Як працуюць санкцыі?


Калі яны рашучыя, то могуць прымусіць да міру. Калі палавінчатыя, то могуць выклікаць вайну. Ударыць імі спрабуюць усе, але карыстацца гэтаю зброяй могуць толькі самыя свабодныя краіны, бо яны звычайна самыя моцныя. Гаворка пра эканамічныя санкцыі. І сёння мы пакажам, навошта дзяржавы свету ўводзяць санкцыі – і чаму кожны беларус адчуе на сабе наступствы вайны рэжыму Лукашэнкі супраць уласных грамадзянаў і дэмакратычнага свету.

Цяпер пра санкцыі кажуць усе – бо чакаюць 5-га пакету абмежавальных захадаў Еўразвязу супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Праца над ім яшчэ ідзе, прыняць дакумент могуць і ў лістападзе. Раней Еўрапарламент прыняў жорсткую рэзалюцыю, заахвочваючы кіраўнікоў еўрапейскіх дзяржаваў заблакаваць хімічную, лясную і металургічную прамысловасць Беларусі, унесці ў чорны спіс усе дзяржаўныя банкі і кампанію «Белтэлекам». Бо заклікаў спыніць рэпрэсіі, забойствы і катаванні палітвязняў Лукашэнка не пачуў.

«Калі браць сусветную дыпламатыю і сусветную замежную палітыку, там ніхто не лічыць, што санкцыі гэта добра. Гэта фундаментальны момант. Санкцыі – вымушанае рашэнне, вымушанае на фоне адсутнасці іншых інструментаў», – тлумачыць палітолаг Карлава ўніверсітэту Аляксандр Марозаў.

На сёння адносна рэжыму Лукашэнкі дзейнічаюць санкцыі не толькі дзяржаваў Еўразвязу, але і Украіны, Швейцарыі, балканскіх і скандынаўскіх дзяржаваў, Вялікае Брытаніі, ЗША, Канады і Японіі. Абмежаванні розныя: ад забароны палётаў «Белавіі» і прыезду лукашэнкаўскіх чыноўнікаў – да сектаральных эканамічных санкцыяў супраць экспарту беларускіх калійных угнаенняў.

«Эканамічныя санкцыі – гэта палітычнае рашэнне наконт абмежавання гандлю, інвестыцыяў, паслугаў, людзей, грошай», – нагадвае Яраслаў Раманчук, кіраўнік навукова-даследчага цэнтру Мізэса.

Першыя ў гісторыі эканамічныя санкцыі, пра якія мы ведаем, мелі месца ў Старажытнай Грэцыі. Афіны пад страхам смерці закрылі гандлярам полісу Мэгара доступ у свае парты і гавані. Гаворка не пра порт гораду Афіны, а пра Афінскі партовы звяз, найвялікшае міждзяржаўнае абʼяднанне тых часоў. Забарону зыніцыяваў слынны дзеяч Перыкл (пры ім Афіны ўвайшлі ў залаты век) як пакаранне за тое, што мэгарцы прымалі беглых афінскіх нявольнікаў і займаліся земляробствам на святых для афінянаў памежных надзелах. Да таго ж былі і старыя рахункі. Поліс Мэгара без гандлю ледзь не сканаў, але на саступкі не пайшоў і звярнуўся да алігархічнай Спарты па вайсковую дапамогу. Гэта стала адной з прычынаў Пэлёпонэскае вайны – першага ўзброенага канфлікту, пра які захавалася дастаткова падрабязных сведчанняў яго сучаснікаў.

«Канфрантацыя значна змяншае магчымасці для эканамічнага росту, для абмену тэхналогіямі. І ўвогуле замаруджвае развіццё», – кажа Андрэй Казакевіч дырэктар інстытуту «Палітычная Сфера».

Таму, як тлумачыць палітолаг, у новай гісторыі Еўропы і Амерыкі заўжды былі палітыкі і бізнесоўцы, якія супрацьстаялі ўвядзенню санкцыяў адносна аўтарытарных і таталітарных рэжымаў, нават з імперскімі амбіцыямі. Пра такіх Уладзімір Ленін казаў, што яны самі стануць спонсарамі будучай ваеннай перамогі Савецкага Саюзу над імі. Фраза вядомая ў спрошчаным выглядзе: «капіталісты не проста прададуць нам вяроўку, на якой мы іх потым павесім, яны дадуць нам яе ў крэдыт».

Санкцыі і актыўны гандаль між СССР і краінамі NATO у рознай прапорцыі суіснавалі ў часы Халоднае вайны – краіны Захаду куплялі ў Крамля энергарэсурсы і адначасова абмяжоўвалі доступ краінам сацлагеру да высокіх тэхналогіяў, каб прытармазіць іх у гонцы ўзбраенняў.

Здаецца, дзе Бабруйск і Гомель, а дзе Вашынгтон? На іншым баку планеты, у іншых гадзінных паясах. Але калі Савецкі Саюз прымусіў імігрантаў плаціць вялізныя грошы за выезд – назваўшы гэта падаткам на вышэйшую адукацыю – Злучаныя Штаты заканадаўча абмежавалі гандаль з дзяржавамі, якія парушаюць правы грамадзянаў і незаконна абмяжоўваюць вольную эміграцыю. Крэмль быў вымушаны хутка скасаваць абмежаванні, і шмат хто з нашых суседзяў і сваякоў змог выехаць у Аўстрыю, Амерыку ды Ізраіль.

Адпаведную заканадаўчую папраўку ў амерыканскія законы ў 1974-м годзе ўвялі кангрэсмены Гэнры Джэксан і Чарлз Вэйнік. Папраўка Джэксана–Вэйніка стала адной з прычынаў, чаму Савецкі Саюз разваліўся, і толькі тады яе перасталі ўжываць.

Эканамічныя санкцыі ў дваццатым стагоддзі ўводзілі супраць розных краінаў. За парушэнні правоў чалавека, генацыд, расавую сегрэгацыю.

«(Паўднёвая) Афрыка, калі быў там апартэід супраць чорнага насельніцтва, Паўночная Карэя, потым Іран. І гэтыя санкцыі накіраваныя на тое, каб прымусіць рэжым змяніць свае паводзіны», – нагадвае Яраслаў Раманчук.

Перадусім, каб прымусіць сесці за стол перамоваў. Каб у праблемных рэгіёнах не даходзіла да войнаў і генацыдаў, на злачынныя рэжымы звычайна ціснуць і псіхалагічна, і эканамічна-фінансава.

«Асноўная мэта – пазбавіць палітычную сістэму ўнутраных сродкаў для арганізацыі рэпрэсіяў», – тлумачыць беларускі палітолаг Павел Усаў.

«Каб былі адпушчаныя палітзняволеныя, ці каб краіна пайшла на супрацу з міжнароднымі агенцыямі, якія забяспечваюць да кантролю, напрыклад, у ядравых тэхналогіях», – нагадвае Андрэй Казакевіч.

Менавіта міжнародныя санкцыі прымусілі Іран сесці за стол перамоваў і прыпыніць сваю ракетна-ядравую праграму, замаскаваную пад «мірны атам». Пра атамныя электрастанцыі як прыкрыццё для стварэння ядравай бомбы мы распавядалі ў «Глабальным пытанні» 27-га верасня.

«Кітай і Расея далучаліся да санкцыяў супраць Ірану, звязаных з яго ядравай праграмай. І ў выніку Іран пайшоў на перамовы па ядравай дамове», – прыгадвае Андрэй Казакевіч.

А вось эканамічныя санкцыі адносна Паўночнае Карэі то ўводзілі, то аслаблялі, і ў выніку Кім Чэн Ын стварыў і ядравыя бомбы, і міжкантынентальныя ракеты, здольныя даляцець да Амерыкі.

«Улады абсалютна не клапоцяцца пра сітуацыю з грамадзянамі, там паміраюць мільёны. У лагерах трымаюць тысячы людзей», – падкрэслівае Павел Усаў.

Калі мала валюты, гэта не значыць, што Кім Чэн Ын не будзе рабіць зброі масавага знішчэння. Гэта значыць, карэйскія дзеці будуць меней есці.

Да таго ж КНДР фактычна існуе за кошт Кітаю, якому выгадна ствараць рэгіянальнае напружанне.

Гэтаксама, як Аляксандр Лукашэнка мае істотную дапамогу Уладзіміра Пуціна, і эканамічную, і палітычную.

«Калі б такія санкцыі жорсткія, аднамаментныя, былі прынятыя ўсімі суседзямі, уключаючы Расею, тады беларускі рэжым не пратрымаўся бы і паўгода», – перакананы Яраслаў Раманчук.

Рэжым Уладзіміра Пуціна таксама пад санкцыямі Захаду – за анексію Крыму і гібрыдную вайну ў Данецкай і Луганскай вобласцях. Крыму Расея не аддае, сваіх войскаў, што маскуюцца пад баевікоў ДНР і ЛНР, выводзіць не хоча. Што ж рабіць?

Вось што думаюць пра санкцыі за напад РФ на Крым, Данецк, Луганск жыхары і госці Кіева:

«Патрэбна адключэнне ад сістэмы SWIFT і іншыя больш значныя крокі, якія бʼюць і па эканоміцы, і па палітычным аўтарытэце Расеі ў свеце».

«Перакрыць ім доступ да міжнароднай банкаўскай сістэмы. Пра гэта даўно казалі, але гэта крайняя мера. Але я думаю, што ўжо трэба».

«Урады Нямеччыны і Францыі не гатовыя ўзмацняць санкцыі, бо маюць эканамічныя інтарэсы з Расеяй».

«Расея ўжо навучылася абыходзіць санкцыі, абмяжоўвацца ўнутранымі рэсурсамі за кошт таго, што грамадзяне Расеі пагаджаюцца на прыніжэнні, на пагаршэнне матэрыяльнага становішча. Таму пакуль санкцыяў не дастаткова».

«Пэўны вынік мы бачым, бо ўсё гэта стрымала далейшую агрэсію».

«Наколькі я чула, у расейцаў цяпер праблемы, з пенсіямі, напрыклад. Чыста эканамічныя. Але Пуціну на грамадзянаў глыбока напляваць, таму гэта можа і не паўплывае».

Каб прымусіць краіны Захаду зняць санкцыі за Крым і Данбас, Масква ўвяла сваё эмбарга – забараніла імпарт заходніх харчоў. І расейцы сталі менш есці чагосьці нерасейскага. Але Еўразвяз і ЗША крамлёўскія контрсанкцыі перажылі без крызісаў – бо маюць значна большыя рынкавыя магутнасці.

«Прыкладаў паспяховых контр-санкцыяў, якія бы паўплывалі на прыняцце рашэнняў міжнароднымі арганізацыямі ці нацыянальнымі ўрадамі, я не памятаю ніводнага», – кажа Аляксандр Марозаў.

Расея ахвотна вядзе гандлёвыя войны супраць асобных краінаў. Пасля загаду з Крамля Рассельгаснагляд імгненна забараняе імпартныя тавары пад нагодаю абароны якасці.

«Для таго, каб дабіцца больш спрыяльных паводзінаў з боку Беларусі, Малдовы. Узгадаем сітуацыю з вінамі ў дачыненні да Грузіі», – нагадвае Андрэй Казакевіч.

У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка, каб прымусіць дэмакратычныя дзяржавы зняць ранейшыя санкцыі, пагражае ім трэцяй сусветнай вайной і шукае хаўруснікаў сярод краінаў, дзе таксама парушаюць правы чалавека.

«Мы бачым беспрэцэдэнтны рост аднабаковых прымусовых захадаў і працяглых спробаў некаторых дзяржаваў навязаць штучныя шаблоны сацыяльна-эканамічнага развіцця незалежным краінам. Беларусь адчула гэта на сабе», – заявіў намеснік міністра замежных справаў Сяргей Алейнік падчас саміту Руху Недачынення.

«Санкцыі – гэта не самамэта, яны мусяць прывесці рэжым у Беларусі да пытання, ці выгадна трымаць людзей у турмах, біць і рэпрэсаваць іх, калі гэта прыводзіць да гаспадарчых санкцыяў. На жаль, адказам беларускага боку далей застаецца эскалацыя ўнутранай агрэсіўнай палітыкі, скіраванай на грамадзянскую супольнасць», – распавёў «Белсату» віцэ-міністр замежных справаў Польшчы Марцін Пшыдач.

Лукашэнка знайшоў агрэсіўны спосаб прымусіць Еўразвяз зняць абмежаванні і «перагарнуць старонку», заплюшчыць вочы на рэпрэсіі ў Беларусі. Арганізацыя масавай нелегальнай міграцыі на Захад праз нашую мяжу спарадзіла палітычныя хваляванні і дзяржаўныя выдаткі ў нашых суседзяў – Латвіі, Літвы і Польшчы.

«Мы сваёй палітыкі не зменім, Польшча і Еўразвяз будуць далей абараняць свае межы. Клопаты з мігрантамі, на жаль, застануцца ў Беларусі, але за гэта адказнасць нясе Аляксандр Лукашэнка», – заявіў Марцін Пшыдач.

Лукашэнка так востра рэагуе на санкцыі Захаду, бо яны дайшлі да дзейнага ўзроўню, тлумачыць палітолаг Аляксандр Марозаў:

«Хаця і Расея, і Беларусь пастаянна распавядаюць, што ў іх нібыта расце замежна-гандлёвы абарот, што ён аднаўляецца, і што санкцыі не сказваюцца на эканамічным росце, тым не менш, эканамічныя страты пралічваюцца, яны ёсць, і яны аказваюць уплыў».

Казаць пра заняпад беларускае гаспадаркі яшчэ рана, мяркуе Яраслаў Раманчук. Разам з тым, якасна і дакладна ацаніць яе стан цяпер немагчыма:

«Інфляцыя ў нас паказнік скарумпаваны, бо 55-60% цэнаў рэгулюецца. Дырэктары камерцыйных прадпрыемстваў робяць усё, каб на паперы ўсё было добра. Ім сказалі не падымаць цэны – яны на паперы іх не падымаюць. Потым мы бачым, што ўлады засакрэцілі амаль 35% экспарту тавараў, які падпадае пад санкцыі. Што там робіцца, мы не ведаем».

Усе адмыслоўцы пагаджаюцца, што эканамічныя санкцыі звычайна прымушаюць дыктатараў ісці на саступкі – напрыклад, выпусціць палітвязняў. Але адныя толькі санкцыі амаль ніколі не прымушаюць іх пайсці з пасады. Занадта моцна трон прырастае.

падтрымку «Беларусь мае замежную з боку Расеі. Таму чакаць, што санкцыі эканамічныя прывядуць да імгненнага эфекту, няправільна. Санкцыі, асабліва эканамічныя, яны маюць доўгатэрміновы накірунак», – тлумачыць Павел Усаў.

Разам з тым, эканамічнае супрацьстаянне можа быць такім жа непрадказальным, як і баявыя дзеянні. А Лукашэнка і ягоныя памагатыя штодня абвастраюць сітуацыю на мяжы з Еўразвязам, і ўва што яно выльецца, пакуль ніхто не ведае.

Эканамічныя санкцыі і візавыя абмежаванні – гэта не мэта, а інструмент стрымлівання аўтарытарных рэжымаў ад ваеннай агрэсіі і ўнутраных рэпрэсіяў. Але гэта і не чароўная палачка, якая ўмомант пазбавіць людзей прыгнёту дыктатуры. Свабода народу залежыць перадусім ад рашучасці і арганізаванасці саміх грамадзянаў.

Наступнае «Глабальнае пытанне» – праз тыдзень.