сцягам ва Усходняй Украіне. Гэтыя дыверсанты навучаныя вядзенню баявых дзеянняў у гарадскіх умовах і выкарыстанню выбуховых рэчываў для актаў сабатажу супраць уласных расейскіх проксі-сілаў», – паведаміла прадстаўніца Белага Дому Джэн Сакі.

Непадалёк украінскіх межаў Масква сабрала 100-тысячную групоўку войскаў і працягвае перакідваць туды баявую тэхніку. Нагодаю для нападу можа стаць абарона расейскамоўных грамадзянаў Украіны.

Як заяўляе Вашынгтон, апроч унутранай прапаганды, у Маскве рыхтуюць і дэзынфармацыю глабальнага ўзроўню.

«Вядома, што расейскія чыноўнікі і ўплывовыя асобы ўжо фабрыкуюць правакацыі супраць Украіны ў СМІ і сацыяльных сетках, каб апраўдаць расейскую інтэрвенцыю», – заявіла Джэн Сакі.

Расейскія прапагандысты асабліва не хаваюцца.

«Мы ўвядзём войскі ва Украіну. Гэта нашая зямля. Хрэн вам, а не NATO. Нават не фантазіюйце, пачвары. Гэта і ёсць сутнасць ультыматуму? Так…

Мы забяром у вас вашую Канстытуцыю. І спалім яе на Хрэшчатыку, разам з вамі, на вашых жа агнях, на пакрышках», – пагражаў украінцам у сваім эфіры Антон Красоўскі,

дырэктар расейскамоўнай трансляцыі дзяржаўнага тэлеканалу RT.

Міністэрства замежных справаў Расеі на перамовах у Жэневе, Бруселі і Вене стварае карцінку, нібыта злы калектыўны Захад адмаўляецца даць Расеі гарантыі бяспекі. На справе, іх суразмоўцы не пагаджаюцца на зараней невыканальнае ўльтыматыўнае патрабаванне падзяліць блок NATO і кансультавацца з Масквой пра размяшчэнне войскаў ці прыняцце новых чальцоў.

«Мы не будзем бясконца чакаць нейкіх пераменаў, абяцанняў», – пагражаў расейскі міністр замежных справаў Сяргей Лаўроў.

На жаль, суседзі ўжо не ўспрымаюць Беларусь як нейтральную дзяржаву, як гэта пакуль запісанае ў нашай Канстытуцыі.

«Калі расейскія вайсковыя аддзелы перакінуць у Беларусь, у залежнасці ад таго, якія гэта аддзелы, узровень нашай боегатовасці будзе адпаведна павышаны, і NATO будзе адпаведна рэагаваць на разгортванне гэтых злучэнняў», – папярэджвае Вальдэмарас Рупшыс.

На гэтым тыдні ўлады Літвы пастанавілі працягнуць закупы рэактыўных сістэмаў залпавага агню, павялічыць прызыў у войска і заадно паставіць ва Украіну летальную і нелетальную зброю.

«Нават у часы, калі я працавала міністэрства абароны ў 2008-2012 гг, то мы ўжо тады бачылі, што ў Беларусі ўсё менш і менш суверэнітэту, і што Узброеныя сілы Беларусі не з’яўляюцца самастойнымі. Яны былі, як я называла тады, «Дэпартаментам» Узброеных сілаў РФ», – распавядае былая міністр абароны Літвы Раса Юкнявічыене.

Рэч не толькі ў ваяўнічых заявах Аляксандра Лукашэнкі аб размяшчэнні ў нас расейскай ядравай зброі. У лістападзе разам з Пуціным ён урэшце зацвердзіў новую ваенную дактрыну так званай Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі, што абавязвае нашыя войскі дапамагаць расейцам рэагаваць на пашырэнне блоку NATO.

«Па меры інтэграцыі Беларусі ў гэтую структуру пагроза задзейнічання Беларусі і ўдару Расеі з Поўначы супраць Украіны нарастае», – тлумачыць Павел Лакійчук, эксперт Цэнтру глабалістыкі «Стратэгія XXI».

«Уладзімір Пуцін будзе спрабаваць рэалізаваць праект аднаўлення СССР, які мы цяпер і назіраем», – тлумачыць Яўген Магда, экспер Інстытуту сусветнай палітыкі (Кіеў).

Эксперты бачаць прыкметы таго, што беларускія ўзброеныя сілы пераходзяць пад усё большы кантроль расейскіх войскаў. Напрыклад, адбылася інтэграцыя сістэмаў паветранай абароны. Агулам уся тэхніка, што ідзе на ўзбраенне беларускага войска, інтэгруецца ў расейскую сістэму ўзбраенняў і камандавання боем – ад танку да штабу. Ёсць маштабныя манеўры на нашай тэрыторыі, але ёсць і супольныя баявыя аперацыі, у тым ліку беларуска-расейскія авіяпатрулі.

«Прайшло чарговае сумеснае патруляванне межаў на самалётах. Гэта вельмі сур’ёзнае мерапрыемства, і яно без каардынацыі між штабамі не магло прайсці», – тлумачыць генерал-маёр Віктар Ягун, які быў намеснікам старшыні СБУ ў 2014-2015 гг.

У Беларусі стала больш расейскіх вайсковых абʼектаў, што ў выпадку вялікай вайны стануць прыярытэтнымі цэлямі. Да радыёлакацыйнай станцыі «Волга» пад Клецкам і 43-га вузла сувязі атамных субмарынаў «Вілейка» дадаўся супольны вучэбна-баявы цэнтр авіяцыі і паветранай абароны, як замяняльнік расейскай авіябазы.

«Нібыта і не база, але трэба пайсці на саступкі Пуціну, таму пайшлі на такі крок. Прызначэнне – падвышэнне абараназдольнасці дзяржавы ў галіне проціпаветранай абароны. А палітычнае значэнне – пашырэнне расейскай прысутнасці на тэрыторыі Беларусі», – казаў яшчэ летась беларускі вайскова-палітычны аглядальнік Ягор Лебядок.

Беларускія вайскоўцы пад расейскім камандаваннем удзельнічалі ў першай ваеннай аперацыі АДКБ – дапамагалі ўзмацненню ўлады Касым-Жамарта Такаева ў Казахстане.

«Фактычна не было ніякіх падставаў для ўвядзення АДКБ. Вонкавай пагрозы, вонкавага ўмяшальніцтва не было. Гэта чыста ўнутраная праблема Казахстана. І зараз казахі, іх кіраўніцтва саслужылі вельмі паганую службу. Наступным разам Расея не будзе нікога запытваць», – кажа Сяргей Бульба, кіраўнік грамадскага аб’яднання «Беларусь 2.0 Робім Разам».

«Цяпер ніхто не можа даць гарантыі, што нейкае падраздзяленне Беларусі для атрымання баявога досведу не адправяць у Сірыю», – папярэджвае Віктар Ягун.

Аляксандр Лукашэнка запісаў казахстанскую інтэрвенцыю АДКБ у зал асабістай славы.

Вельмі добра, што ў Казахстане не дайшло да баявых дзеянняў з удзелам беларусаў. Нам усім вельмі пашанцавала, што віцебскі спецназ толькі паказальна пабегаў пад фота- і відэакамерамі без адзінага стрэлу і вярнуўся дахаты. Бо ўдзел у гарачым канфлікце адбіваецца на стаўленні да ўсяго народу. Але інтэрвенцыя ва Украіну – зусім іншая рэч.

«Знайсці сабе ворага на Ўсходзе Еўропы не зацікаўлены ніхто. Але ў Пуціна дастаткова рычагоў (уплыву) на большасць дзяржаваў-чальцоў (АДКБ). Мы бачым сітуацыю ў Арменіі, Беларусі, Казахстане», – мяркуе Павел Лакійчук.

«Расея вельмі хоча ў чарговы раз выкарыстаць кагосьці замест сябе. Зноўку паставіць кагосьці перад сабой. Выкарыстаць так званых проксі-падраздзяленні. Ёй вельмі выгадна было б паказаць канфлікт менавіта між Беларуссю і Украінай, выставіўшы наперад беларускае войска», – тлумачыць Віктар Ягун.

Што думаюць звычайныя ўкраінцы пра магчымую атаку нашых войскаў ці расейцаў з нашай тэрыторыі? Вось што кажуць жыхары і госці Кіева:

«Ды не, гэта глупства. З якой мэтай?»

«Расея гэта агулам агрэсар, яна паводзіць сябе з усімі аднолькава, без выключэнняў… Асобных беларускіх войскаў не існуе, гэта частка Расеі».

«Расея бярэ тое, што кепска ляжыць. Данбас і Крым».

«Беларусь гэта сатэліт Расеі… Беларускія войскі цалкам залежныя ад расейскага кіраўніцтва, як і ўсе войскі АДКБ».

«Беларусы, думаю, наўрад ці. Яны неяк больш спакойныя, народ спакойней».

Людзі ў пагонах, якія давалі прысягу беларускаму народу, ужо адзін раз гэтую прысягу парушылі, здрадзілі, кажа Сяргей Бульба, стваральнік патрыятычнага абʼяднання «Белы легіён»: «Чаму ў 2020-м годзе не адбыўся пераход улады да кандыдатаў, якія набралі значна большую колькасць галасоў, чым сам Лукашэнка – менавіта таму, што сілавікі, як частка гэтай сістэмы і як выгадаваныя за 25 гадоў менавіта для гэтага – яны проста пайшлі за правадыром сваёй зграі».

«У нас усё ж быў цэнтр, які заставаўся пад кантролем народу Украіны, і частка тэрыторыі была акупаваная. У Беларусі сітуацыя такая, што ўся Беларусь можа перайсці пад кантроль Расеі адначасова. І менавіта з цэнтру», – тлумачыць генерал-маёр Віктар Ягун.

Лёс здраднікаў заўжды незайздросны. Тыя ўкраінскія вайскоўцы, спецназаўцы і міліцыянты, што перайшлі на бок Расеі ў 2014 годзе, не атрымалі абяцаных вялізных заробкаў.

«Ім не толькі ў асабістыя справы паставілі пазнаку «схільны да здрады». Але некаторыя з іх, былыя працаўнікі СБУ, як вы ведаеце, паспелі загінуць на Паўночным Каўказе», – нагадвае Яўген Магда.

Хаця нашых вайскоўцаў могуць уцягнуць у баявыя дзеянні супраць іхнай волі – узброенаю правакацыяй ва Украіне пад беларускім сцягам.

«Расейскія вайскоўцы могуць быць апранутыя ў беларускую форму, і арганізаваць напад на бліжэйшую вёску, ці нейкую такую акцыю, паказаўшы, што беларусы гатовыя ісці наперад», – папярэджвае Віктар Ягун.

Калі казаць пра правакацыі, нельга абмінуць і кібератаку 14 студзеня, калі 70 дзяржаўных сайтаў Украіны былі ўзламаныя. Там зʼявіліся антыўкраінскія надпісы ад імя нібыта польскіх хакераў – на расейскай, украінскай і моцна ламанай польскай мовах. Таксама пад фальшывым сцягам.

«На галоўнай старонцы гэтых сайтаў было размешчанае паведамленне правакацыйнага характару. Кантэнт сайтаў не быў зменены, а выцеку персанальных звестак, як вядома на гэты момант, не адбылося», – заявіў прадстаўнік Службы бяспекі Украіны Арцём Дэхцярэнка.

Саюзнікі Кіева пацвердзілі, што хакерская атака на сайты не закранула дзяржаўных базаў інфармацыі.

«Злучаныя Штаты і нашыя саюзнікі занепакоеныя гэтай кібератакай. Прэзідэнту паведамілі пра яе. Таксама мы на сувязі з украінцамі і прапанавалі нашую падтрымку», – заявіла Джэн Сакі.

Варшава расцэньвае кібератаку як правакацыю. Брусель гатовы падключыць да дапамогі Кіева адмысловы аддзел хуткага рэагавання на кібератакі, хоць Украіна не ўваходзіць у Еўразвяз. Узмацніць украінскую кібербяспеку гатовы і блок NATO. Альянс не плануе прымаць ультыматуму Расеі, але гатовы абмеркаваць з Масквой узаемнае абмежаванне ракетных узбраенняў у Еўропе.

А вось што думаюць украінскія вайскоўцы ў Аўдзііўцы, на самой лініі фронту:«Украіна ідзе ў NATO і ўвойдзе туды. Прыйдзе час».

«Я б запытаў Пуціна: а хто ты такі, каб казаць, куды мне ісці і што мне рабіць?»

Будзем спадзявацца на мірнае развязанне канфлікту. Але «Белсат», як заўжды, гатовы асвятляць любое развіццё падзеяў. З вамі быў Яраслаў Сцешык з «Глабальным пытаннем», да сустрэчы.