Якія тры фактары загоняць Лукашэнку ў кут?


У ток-шоу «План: Б» вядоўца Яўген Валошын абмяркоўвае з гасцямі студыі варыянты захаду лукашэнкаўскай эпохі. Ці здолее Лукашэнка захаваць свае пазіцыі пасля перамогі Украіны над Расеяй у вайне? Украіна будзе браць удзел у зрынанні лукашэнкаўскага рэжыму? Якія асноўныя перадумовы для зменаў у беларускім грамадстве? Яны могуць адбыцца мірным шляхам? Госці ў студыі – грамадская актывістка ды вайсковая валанцёрка Алена Жаркевіч, заснавальнік «BYSOL» Андрэй Стрыжак і метадолаг Святлана Мацкевіч.

Андрэй Стрыжак называе тры фактары, неабходныя для зменаў у нашым грамадстве. Адзін з іх – максімальная мабілізацыя грамадства, аб’яднанага ідэямі пераменаў. Акурат гэтым адзначыліся беларусы падчас рэвалюцыі 2020 года. А вось двух другіх фактараў забракавала. Гэта нейтралітэт або раскол сілавога блоку, калі частка вайскоўцаў або міліцыянтаў адмаўляюцца рабіць тое, што загадвае вярхоўная ўлада, або пераходзіць на бок вольнай Беларусі. І трэці фактар – самы галоўны: раскол уладных элітаў.

«Гэта калі, напрыклад, хтосьці сярод сярод людзей побач з Лукашэнкам гатовы здаць яго дзеля гарантыі сваёй уласнай бяспекі. Гэта тое, што павінна быць унутры краіны», – мяркуе заснавальнік «BYSOL».

Калі гэтых трох фактараў не будзе, механічны ўваход нейкай колькасці войска на тэрыторыю Беларусі можа справакаваць вайсковы адказ. Тады мы атрымаем вайну на тэрыторыі Беларусі, якая можа скончыцца па-рознаму.

«Канечне, мы хочам, каб гэта была перамога, – кажа Андрэй Стрыжак, – але кошт гэтай перамогі будзе значна вышэйшы, бо гэта будзе гібель мірнага насельніцтва, гэта будзе разбурэнне інфраструктуры».

Каб разбурыць рэжым з меншымі стратамі, неабходная наяўнасць беларускіх вайскоўцаў у складзе ўкраінскага войска, з магчымым падтрыманнем украінскага войска, прэсінг Захаду ў выглядзе санкцыяў, развал Расеі як структуры, што падтрымлівае Лукашэнку, мяркуе госць студыі.

Ці трэба беларусам, каб Украіна зрынала рэжым у суседняй з ёй дзяржаве? І што рабіць, каб падрыхтавацца да сілавога захопу ўлады? Чаму важна мець пераходныя структуры? Якая галоўная памылка дэмакратычных сілаў? Абмеркаванне гэтых ды іншых пытанняў глядзіце ў праграме.

Глядзіце ток-шоу «План: Б» на YouTube-канале «Белсат News», у праграме «Belsat Smart» для тэлевізараў з функцыяй «Smart», на мабільных прыладах з сістэмамі iOS і «Android», a таксама ў эфіры «Белсату».

belsat.eu