Як абараніць дзяцей ад педафілаў?


Рэжым Лукашэнкі пастанавіў узяцца за барацьбу супраць педафілаў, але ці не сядзяць гэтыя педафілы ўнутры самой сістэмы? Хто і навошта іх пакрывае? Як зрабіць так, каб беларускія дзеці не сталі ахвярамі гэтай з’явы?

Адной з найбольш рэзанансных у Беларусі была справа Вячаслава Давыдовіча, які працаваў спачатку ў міліцыі, пазней – у Адміністрацыі прэзідэнта, а затым узначаліў дабрачынны фонд «У дапамогу дзецям-сіротам». Сіротаў з дзіцячых дамоў ён браў начаваць у свой катэдж, куды прыязджалі і мужчыны на дарагіх аўтах. Суд, што праходзіў у закрытым рэжыме, пакараў Давыдовіча 5 гадамі зняволення.

«Вядома, што яго ўсяляк абараняў і абяляў наш стары «сябар», палкоўнік міліцыі Мікалай Карпянкоў, які на той момант узначальваў Упраўленне наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі», – кажа Вольга Карач, дырэктарка праваабарончага цэнтру «Наш дом».

Гэта не адзіны выпадак, калі выяўлялі педафілаў на дзяржпасадах.  Так прадстаўнік творчай прафесіі, які чвэрць стагоддзя ўзначальваў віцебскую музычную студыю «Альтанка» ды атрымліваў ад гарадской адміністрацыі званні і ўзнагароды, у 2023 годзе паўстаў перад судом за педафілію.

Выхавальнік Шумілінскага дзіцячага садка № 1 цягам шаснаццаці гадоў разбэсціў 93 хлопчыкаў і 73 дзяўчынак. Свае дзеянні ён здымаў на відэа. Пры ператрусе ў яго знайшлі 450 ГБ фота і відэа. Бацькі скардзіліся на падазроныя паводзіны выхавальніка, дырэктарка садка скаргі ігнаравала, пракуратура Віцебшчыны пасля правяранняў сцвердзіла, што і чыноўнікі, і педагогі часцяком замоўчваюць вядомыя ім факты.

Медыкі не перадаюць патрэбных звестак праваахоўнікам, міліцыянты не належным чынам працуюць з асобамі, што стаяць на ўліку і паўторна здзяйсняюць адпаведныя злачынствы, – і ўсё гэта зафіксавана ў пракуратуры цягам мінулага года. Пасля прэс-канферэнцыі, што далі прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных справаў, Генеральнай пракуратуры і Следчага камітэту, дзе заклікалі і ведамствы, і бацькоў да пільнасці, а заканатворцаў – да ўнясення зменаў у заканадаўства мінуў год, а змены – дагэтуль толькі ў планах.

Ці можа дапамагчы закон у барацьбе супраць педафілаў? Як педафілы маніпулююць дзецьмі? Як засцерагчы дзяцей, каб яны не сталі іхнымі ахвярамі? Як змагаюцца з педафіламі за мяжою і якія захады можна прымяніць у Беларусі?

Госці студыі: псіхалагіня і псіхатэрапеўтка Крысціна Вязоўская, прадстаўнік «BELPOL» Мацвей Купрэйчык, юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Праскаловіч, дырэктарка праваабарончага цэнтру «Наш дом» Вольга Карач.

Глядзіце ток-шоу «План: Б» на YouTube-канале «Белсат News», у праграме «Belsat Smart» для тэлевізараў с функцыяй«Smart», на мабільных прыладах з сістэмамі iOS и «Android», a таксама ў эфиры «Белсата».

belsat.eu