Беларусы не далі дзяржаве забраць дзяцей палітвязняў Лаптановічаў


Юлію ды Ігара Лаптановічаў засудзілі ў гэтак званай «карагоднай справе». Ігару далі 2,5 года калоніі, а Юліі – 3 гады «хатняе хіміі». Пазней Юлію заарыштавалі зноўку – зараз яна чакае прысуду. Іхныя дзеці – у бабулі. Тая спярша не ведала, што рабіць. Але неабыякавыя беларусы не кінулі сям’ю Лаптановічаў у бядзе.

Калі Юлію ізноў арыштавалі, яе маці, спадарыня Таццяна, была ў роспачы: забралі дачку, забралі зяця, на ёй засталіся трое малых унукаў. Але нашыя гледачы падтрымалі нашых герояў напоўніцу! Усёй грамадой! Мы паразмаўлялі са спадарыняй Таццянай, якая цяпер гадуе трох унукаў, пра хвалю салідарнасці, якую яна адчула пасля выхаду нашай праграмы.

Беларус беларусу
Кіраўнік РАУС – жонцы палітвязня: «Яго пасадзілі – і цябе пасадзім». І пасадзіў. Малыя дзеці засталіся без бацькоў
2021.10.29 19:50

Калі выйшла праграма пра Юлію ды Ігара, да нас пачалі пісаць шмат людзей з прапановамі рознай дапамогі. Усіх іх мы перанакіроўвалі да спадарыні Таццяны. Яна кажа, што атрымала самыя розныя рэчы: ад кніг і гульняў да шкарпэтачак і маечак, шмат цукерак. Нашыя гледачы ажыццявілі мару ўнукаў спадарыні Таццяны – падарылі ім кампʼютар. Асабліва прыдаліся грошы: яны цалкам пайшлі на ложкі. Справа ў тым, што адно з патрабаванняў апекі, каб у кожнага дзіцяці было асобнае спальнае месца і стол.

Для спадарыні Таццяны нават проста паштоўка – падтрыманне. Яна адчула, што яна не адна, што добрых людзей вакол шмат, і што кожны хто як можа, так і дапамагае. Гэта быццам падвойвае сілы.

«Божа, ну вось жылі да гэтага часу і здавалася, што свет увесь стаў злы, – дзеліцца спадарыня Таццяна. – Але выявілася – не! А людзей-та добрых шмат! І адначасова з табой так, як ты, думаюць… Людзей такіх, дальбог, безліч. Значыцца, мае дзеці нездарма былі такія ўпэўненыя ў гэтым ува ўсім».

Ігар і Юлія ў 2020 годзе. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Спадарыня Таццяна распавяла, як прайшоў чатырнаццаты дзень нараджэнне Данілы 2 снежня. Сярод іншага ён атрымаў паштоўкі ад мамы з татам. Калі бабуля папрасіла ўнукаў загадаць жадання, тыя ў адзін голас сказалі: «У нас адно жаданне на траіх». На што бабуля адказала: «Не, не на траіх. На чацвярых».

Дзеці вылічылі, калі тата вернецца. Бабуля сказала: «Усё, Данечка. 9-ы клас, выпускны, будзе з татам… Ужо з табой». Пра маму – пакуль невядома.

Ігар Лаптановіч з дзецьмі.
Фота: сямейны архіў герояў

Мы запыталіся пра цяперашнія жаданні дзяцей. Яны падзяліліся: аквапарк, паездка ў Менск, свята. І ўсё гэта (і не толькі гэта!) адбудзецца дзякуючы Суполцы беларусаў Італіі. І нашым гледачам.

Напрыканцы нашай размовы і навінаў пра яшчэ большае падтрыманне ад неабыякавых гледачоў спадарыня Таццяна зусім расчулілася.

«Я сама кухарам раблю, і ў мяне вельмі смачныя пірагі атрымліваюцца. Таму, людзі, як будзе ўсё добра – прыязджайце ў госці! Я вам пірагоў напяку! Якія вы ўсе прыгожыя! Якія вы ўсе класныя!» – узрушылася нашая гераіня.

З вамі праект «Беларус – беларусу». Праграма, якая сведчыць пра тое, што беларускую салідарнасць немагчыма знішчыць. Калі вы хочаце падтрымаць нашых сённяшніх герояў, публічна або ананімна, з любога пункту свету – лістуйце да нас: belarus2belarus@gmail.com.

I памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога!

Далучайцеся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу а 18:30 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.