Беларусы аддзячылі адважнай медсястры, якая ратавала катаваных з Акрэсціна


Памятаеце гісторыю медсястры Паліны? Ёй давялося ратаваць, бінтаваць параненых, скалечаных і катаваных у самыя балючыя, у самыя крывавыя дні пратэстаў. А пасля яна сама трапіла за краты – спачатку на Акрэсціна, пасля ў Жодзіна. Тысячы людзей адгукнуліся на ейную гісторыю. І больш за сотню неабыякавых беларусаў захацелі спраўдзіць мары і жаданні дзяўчыны, каля тысячы асобаў напісалі словы падтрымання для Паліны.

Беларус беларусу
Медсястра двойчы пабывала на Акрэсціна: як медык і як вязень
2021.11.05 18:50

Дзяўчына была надзвычайна ўражаная неймаверным спачуваннем:

«Я не чакала такога, калі столькі незнаёмых людзей жадае дапамагчы табе. І дапамагае. Цяпер са мной звязаўся адзін чалавек і дапамагае мне, так бы мовіць, памяняць прафесію. Перавучыцца ў IT-спецыяльнасць. Гэта абсалютна іншая спецыялізацыя.

Людзі дапамагалі таксама і фінансава. Дзякуй ім вялікі!

Шмат людзей адгукнулася з просьбай дапамагчы ў англійскай. Кажуць: «Мы можам займацца ў любы час. Як вам зручна… Як хочаце…» І сапраўды: я знайшла сабе рэпетытара, так бы мовіць, з якім мы займаемся. Па дзве гадзіны на дзень.

Словы падтрымкі, вядома, былі. Многія пісалі, што ганарацца мной. Што яны падтрымліваюць мяне. Дзякавалі.

Быў такі непрыемны момант, калі дастаткова блізкія людзі адмовілі ў дапамозе. Яны, можа, спалохаліся, можа, яшчэ што. Крыўдна няшмат. Затое сапраўды было вельмі прыемна, калі абсалютна незнаёмыя людзі адгукнуліся. Я не ведаю, як гэта растлумачыць. Гэта нешта неверагоднае. Таксама дапамаглі з лекамі для бабулі», – кажа Паліна.

Беларус беларусу
Рэжым іх баіцца, а беларусы ім дапамагаюць
2021.12.31 18:50

На цяперашні момант найвялікшая радасць – гэта радасць салідарнасці. Як уцешна бачыць нашую гераіню, якая ўсміхаецца. У якой усё добра. Калі вы хочаце падтрымаць і іншых нашых герояў, публічна альбо ананімна, гэта можна зрабіць з любога пункту свету – лістуйце да нас: belarus2belarus@gmail.com

Каб усміхаліся беларусы. Каб мы здзяйснялі гэтыя маленькія вялікія цуды. Для нашай будучыні.

Далучайся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу а 18:50 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, наYouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.

Калаж з фота: t.me/euroradio