Усяслаў Брачыславіч: зрабіў Полацк калыскаю беларускай дзяржаўнасці


Усяслаў Брачыславіч нарадзіўся ад «валхвавання», ператвараўся ў ваўка, збудаваў Сафію і стаў першым паспяховым палітыкам нашай гісторыі. Пры ім Полацк зрабіўся калыскаю беларускай дзяржаўнасці. Хто ён быў насамрэч? І як узнік міф пра Усяслава Чарадзея?

14 красавіка 1101 года ў Полацку памёр той, хто стаў легендай яшчэ пры жыцці, – Усяслаў Брачыславіч, ці, як яго яшчэ называюць, Усяслаў Чарадзей.

«Менавіта Усяслаў умацаваў Полацкае княства настолькі моцна, што дынастыя полацкіх князёў, нягледзячы на пастаянны ціск Кіева, дажыла да часу ВКЛ і ўлілася ў крываток новай тутэйшай дзяржавы. Таму мы і кажам, што нашая гісторыя пачынаецца ад Полацку», – тлумачыць Цімох Акудовіч, вядоўца праграмы «Вусы Скарыны».

Усяслаў Полацкі нарадзіўся каля 1029 года ў сям’і Брачыслава Ізяславіча. Ён належаў да дынастыі Рагвалодавічаў, якая брала пачатак ад легендарнага князя Рагвалода.

Вусы Скарыны
Князь Рагвалод з Полацку. Першы ў пантэоне беларускай гісторыі
2022.11.07 18:47

У летапісах занатавана, што ён нарадзіўся «ад валхвавання» і меў на галаве знак – ці то радзімую пляму, ці то частку плоднай абалонкі. Так ужо сваім нараджэннем ён быў адзначаны ў гісторыі.

У 1044 годзе Усяслаў Брачыславіч стаў княжыць у Полацку, пасля чаго на дваццаць гадоў ён выпадае з летапісаў. Але на той час гэта было знакам таго, што ў дзяржаве Усяслава гаспадарыў мір, а ягоная сталіца Полацк хутка развівалася. Менавіта ў гэты час дзядзінец гораду з берагу ракі Палаты быў перанесены на высокі ўзгорак на беразе Дзвіны. І на замчышчы пачалі ўзводзіць першы каменны будынак на тэрыторыі Беларусі – сабор Святой Сафіі. Да таго храмы з такой назваю гаспадары Кіеўскага княства Яраславічы збудавалі ў Кіеве і Ноўгарадзе.

У 1065 годзе паміж Яраславічамі і Усяславам Брачыславічам пачалася вайна: полацкі князь захапіў Ноўгарад, а кіеўскія – спустошылі старажытны Менск. 3 сакавіка 1067 года яны сустрэліся ў бітве на рацэ Нямізе.

Як Усяслаў апынуўся ў Кіеве – і пры чым тут першы кіеўскі майдан? Як ён вярнуўся ў Полацк? Як паўстала легенда пра Усяслава Чарадзея? Глядзіце ў новым выданні праграмы «Вусы Скарыны».

Праграму «Вусы Скарыны» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, у архіве на нашай старонцы або на канале YouTube.

Калаж з фота: Wikimedia Commos