Жыццё за кратамі: як выжыць у турме


Як за кратамі адносяцца да палітычных зняволеных? Якім чынам улады спрабуюць ціснуць на зэкаў і як яны з гэтым спраўляюцца? Што прыдумваюць зняволеныя, каб выжыць у калоніях? Даведаемся ў праграме «Шчыра кажучы».

Паводле міжнароднай базы «World Prison Brief», Беларусь трапіла ў еўрапейскія лідары паводле колькасці зняволеных, заняўшы ў сусветным рэйтынгу 21-е месца з 223-х. Але гэта без уліку тых, хто трапіў за краты пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Як змянілася гэтая статыстыка пасля апошніх палітычных падзеяў у краіне, можна толькі здагадвацца. Між тым, у беларускім Крымінальным кодэксе няма палітычных артыкулаў. Але праваабаронцы на гэты момант прызналі палітычнымі вязнямі каля 300 асобаў.Чаго не варта рабіць за кратамі, каб не трапіць у паніжаны статус?

«Трэба пазбягаць усялякіх аповедаў пра сябе, пра сваё асабістае сексуальнае жыццё, бо гэта нікога не датычыць. Па-другое, нельга прыбірацца. Прыбіраць на зоне нельга. Нельга мыць парашу, нельга браць чужыя рэчы, нельга працаваць на адміністрацыю, нельга лаяцца матам, бо ў любым грамадстве матам нельга лаяцца. Цябе проста пацягнуць за словы – і ўсё», – адзначае былы вязень.

Калі падаецца, што ў Беларусі сядзяць толькі мужчыны, то гэта не так. Нашая краіна займае першае месца ў Еўропе паводле колькасці зняволеных жанчын. Паводле міжнароднай базы «World Prison Brief», ад усіх зняволеных у Беларусі гэты паказнік складае амаль 11 %.

«Лічу, што жанчын у турме наагул няма. Ты больш не адчуваеш сябе жанчынаю. Бо ты разгружаеш машыну, пастаянна носіш нейкія цяжкія рэчы. Ты не можаш нармальна памыцца, увесь час дрэнна выглядаеш. Мне вельмі пашанцавала: я была ў атрадзе, дзе быў спецыяльны адбор. Так, нават такое ёсць. Туды сялілі выключна нармальных, адэкватных, якія вялі да гэтага нармальны лад жыцця», – расказвае Юлія Трубаноўская, якая сядзела за разбой.

Кіраўнік Цэнтру сацыяльных і эканамічных даследаванняў «CASE Belarus» Серж Наўродскі раней заяўляў, што, паводле ягоных падлікаў, у Беларусі сярэдні тэрмін утрымання пад вартаю складае болей за 6 гадоў, а дзяржаве ўтрыманне ўсіх зняволеных за год абыходзіцца ў $ 40–50 мільёнаў.

Таксама ў праграме «Шчыра кажучы»:

  • З кіберзлачынца – у папулярныя блогеры.
  • Толькі беларуская пенітэнцыярная сістэма нялюдская?
  • Як работнікі месцаў зняволення пераймаюць звычкі зэкаў.

Belsat.eu