Полк Каліноўскага ўзяў палкавым лекарам расейца


У Расеі ягоным пацыентам мог зрабіцца Аляксей Навальны, але выйшла так, што ён лекуе беларусаў з палка Каліноўскага. Гэта Бора, палкавы доктар каліноўцаў.

На гэтым тыдні «Ваяры» сустрэліся з доктарам палка Каліноўскага, добраахвотнікам з пазыўным Бора. Да 2021 года жыў у Расеі, вучыўся ў медычным універсітэце, працаваў медбратам у хуткай дапамозе. Бора браў удзел у расейскіх незалежных акцыях і мітынгах, праз што ў 2021-м вымушана зʼехаў ва Украіну.

У 2022 годзе наш суразмоўца далучыўся да шыхтоў палка Каліноўскага. У ягоныя абавязкі ўваходзіць выезд на агляд параненых ваяроў у медычныя ўстановы і прызначэнне лекавання. Вось і ў дзень здымак «Ваяры» разам з Борам наведалі параненага каліноўца.

Наш суразмоўца парваў усялякую – нават моўную – сувязь з Расеяй, а з пачаткам поўнамаштабнай вайны канчаткова спыніліся дачыненні нават з бацькамі.

Вяртацца ў Расею Бора не плануе, сваю будучыню звязвае з Украінаю.

«Вызваленне Беларусі – здаецца, што гэта працэс, які напраўду не можа адбыцца баявым шляхам. Я мяркую, што спачатку павінна быць пераможаная Масква, а пасля гэтага ўжо без падтрымання, якое Беларусі дае Расея, і абрынецца рэжым Лукашэнкі», – адзначае Бора.

Праграму «Ваяры» глядзіце кожную нядзелю на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн, у закладцы «Праграмы» на нашай старонцы або на канале YouTube.