«Разам з сіламі NATO спрабавала захапіць уладу». Гісторыя Таццяны Астроўскай


Таццяна пераплыла Нёман, каб выбрацца з Беларусі, дзе яна правяла 301 дзень за кратамі. Жанчыну абвінавацілі ў тым, што яна «разам з сіламі NATO cпрабавала захапіць уладу».

Таццяна была валанцёркаю фонду «Краіна для жыцця» і вазіла перадачы палітзняволеным. Аднойчы ёй трэба было адвезці 150 кг розных гасцінцаў на «Валадарку». Хлопец, які выклікаўся ёй дапамагчы, выявіўся ціхаром. Наступнага дня Таццяну затрымалі ў межах «шырокамаштабнай аперацыі КДБ для зачысткі ад радыкальна настроеных асобаў». Сталася гэта 9 ліпеня 2021 года.

Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала жанчыну палітзняволенай.

«Як выхваляўся ГУБАЗіК, «з вашых лістоў на «Валадарцы» гараць вогнішчы». Яны проста выхваляліся. Гэта цытата», – распавядае пра зняволенне нашая гераіня.

У выніку Таццяну абвінавацілі ў «фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання». У траўні 2022 года яе адпусцілі да суда. Але нашая гераіня пастанавла не чакаць рашэння лукашэнкаўскіх суддзяў і пакінула Беларусь. Дзеля гэтага давялося правесці сапраўдную спецаперацыю.

Таццяна распавяла праграме «Беларус беларусу» сваю гісторыю. Як выглядала затрыманне Таццяны? Якія былі ўмовы на «Валадарцы»? Якім чынам маленькі сын Саша падтрымліваў маму ў турме? Чаму Таццяне давялося ўплаў пераадольваць Нёман?

Цяпер Таццяна ўладкоўвае сваё жыццё ў Польшчы, і ёй патрэбная дапамога. Неабходна развязаць пытанне з кватэраю і адправіць сына ў школу, а таксама аддаць яго на гімнастыку і шахматы. Да таго ж, апошнія падзеі адбіліся на ейным здароўі. Калі казаць не пра базавыя патрэбы, то сын Саша марыць пра акуляры віртуальнае рэальнасці.

Калі вы хочаце падтрымаць нашых герояў, нязломных артыстаў і іхных дзяцей, лістуйце нам: belarus2belarus@gmail.com

Далучайся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.