«У засценках тварылася натуральнае гестапа». Пра катаванні і жыццё ў турме


Аляксандр Кабанаў лічыць, што пасля вызвалення з турмы беларусы «ніколі не будуць за бандытаў з улады». Сяргей Марцалеў услед за Гэнры Тора адзначае, што ў несправядлівай дзяржаве месца справядліваму чалавеку – у турме. Хто з іх мае рацыю?

«Ці працуюць рэпрэсіі? Ці ломіць людзей турма?» – тэма новага выдання праграмы «Двубой» з Віталём Цыганковым. Палітвязні часу Плошчы-2010 і пратэстаў-2020 дзеляцца ўласным досведам таго, чым сталася турма ў іх жыцці.

«Усе чулі, што турма – гэта быццам бы акадэмія. Г. зн. людзі, якія туды трапілі, быццам пабывалі ў нейкай акадэміі. Нешта ў гэтым ёсць насамрэч. Зразумела, што гэта не акадэмія. Я чаму ўключыўся? Я і да гэтага быў даволі актыўны ў гэтым усім. А тут назапасіў столькі энергіі, столькі эмоцый, столькі ўсяго пабачыў, паразмаўляў з людзьмі, як гэта ўсё ўнутры адбываецца. Насамрэч пакуль там унутры не пабываеш, гэтага ж не зразумееш. На словах гэтыя ўсе эмоцыі, гэты стан перадаць практычна немагчыма. У той жа час я лічу, што рабіць там няма чаго. І калі гавораць, што «хто не сядзеў у турме, той не беларус, гэта не так. Калі людзі здолелі пазбегнуць гэтага і засталіся на волі і актыўна працуюць – выдатна!» – пачынае дыскусію былы палітвязень Аляксандр Кабанаў.

З ім пагаджаецца Сяргей Марцалеў, які заклікае беларусаў, што «калі маецца шанец застацца на волі, трэба ім карыстацца». І ў той жа час, на ягоную думку, турмы баяцца не варта, асабліва калі ты дзейнічаеш у імя справядлівасці. Але пры гэтым нічога добрага за кратамі няма.

«Я лічу, што турма нікога не робіць лепшым. Лічу, што той час, які чалавек праводзіць у турме, – гэта безнадзейна страчаныя для яго месяцы, гады, гэта той час, які ён мог прысвяціць сваім дзецям, сваёй сям’і. Гэта той час, калі ён мог напісаць кнігу, знаходзячыся на волі, калі ён мог пабудаваць спадарожнік ці зрабіць нешта яшчэ карыснае для грамадства. Але замест гэтага ён адрэзаны ад інфармацыі, адрэзаны ад простых чалавечых эмоцый, які прыніжаецца штодзённа адміністрацыяй лагеру ці адміністрацыяй следчага ізалятару, праходзіць вельмі цяжкі для сябе іспыт. І самае страшнае, мабыць, калі ён выйдзе і яму падасца, што ён на волі, і ўсё мінула, а знаходзяцца новыя непрыемнасці. Найперш у многіх пачынаецца так званы посттраўматычны сіндром – як у тых, хто прайшоў зону баявых дзеянняў, трапіў у нейкую прыродную катастрофу. І тое ж самае ў многіх назіраецца пасля турмы», – дзеліцца ўласным досведам перабывання ў СІЗА КДБ у 2010 годзе Сяргей Марцалеў.

Палітзняволеныя распавядаюць пра тое, з чым сутыкнуліся ў турме, як праводзілі час і што адтуль вынеслі. Таксама Аляксандр Кабанаў узгадаў пра катаванні ў наваполацкай папраўчай калоніі № 1, у якіх удзельнічаў асабіста начальнік гэтай установы Андрэй Пальчык.

«Ён кожную раніцу прыходзіць туды. Чалавек любіць сваю працу. У нядзелю ён таксама там. У яго няма ні выхадных, ні прахадных, ён увесь час там. ШІЗА – яго любімае месца. Ён любіць паглядзець у вочы, паглядзіць, як там чалавек, задрыжыць, не задрыжыць, пачне плакаць ці не пачне. Такія моманты. Адбываецца збіццё. Гэта самае простае», – успамінае Аляксандр Кабанаў.

Як выкарыстоўвалі час за кратамі і што турма адкрывае ў чалавеку? Як у Беларусі працуе правасуддзе і як у турму трапляюць невінаватыя людзі? Як зняволенне ўплывае на чалавека і што адбываецца з ім пасля вызвалення? Ці вераць былыя палітзняволеныя ў пакаранне тых, хто з іх здзекаваўся? Ці шмат «нармальных» сярод сілавікоў і ці працуюць увогуле рэпрэсіі? Адказы на гэтыя ды іншыя пытанні шукайце ў новым выданні праграмы «Двубой».

Госці праграмы:

Аляксандр Кабанаў, блогер, былы палітвязень

Сяргей Марцалеў, палітолаг, былы палітвязень

Праграму «Двубой» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайну архіве на нашай старонцы або на YouTube