NIZKIZ, NEMIGA – украінцы ташчацца ад беларускага музла


Утульны дворык ды гукі беларускай дуды ў Варшаве і беларуская сцэна на Atlas Weekend.

Утульны дворык, гукі беларускай дуды і кола аднадумцаў. Але не ў Беларусі… Дваравы канцэрт зладзілі Беларускі дом у Варшаве, Беларускі Моладзевы хаб і Народнае антыкрызіснае ўпраўленне. Імпрэза сталася фіналам абвешчанага Святланай Ціханоўскай Тыдня беларускае культуры.

На дваравы канцэрт у Беларускім доме ў Варшаве завіталі некалькі соцень асобаў. Былі й тыя, хто прыехаў у Польшчу яшчэ да выбараў 2020-га, і тыя, хто быў вымушаны ўцякаць ад пераследу. Атмасфера сяброўства, салідарнасці і еднасці атуліла гасцей. Гэтаксама як летась на радзіме. Адно – дадалося пачуццё надзеі вярнуцца ў Беларусь.

А ў Кіеве адбыўся самы маштабны музычны фестываль Украіны Atlas Weekend. На фестывалі працавала сем сцэнаў, і сёлета арганізатары ўпершыню адвялі адну з іх беларускім музыкам. Прычым, на афіцыйным сайце фестывалю гэтую пляцоўку пазначылі бел-чырвона-белым сцягам. Выступіць у Кіеў прыехалі гурты Nürnberg, NEMIGA, Nizkiz, ЛСП і Intelligency.

Калаж з фота: NIZKIZ / YouTube