Тэорыя змовы: хто кіруе ўсім чалавецтвам?


Прыйшоў час сказаць праўду. Сказаць тое, што ўсе іншыя баяцца сказаць. Бо ёсць тыя, хто кантралюе ўсе СМІ ў свеце. Яны ва ўладзе. Яны ў бізнесе. Яны кантралююць усё чалавецтва, дамовіўшыся між сабой, падзяліўшы зоны ўплыву. Гэта… Сустракалі такое? Нам кажуць, што ўсё ў свеце пад кантролем нейкае групы, якая таемна захапіла ўладу і цягае туды-сюды сакрэтныя спружыны палітыкі. Але навошта? І чаму тады ўсё навокал такое нелагічнае? Сённяшняе «Глабальнае пытанне» пра тое, што такое тэорыі змовы, і чым яны небяспечныя.

Любая тэорыя змовы мае адметныя рысы – гэта вера ў патаемную сувязь усіх важных гістарычных падзеяў. І ў тое, што ёсць «мы» – простыя людзі, і ёсць «яны» – нейкая сакрэтная група, гэтыя падзеі зарганізавала, і маніпулюе простымі людзьмі. Канспіролагі вераць не толькі ў схаваны сусветны ўрад, але і ў татальны кантроль з боку масонаў, ілюмінатаў, прыхадняў з космасу.

«Іх у папуляцыі каля 10 % – тых, хто стабільна верыць, што ёсць нейкія масоны. І каля 20 % у крызісныя часы, калі вайна ці эпідэмія, далучаюцца да гэтых 10 %», – кажа Людміла Камашко, адмысловец Адэскага абласнога Цэнтру практычнай псіхалогіі.

Вераць нават у рэптылоідаў – прыдуманую расу паўлюдзей-паўяшчараў, якія расставілі сваіх лускаватых прадстаўнікоў на ўсе галоўныя пасады: ад прэзідэнтаў да каралевы Вялікае Брытаніі. Доўга жыве і кіруе – вядома, рэптылоід.

Як ні дзіўна, але жыць канспіралогіяй некаторым людзям прасцей, чым логікай, тлумачыць філосаф Таццяна Шчытцова. Асабліва ў сённяшнім складаным свеце.

«Хуткасць зменаў жыцця, розныя рызыкі, выклікі, небяспекі… Асобнаму чалавеку прасцей схапіцца за нейкую нават абсурдную ідэю, калі яна дапамагае яму патлумачыць і зразумець рэчаіснасць», – тлумачыць прафесар Еўрапейскага Гуманітарнага Ўніверсітэту.

Важны атрыбут канспіралогіі – «улады хаваюць праўду». Напрыклад, тысячы прыхільнікаў тэорыі пляскатае Зямлі вераць, што ўсе здымкі з космасу – падробка, верыць можна толькі сваім вачам, а ілюмінатары ў самалётах адмыслова зробленыя так, каб выгінаць гарызонт. Для іх не існуе прагрэсу, а ўсе навуковыя доказы – не доказы. Бо тэорыі змовы, як правіла, базуюцца на магічным мысленні – веры ў тое, што на рэчаіснасць можна ўплываць сімвалічнымі дзеяннямі, рытуаламі і думкамі.

«Мы з вамі цывілізаваныя, умоўна кажучы, маем малы налёт цывілізацыі, якому не так шмат гадоў. За што адказвае нашая перадфрантальная кара. І як толькі пачынаюцца нейкія стрэсавыя падзеі, нейкія крызісы, злятае ўся нашая цывілізаванасць – і мы пачынаем дзейнічаць на ўзроўні магічнага мыслення», – усміхаецца Людміла Камашко.

Вы заўважалі гэтыя квадрацікі на касметычных сродках? Гэта таемны знак «для сваіх». Чорныя квадрацікі насамрэч азначаюць, што гэта «хімоза». Чырвоны – на 70 % складаецца з хіміі, а на 30 % натуральны. І толькі зялёны квадрацік – гэта таемны знак сапраўднае натуральнасці.

Прынамсі, такую версію распаўсюджваюць тысячы карыстальнікаў інтэрнэт-форумаў. А вось тэхнолагі ведаюць, што гэты значок патрэбны для фотаэлементу ў аўтамаце, які робіць цюбікі, рэжа іх роўна вось тут. Самыя бессаромныя маркетолагі скарысталі гэты міф, пазелянілі значкі і ўзнялі продажы.

З канспіролагаў часта смяюцца. Гэтак, у Злучаных Штатах нядаўна зʼявіўся рух, які даказвае, што птушак не існуе, а над намі лётаюць птушкападобныя дроны.

«Сутнасць руху – папярэдзіць людзей, што з 1959 па 2001 год улады бязлітасна згенацыдзілі больш за 12 мільярдаў птушак і незаўважна замянілі іх на назіральныя беспілотнікі, якія штодня запісваюць нас такім жа чынам, як і гэтыя камеры», – заяўляў у студыі амерыканскага тэлебачання Пітэр Макінда, прадстаўнік руху «Птушак не існуе».

Рух пачынаўся, як сатырычны праект, кепікі з сапраўдных канспіролагаў. Але пазней да яго далучылася маса людзей, скажам так, з псіхалагічнымі праблемамі і адчуваннем параноі.

Падобным чынам развіваўся сюжэт у рамане «Маятнік Фуко» італьянскага пісьменніка Умбэрта Эка, які выдатна апісаў самую сутнасць канспіралогіі. У рамане тры сябры-кнігавыдаўцы дзеля забавы распрацавалі ўласную тэорыю змовы, звязаную з сусветным уладарніцтвам і схаваным золатам ордэну тампліераў. Але так яны сабралі вакол сябе сапраўдных канспіролагаў, і ўсё скончылася вельмі трагічна.

«Калі табе кажуць, што гэта можа быць зʼява масонаў, рэптылоідаў… Ты пра іх нічога не ведаеш, таму не можаш нічога спраўдзіць. І проста пачынаеш лічыць, што свет не паддаецца прадказанню, рацыянальнаму асэнсаванню», – тлумачыць Вадзім Мажэйка, аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў.

Не варта думаць, што тэорыі змоваў дзесьці далёка. Ці памятаеце Марыю Дэві Хрыстос, нарадзінку Данеччыны Марыю Цвігун? У 1990-х яна ўзначальвала дэструктыўную секту «Белае братэрства», папулярную ў Беларусі, Расеі і Украіне, прадказвала хуткі Армагедон. Пасля захопу Сафійскага сабору ў Кіеве кіраўніцтва секты пасадзілі ў турму, але абяцаны канец свету і гэтым разам не наступіў.

Цяпер Марыя Дэві Хрыстос – Вікторыя Праабражэнская, жыве ў Маскве і вядзе відэалекцыі пра чыпізацыю ўсіх людзей і хімтрэйлы – паранаідальную тэорыю, што з пасажырскіх самалётаў на людзей распыляюць хімікаты.

«Для таталітарных грамадстваў вера ў тое, што ёсць нейкія змовы, ёсць мы і ёсць яны – больш натуральная. Гэта маніпуляцыя, інструмент улады. Таму людзі посттаталітарных грамадстваў больш вераць у сусветныя змовы», – нагадвае Людміла Камашко.

Гэтым могуць карыстацца не толькі лідары сектаў, але і ўлады ў суседніх таталітарных дзяржавах. Напрыклад, для прапаганды і інфармацыйных спецаперацыяў.

«Выкарыстанне інфармацыйных аперацыяў для Расеі – гэта важны элемент. Як і гібрыднай агрэсіі супраць Украіны – мы бачылі, як гэта рыхтавалася і ў інфармацыйнай прасторы. І таму Расея працягвае імі карыстацца. Бо з пункту гледжання Крамля, інфармацыйная агрэсія – гэта частка паспяховай замежнай палітыкі», – падкрэслівае Вадзім Мажэйка.

На жаль, словы пра інфармацыйную вайну з боку Расеі – гэта не тэорыя змовы, а жорсткая практыка, што суправаджала анексію Крыму і частковую акупацыю Данецкай і Луганскай вобласцяў. Розныя кантраляваныя Крамлём установы выконвалі і выконваюць адзіную задачу – разбурыць ці аслабіць украінскую самасвядомасць.

«Гэта можа быць і забойства журналіста ў цэнтры гораду, падрыў машыны (як гэта было з Паўлам Шараметам, я прынамсі лічу, што там ёсць расейска-беларускі след), і фэйкавыя заявы ці бясконцыя скандальныя ток-шоу на расейскіх федэральных каналах», – распавядае Таццяна Папова, якая з 2014-га года актыўна працуе ў галіне супрацьстаяння расейскай дэзінфармацыі ва Украіне.

І фабрыкі троляў – адмысловыя фірмы, дзе тысячы людзей на рэгулярным заробку пішуць каментары ў патрэбным замоўцу кірунку. Напрыклад, тэорыю змовы пра выдуманую дактрыну Далеса – нібыта план дзеянняў ЗША дзеля разбурэння Савецкага Саюзу і Расеі.

«З аднаго боку, гэта збіванне з панталыку. І спроба зрабіць, каб яны ў гэта паверылі. Паверылі, што Украінай кіруе Захад, паверылі, што ўсе заходнія вакцыны небяспечныя, бо іх стварыў Біл Гейтс, каб усіх чыпаваць», – тлумачыць Вадзім Мажэйка.

Ёсць і іншы спосаб інфармацыйнага апрацоўвання. Як прыгадвае Вадзім Мажэйка: пасля таго, як кантраляваныя Расеяй баевікі ДНР збілі ракетай малайзійскі «Боінг», расейскія СМІ і палітыкі запхалі інфармацыйную прастору самымі рознымі тэорыямі змовы. Нават казалі, што самалёт ужо быў загружаны трупамі і гэта быў спектакль.

«Нікога не пераконвалі, што ёсць адна праўдзівая версія, а пераконвалі ў дзясятку розных версіяў. Што збівалі яго з зямлі ці з неба. Ці гэта былі ўкраінцы, ці замежнікі. Ці гэта ўвогуле была паранармальная зʼява», – нагадвае аналітык.

Крэмль праводзіць інфармацыйныя спецаперацыі паўсюль, дзе ёсць ягоныя інтарэсы, тлумачыць былая намесніца міністра інфармацыйнае палітыкі Украіны Таццяна Папова: «ЗША, пра што яны неаднойчы заяўлялі і пацвярджалі гэты факт, гэта можа быць і Вялікая Брытанія, дзе, як лічыцца, яны прынялі ўдзел у Брэкзіце… У Злучаных Штатах яны прыдумалі гісторыю пра педафілаў ва ўладзе, у якіх ёсць змова педафілаў. «QAnon» у гэта паверыў, распаўсюджваў, і ў выніку быў захоп Капітолію».

«QAnon» – рух, які распаўсюджвае цэлы букет канспіралагічных тэорыяў і яднае дзясяткі тысяч людзей. Ён пачаўся 4 гады таму з аднаго допісу на ананімным форуме 4chan: «Загад аб экстрадыцыі Хілары Родэм Клінтан з учора дзеіць у шэрагу краінаў на выпадак спробы ўцёкаў за мяжу. Пашпарт на асаблівым кантролі з 00:01 ночы 30 кастрычніка. Чакаюцца масавыя беспарадкі праціўнікаў ды іншыя спробы ўцёкаў з ЗША. Аперацыю вядуць Узброеныя сілы ЗША, Нацыянальная гвардыя ўведзеная ў баявую гатовасць. Доказ: 30 кастрычніка знайдзіце байца Нацгвардыі ў любым з буйных гарадоў і спытайце, ці на баявым дзяжурстве ён»

Потым ананімны аўтар напісаў яшчэ тысячу канспіралагічных тэкстаў, у тым ліку што ўлады ЗША нібыта хаваюць таямнічую арганізацыю педафілаў, якая праз піцэрыі крадзе дзяцей, каб рабіць эліксір бессмяротнасці для Хілары Клінтан ды іншых палітыкаў.

«Мы кажам пра выкарыстанне ўсіх гэтых глыбокіх падземных базаў па ўсёй планеце, блізка звязаных у адну эфектыўную машыну, як казаў Джон Кенэдзі – малодшы, машыну спалучаных вайсковых, дыпламатычных, выведных, навуковых, эканамічных і палітычных аперацыяў», – заяўляў Джэк Энджэлі, вядомы, як «шаман» руху «Qanon».

Пра рух «QAnon» увесь свет дазнаўся ў студзені, калі яны разам з іншымі прыхільнікамі Доналда Трампа пайшлі на штурм Капітолію, бо Трамп не прызнаваў паразы ў выбарах. Тады загінулі 5 чалавек, больш за сотню атрымалі раненні. Частку ўдзельнікаў штурму арыштавалі, захады бяспекі павысілі, але кʼюанонаўцы працягваюць сваю дзейнасць.

У горадзе Далас, дзе быў забіты прэзідэнт Джон Кенэдзі, днямі сабраліся сотні канспіролагаў з «QAnon», каб чакаць уваскрашэння ягонага сына, Джона Кенэдзі – малодшага, які мусіў абвясціць Трампа каралём. Кенэдзі не ўваскрэс, Трамп не прыйшоў.

Але самы небяспечны на сёння – рух антываксераў.

«Людзі мусяць ведаць, што гэта ўсё робіцца адмыслова. Гэта не тэорыя змовы, гэта факт. У мяне быў высокі доступ да сакрэтных дакументаў, я ведаю патрэбных людзей – і ведаю, што адбываецца», – пераконваў журналістаў Ўільям Рой, прадпрымальнік са штату Пенсільванія.

Гаворка не пра людзей, што баяцца вакцынавацца з прычыны слабога здароўя. Рух антываксераў, сярод іншага, агітуе, што прышчэпка – гэта вірус на аснове алюмініевага жывога арганізму, што вакцына зменіць вашую ДНК, і што праз шпрыц уводзяць мікра-мікрачып, які мае кантраляваць увесь арганізм.

«Біл Гейтс казаў пра кантроль насельніцтва і дэпапуляцыю. Ідзецца пра кантроль, пра зняволенне ўсіх людзей», – заяўляў Майк Памрой, амерыканскі антываксер.

Падчас пандэміі антываксеры агітуюць не прышчапляцца. Але людзі паміраюць не ад вакцыны – ад каронавіруса.

«Калі мы баімся, нашыя рацыянальныя рашэнні адыходзяць на другі план. А на першы план выходзяць эмоцыі», – тлумачыць Людміла Камашко.

Гэтымі эмоцыямі можна карыстацца таксама і для інфармацыйных атак.

«Я брала нашых калегаў з Вялікай Брытаніі, Прагі і Украіны, з Адэсы, дзе мы выявілі сувязі між антыковіднымі мітынгамі і Расеяй, з РПЦ. Нават аднолькавыя плакаты людзі трымаюць у руках – «Не чыпаванню!» і гэтак далей», – нагадвае Таццяна Папова.

Самыя агрэсіўныя праціўнікі прышчэпак атакуюць пункты вакцынацыі – напрыклад, у польскім горадзе Замасць падпалілі санітарна-эпідэміялагічную станцыю.

А ва ўкраінскім Мікалаеве група канспіролагаў, што не вераць у існаванне каронавіруса, днямі спаралізавала працу пункту пералівання крыві, патрабуючы адказу, ці бяруць у донараў кроў з вакцынаю ўнутры.

І канспіралогія небяспечная нават для тых, хто ў яе не верыць.

«Тыя, хто пачуў столькі тэорыяў змовы, канспіралогіі, што пасля гэтага ім здаецца, што праўды не існуе, праўды мы ніколі не даведаемся, нас усе задураць», – тлумачыць Вадзім Мажэйка.

«Ці існуе праўда? Вядома, існуе. Іншая рэч, што сёння свет так змяніўся, у сілу інфармацыйных тэхналогіяў, інфармацыйных войнаў, прапагандысцкіх войнаў, гібрыдных войнаў, што пытанне аб праўдзе і дасягненні гэтай праўды і пазначэнні яе як важнага этычна-сацыяльнага феномену вельмі ўскладнілася», – кажа Таццяна Шчытцова, прафесар ЕГУ.

Але, як адзначае філосаф, праўда вельмі важная, каб людзі маглі жыць разам і давяраць адно адному.

Калі паглядзець на падзеі ў свеце з рацыянальнага, лагічнага пункту гледжання, то стане відавочна: грамадствам кіруе не Тайная Ложа, а Яўная Лажа. Агенты спецслужбаў дзейнічаюць, як школьнікі на экскурсіі, кіраўнікі дзяржаваў паддаюцца комплексам і эмоцыям – слабавата для таямнічага ўраду масонаў і рэптылоідаў. Але, калі ВЕРЫЦЬ у патаемную змову, то і гэтае «Глабальнае Пытанне» будзе толькі доказам яе існавання.