Беларусы здзейснілі мару палітычнай блогеркі Вольгі Такарчук, датычна якой распачалі крымінальную справу


Надоечы мы распавядалі гісторыю неабыякавай блогеркі і актывісткі Вольгі Такарчук, якая атрымала 4 штрафы на 120 базавых і адседзела на Акрэсціна за тое, што выказвала сваю пазіцыю і расказвала праўду ў сваім відэаблогу. Днямі Вольга чарговы раз выйшла з турмы, датычна яе распачалі крымінальную справу.

Палітычная блогерка Вольга Такарчук з сям’ёй.
Фота: Белсат

У папярэднім выданні праекту «Беларус беларусу» Вольга падзялілася з намі, што марыць пра неабходную для якасных стрымаў тэхніку і БЧБ-сцяг. Пагатоў, ейны камп’ютар канфіскавалі пры другім затрыманні.

«Мне доўга званілі ў дзверы, адключылі святло, выбівалі аграменным металічным ломам дзверы… Мне прыпісваюць «абразу службовай асобы». У нас жа ў краіне як: быў бы чалавек – а артыкул знойдзецца», – падзялілася блогерка.

Неабыякавыя беларусы, нашыя гледачы, падтрымалі Вольгу ўсімі магчымымі спосабамі – проста закідалі яе падарункамі. Паводле самой гераіні, намалявалі ейны партрэт, перадавалі цукеркі, не адзін, а тры вялізныя сцягі, а самае галоўнае – забяспечылі ўсёй неабходнай для працы тэхнікаю, каб яна зноў магла весці свой youtube-канал.

«Мяне проста задарылі падарункамі пасля нашае апошняе сустрэчы! Беларусы проста неймаверныя людзі! І – няхай нават праз такія цяжкія падзеі – мы даведаліся, якія мы класныя. Што ад мяне залежыць – дзеля такіх людзей я буду рабіць усё па максімуме, што я магу рабіць!» – усцешваецца Вольга.

Блогерка Вольга Такарчук з сынам.
Фота: Белсат

Калі вы хочаце падзяліцца сваймі гісторыямі або падтрымаць іншых нашых герояў (гэта можна зрабіць як публічна, так і ананімна), звяртайцеся да нас: belarus2belarus@gmail.com

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога.