Служыў у частцы Азаронка, ваяваў у палку Каліноўскага. Васіль Верамейчык (Пацук)


Васіль Верамейчык (Пацук) служыў у той жа вайсковай частцы, што і Азаронак, а з пачаткам вайны ва Украіне далучыўся да палка Каліноўскага, быў пад Бучай і Мікалаевам. Быў намеснікам Брэста і Волата. Цяпер Васілю трэба дапамога.

Васіль Верамейчык паходзіць з Салігорску, ён 7 гадоў праслужыў у беларускім войску, вучыўся на вайсковага псіхолага, працаваў у ІТ-сферы. Ужо ў першыя дні вайны Расеі супраць Украіны пайшоў добраахвотнікам у будучы полк Каліноўскага. Мянушка Пацук за ім замацавалася яшчэ падчас службы ў беларускім войску.

«Калі мы прыехалі ў Кіеў, то мы ехалі па апошняй дарозе на пяты дзень вайны, якая абстрэльвалася ўжо, і не было адчування, што гэта доўга працягнецца, думаем, заўтра штурм, можа загінеш. А якая розніца? Хай будзе Пацук, як было. Ну а далей гэта ўжо выпрабаванне, каб ты справамі даказваў, а не па імі сустракалі», – тлумачыць Васіль.

Ён удзельнічаў у баях пад Бучаю і Мікалаевам. Менавіта там адбыўся адзін з найбольш жудасных момантаў, якія ён перажыў у вайну.

«Здарыўся невялікі ўнутраны канфлікт перад наступленнем на Лазавое, якраз пасля якога ў нас нашаму куратару ўкраінскаму адарвала нагу на міне, а Брэст стаў камандзірам батальёну, я яго намеснікам і Ян яго намеснікам [Ян Мельнікаў (Беларус). – Заўв. «Белсату»]. І вось уся тая сітуацыя, якая ўнутраны канфлікт перад Лазавым… Мы прынялі адказнасць – я, Дзядзька і Брэст – і пайшлі пад кіраўніцтвам нашага куратара ў наступ вялікі. І нас там было пад 80 чалавек беларусаў, толькі беларусаў, а былі яшчэ і замежнікі. І самае страшнае – гэта адказнасць за людзей», – успамінае Васіль Верамейчык.

Той бой завяршыўся поспехам, але ў хуткім часе Васіль страціў блізкіх сяброў, Брэста і Волата, пасля чаго пакінуў полк і паехаў дапамагаць уласнай сям’і з эвакуацыяй. Цяпер Васіль Верамейчык валанцёрыць у Асацыяцыі беларускіх ветэранаў, якой патрэбная дапамога.

Магчыма, нехта з гледачоў праграмы дапаможа Васілю знайсці працу ў ІТ-сферы, у якой ёй працаваў напярэдадні вайны ва Украіне. Таксама ён заклікае паўдзельнічаць у стварэнні кліпу пра Васіля Грудовіка (Атама), з якім герой праграмы сябраваў і сустрэўся за некалькі гадзінаў да смерці Атама ў баі.

«Я хачу дамоў, я хачу, каб беларусы аб’ядналіся і мы ўсе вярнуліся дамоў. Каб мы зрабілі рэформы, не дапусціўшы новага адкату назад, каб Беларусь была эфектыўнай, такой Швейцарыяй Усходняй Еўропы», – распавёў Васіль Верамейчык пра сваю мару.

Калі вы хочаце падтрымаць нашых герояў, лістуйце нам: belarus2belarus@gmail.com

Далучайся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.