Тры сястры адбівалі людзей у пяцёх амапаўцаў


У Лукер’і шэсць дачок. Дзве з іх ужо год за кратамі. Паводле крымінальнай справы. У Менску засталіся дзве дачкі. Адна мусіла выехаць за мяжу. Калі сям’я збіраецца за святочным сталом, ніхто не ведае, калі давядзецца ўсім разам абняцца зноў.

Мама і сястра затрыманых дзяўчат дзеляцца ўражаннямі і ўспамінамі.

Пра дачок

«Дзве мастачкі мае сядзяць, яны былі добрымі дзяўчаткамі і ў гімназіі, і ў каледжы, столькі падзякаў атрымала за іх. Анастасія з чырвоным дыпломам скончыла каледж. Пасля паступіла ў Акадэмію мастацтваў. Вось з апошняга курсу яе і адлічылі…»

«У Вікі праблемы са шчытавіцаю былі. Праз гэта яна страціла шмат валасоў. І на нейкі час знайшла такое выйсце – проста пагаліць усю галаву. Праз гэта на яе была дзіўная рэакцыя, міліцыя магла падысці на вуліцы».

«У дзень выбараў дзяўчаты пайшлі да Нямігі – пасля шпацыру збіраліся ехаць да мамы. Інтэрнэт быў адлучаны. Дзяўчаты сустрэлі маладую пару – хлопца і дзяўчыну, тых спрабавалі затрымаць сілавікі, перадусім хлопца. Дзяўчаты падбеглі і прасілі, каб яго адпусцілі, спрабавалі неяк паўздзейнічаць на сілавікоў. І ўжо праз 10 хвілінаў усіх затрымалі. Праз 3 дні дзяўчат выпусцілі з турмы».

Сёстры прабуюць абараніць хлопца ад амапаўцаў.
Фота: «Белсат»

«Я ўжо, шчыра, думала: ніхто іх чапаць не будзе. Яны ж нічога не зрабілі. І ў той момант Сашка збіралася з’язджаць. І сказала: «Калі я цяпер не паеду, баюся, што ўжо не выберуся адсюль». У яе быў загадзя набыты квіток. Гэта ж усё дорага. Пералёт у Бразілію. Яна збірала на гэты білет. Ашчаджала».

«І вось як толькі яна зʼехала, прыехалі і забралі дзяўчат, па чарзе. Нібыта неба апусцілася нада мною, так мяне прыціснула, што сядзела ў ступары. Доўга не магла нічога сцяміць: як, што, чаго… Што рабіць? Як быць?

Потым пачала тэлефанаваць. І сказалі, што яны нібыта перашкаджалі затрымліваць. Пахапалі дзяўчатак.

Усе голыя. Насця голая – куртка засталася там, у РУУС. Вікторыйку з дому забралі. Без шкарпэтак. Без курткі. Немаведама якую забойцу-злачынцу».

«Я ведала, што ў нас бясчынства. Але каб да такой ступені… Што яны такога зрабілі, каб іх хапаць і садзіць у турму? Людзей не забівалі. Людзей не збівалі. Балончыкамі ў твар не пырскалі. Яны не злачынцы.

Насці прысудзілі 2 гады зняволення. Віцы – 2,5 года. Яны цяпер у Гомлі. У жаночай калоніі № 4».

Абноўлена
«Вы – гераіні». Сёстрам прысудзілі калонію, бо схапілі міліцыянтаў «у вобласці локцевага сустава»
2021.04.01 13:21

«Усё нашае жыццё цяпер завязанае на тым, каб адсочваць, як іхныя справы. Самае галоўнае, як іхнае здароўе. Мы вельмі хвалюемся, каб не сапсавалі там ім здароўе».

«Наогул, да апошніх падзеяў я заўсёды ўсім казала: калі нешта здараецца, акрамя сямʼі, не дапаможа ніхто. Але, аказваецца, шмат людзей, якія гатовыя прыйсці на дапамогу ў розных сітуацыях».

«Увесь гэты час знаходзіліся людзі, якія пісалі, тэлефанавалі, нешта перадавалі. Пісалі вельмі шмат лістоў дзяўчаткам. Вялікі дзякуй!»

«Віка сама асабіста мне пісала, што яе вельмі натхнялі гэтыя лісты. Дзяўчаткі ўсім імкнуцца адказваць заўсёды. І вельмі гэтая падтрымка… Яна натхняе і спыняе ўпадніцкія настроі у сабе…»

Вераніка Міронцава.
Фота: «Беларус беларусу»

«Вікторыя яшчэ пісала, перажывала: маўляў, вось я там, калі была на Валадарцы, перапісвала вершы беларускіх пісьменнікаў… І ў яе гэты сшытак адабралі. Сказалі: калі будзеш, маўляў, выходзіць, табе аддамо».

«І пісала: «як бы ні склаўся далейшы лёс, я з Беларусі нікуды не паеду. Хачу паездзіць. Вельмі шмат прыгожых мясцінаў. Хачу ўсё гэта пабачыць». Ну, яна ж мастачка».

«Ва ўніверсітэце яе адзначалі педагогі як адну з найлепшых студэнтак. У адным з лістоў яна яшчэ мне пісала, што нейкі час, пакуль вучылася ва ўніверсітэце, у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, яна яшчэ крыху сумнявалася наконт сваёй прафесіі. Ці туды, маўляў, прыйшла? Бо прафесія мастака… яна вельмі складаная такая. І неадназначная. Гэта яшчэ трэба ўмець сябе падаць, каб гэтым зарабіць.

Але, трапіўшы ў калонію, яна мне цвёрда сказала, у апошнім лісце напісала: «Як жа я магла так сумнявацца? Вядома ж, гэта маё. Вядома, я мастачка». Ёй вельмі гэтага не стае. І яна як мастак спрабуе сябе выказваць. Вось гэтыя малюначкі, што яна дасылае, гэта яна свой настрой паказвае. Сваё стаўленне да свету. У яе вельмі шмат што памянялася. Яна гаворыць пра гэта. Што яна вельмі шмат што пераасэнсавала».

Малюнак з сямейнага архіва Міронцавых:

Малюнак з сямейнага архіва Міронцавых
Малюнак з сямейнага архіва Міронцавых
Малюнак з сямейнага архіва Міронцавых
Малюнак з сямейнага архіва Міронцавых
Малюнак з сямейнага архіва Міронцавых
Малюнак з сямейнага архіва Міронцавых
Малюнак з сямейнага архіва Міронцавых
Малюнак з сямейнага архіва Міронцавых
Малюнак з сямейнага архіва Міронцавых
Малюнак з сямейнага архіва Міронцавых
Малюнак з сямейнага архіва Міронцавых
Малюнак з сямейнага архіва Міронцавых

Пра мары

«Мо можна было б нейкія фарбы ёй купіць. Алейныя. Яны не псуюцца. Яны ляжалі б. Чакалі б Насцю. Калі яна прыйдзе, каб магла б заняцца сваёй улюбёнай творчасцю».

«Наогул, Віка часта піша ў лістах… Яна вельмі просіць маму сачыць за здароўем. Можа быць, хтосьці параіць добрага лекара. У мамы праблемы з нагамі – варыкоз. І мо ёсць у каго добры спецыяліст, да якога можна было б звярнуцца. Абследаванне прайсці».

Сёстры Міронцавы – дзяўчаты, якія пайшлі супраць сістэмы. Давайце дапаможам ім захаваць гэтую сямейную еднасць і застацца сям’ёй! Тымі сродкамі, якімі можам. Салідарнасцю і падтрымкай.

Лукер’я, маці палізняволеных.
Фота: «Беларус беларусу»

Калі вы можаце набыць фарбы і мастацкі рыштунак для сясцёр і дапамагчы з пошукам і аплатай лекара для Лукер’і (гэта можна зрабіць публічна або ананімна, з любога пункту свету), пішыце нам: belarus2belarus@gmail.com

Далучайся да нашай суполкі ў Facebook.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу а 18:50 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, наYouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.