Уцёк ад сілавікоў і трапіў пад Бахмут у полк "Пагоня"


Ягор удзельнічаў у пратэстах 2020 года, быў моцна збіты сілавікамі і трапіў у полк «Пагоня», ваяваў пад Сівэрскам і Бахмутам. Цяпер яму патрэбная дапамога. Таксама ў «Беларус беларусу» падзяка ад Віталя Тысева, аперацыя якога прайшла паспяхова.

Ягор апынуўся ва Украіне зімою 2021 года, калі пераехаў туды пасля ўдзелу ў пратэстах супраць вынікаў сфальсіфікаваных Лукашэнкам выбараў. У 2020-м ён быў моцна збіты сілавікамі, гэтым прыцягнуў увагу фатографа «Reuters» і зрабіўся сусветна вядомым. Асуджаны праз «Skype» з псеўдасведкам у балаклаве, Ягор пасля такога прыйшоў на лінейку ў медычным каледжы ў белым і чырвоным адзенні з нацыянальным сцягам на плячах.

У першы ж дзень вайны ва Украіне Ягор спрабаваў далучыцца да ЗСУ, але трапіць на фронт здолеў толькі разам з беларускімі добраахвотнікамі ў складзе палка «Пагоня». У баях у Данецкай вобласці стаўся сведкам трагічнай смерці свайго пабраціма з пазыўным Жнец. Затым пад Бахмутам беларусы абаранялі Украіну ад вагнэраўцаў.

Пазней Ягор (пазыўны Філ) сышоў з войска і цяпер працуе ў Варшаве ў дастаўцы. Ён звяртаецца з просьбаю дапамагчы яму ў зборы сродкаў на электраровар, бо ягоны ровар зламаўся. Магчыма, нехта пажадае дапамагчы Ягору знайсці іншую працу. На дадатак, магчыма, сярод гледачоў нашай праграмы знойдзецца псіхатэрапеўт, які б пагадзіўся папрацаваць з Ягорам бясплатна.

Таксама ў новым выданні глядзіце, як пачуваецца Віталь Тысеў пасля цяжкай, але паспяховай аперацыі. Віталь дзякуе ўсім, хто яму дапамог. Гэта яскравы прыклад таго, што разам мы сіла і што беларус беларусу беларус.

Калі вы хочаце падтрымаць нашых герояў, лістуйце нам: belarus2belarus@gmail.com

Далучайся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.