Як доўга пратрымаецца Пуцін? «ПраСвет» са Змітром Міцкевічам


Тэмы праграмы:

Ці зацягне Пуцін Лукашэнку ў наземную вайну супраць Украіны?

Ці нападзе Расея на Украіну другі раз, разам з Лукашэнкам? Што можа стрымаць кіраўніка Беларусі? Высокапастаўлены чыноўнік NATO на сустрэчы міністраў абароны Альянсу заявіў неафіцыйна, што Лукашэнка разумее, што санкцыі за агрэсію супраць Украіны могуць увесці і супраць яго. У сустрэчы з ім удзельнічаў журналіст «Белсату» Сяргей Пеляса. Прадстаўнік кіраўніцтва Паўночнаатлантычнага альянсу дадаў, што ясных знакаў падрыхтоўкі Беларусі да ваеннай інтэрвенцыі ва Украіне не відаць. Дык ці зацягне Крэмль Лукашэнку ў наземныя аперацыі ва Украіне? Каментуюць Яўген Магда і Валер Карбалевіч. Больш падрабязна – у рэпартажы Вольгі Міцкевіч.

Чатыры стратэгічныя памылкі Расеі ў інтэрв’ю з генералам ЗША Бэнам Годжэзам

Пуцін не пратрымаецца да канца наступнага года, і трэба пачынаць размаўляць моваю перамогі. Так лічыць генерал-лейтэнант у адстаўцы Бэн Годжэз, былы камандуючы арміяй ЗША у Еўропе. У інтэрв’ю Сяргея Пелясы з амерыканскім вайскоўцам: чатыры вялікія памылкі, якія зрабіў Крэмль у планаванні вайны супраць Украіны, а таксама пра тое, якую ролю адыгрывае Лукашэнка ў канфлікце, і паводле якіх сцэнароў будзе разгортвацца вайна.

Заходні «паветраны шчыт» Украіны. Як яго збудаваць?

Збройныя сілы Украіны атрымаюць тэхніку, неабходную для контрнаступу і абароны паветранай прасторы краіны. Пра гэта заявіў кіраўнік Пэнтагону Лойд Остын пасля сустрэчы «Рамштайн-6», якая прайшла напярэдадні ў Бруселі. Ці дастаткова абяцанага ўзбраення для змагання з расейскай агрэсіяй? Матэрыял Юліі Лабанавай.

Новая сістэма супрацьпаветранай абароны для Украіны і ядравае супрацьстаянне Пуціну.

Вынікі спаткання міністраў абароны NATO і Кантактнай групы для абароны Украіны ў каментары Сяргея Пелясы са штаб-кватэры Паўночнаатлантычнага альянсу ў Бруселі.

Як спыніць расейскі імперыялізм?

Пуцін едзе ў Казахстан, дзе сустракаецца з Эрдаганам. NATO рыхтуецца да найгоршых сцэнароў развіцця падзеяў і заяўляе аб сваёй непахіснасці ў барацьбе з імперскімі амбіцыямі Расеі. Наколькі моцныя захопніцкія памкненні Пуціна, да чаго яны могуць прывесці? Ці магчымая поўная ізаляцыя альбо наадварот – дэмакратызацыя Расеі? Каментуюць Уладзімір Мілоў і Уладзімір Фясенка. Адказы шукала Надзея Бельская.

belsat.eu