Захаду трэба рыхтавацца да падзення Лукашэнкі. «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою


Да якіх сцэнароў развіцця падзеяў у Беларусі трэба рыхтавацца Захаду? Між іншага, пра гэта сёння ў «ПраСвеце» ў інтэрв’ю з амерыканскім генералам Бэнам Ходжэзам.

Ці санкцыі зрынуць рэжым Лукашэнкі?

Самыя жорсткія санкцыі супраць беларускага рэжыму – чулі мы не раз. Афіцыйны Менск у адказ пагражае, смяецца і кажа, што санкцыяў не адчувае. І пакуль што – сапраўды так. Абвешчаныя абмежаванні практычна не паспелі закрануць айчынную эканоміку. І напоўніцу чацвёрты пакет стане адчувальны толькі ў 2023 годзе. І пакуль на падыходзе пяты набор еўрапейскіх санкцыяў, варта задумацца над іншым пытаннем: як адкажуць улады. Бо пакуль менавіта рэакцыя Менску на санкцыі б’е па беларусах нашмат мацней, чымся заходнія абмежаванні. Матэрыял Усевалада Шлыкава.

«Мы, Захад, павінны падрыхтавацца да калапсу рэжыму Лукашэнкі». Інтэрв’ю з генералам ЗША ў адстаўцы Бэнам Ходжэзам

Амерыканскі генерал наведаў Беларусь і сустрэўся з Лукашэнкам. Гэта адбылося тры гады таму. Як цяпер змянілася ягонае стаўленне да сітуацыі з нашай дзяржавай? Што турбуе Пэнтагон, і да якіх сцэнароў развіцця падзеяў у нас трэба рыхтавацца Захаду? Інтэрв’ю Сяргея Пелясы з Бэнам Ходжэзам, генерал-лейтэнантам арміі ЗША ў адстаўцы. Былы камандуючы сіламі Злучаных Штатаў у Еўропе – цяпер адзін з ключавых экспертаў у сферы бяспекі ў вашынгтонскім Цэнтры аналізу еўрапейскай палітыкі.

Нюрнбэрг для Лукашэнкі

Як выйсці з прававога дэфолту ў Беларусі ды пакараць сілавікоў і чыноўнікаў, адказных за катаванні мірнага насельніцтва? Адказы на гэтыя пытанні мы шукалі на міжнароднай канферэнцыі ў Нямеччыне – «Злачынствы супраць чалавечнасці і прызнанне Лукашэнкі тэрарыстам», зарганізаванай Народным антыкрызісным упраўленнем. Аб прапановах і тым, наколькі іх рэальна ажыццявіць, – Юлія Лабанава.

Калі Украіну прымуць у Еўразвяз?

Бязвізу Украіны з Еўразвязам нічога не пагражае – пра гэта ў Кіеве заявіў міністр замежных справаў Дзмітрый Кулеба пасля саміту «Украіна – Еўрапейскі Звяз», які адбыўся напярэдадні. Таксама ён адзначыў, што не варта баяцца і прыпынення працэсу інтэграцыі ў аб’яднаную Еўропу. Ніхто не бярэцца прагназаваць, калі Украіна далучыцца да Еўразвязу. Шматлікія эксперты і палітыкі кажуць аб падводных камянях, якія калі не спыняюць працэс еўраінтэграцыі, то значна яго запавольваюць. У прыхаваных праблемах разбіралася Святлана Аўчарова.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце шточацвер а 21:40. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілях у Facebook і «Аднакласніках»! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.

Фота: DIDOR SADULLOEV / Reuters / Forum