Гарачы каментар 13,3% беларусаў дэкларуе, што не ўмее чытаць па-беларуску


Адныя да роднае мовы прыходзяць самыя, іншым дапамагаюць знаёмыя ці сябры. Але ёсць тыя, каму пашчасціла найбольш, бо яны навучыліся размаўляць па-беларуску ў сям’і. Што праўда ў Беларусі гэта не так і лёгка. Існуе адміністратыўны супраціў у школах, універсітэтах, дзяржаўных установах. На сувязі з намі спадарыня Надзея, шматдзетная маці, якая падзеліцца з намі сакрэтамі таго, як выхаваць дзяцей па-беларуску ў рускамоўным асяроддзі.

Дык з чаго пачынаць?

«Па-першае, самому перайсці на беларускую мову хаця б у тых стасунках, у якіх удзельнічаюць дзеці. Для мяне гэта быў пераход на беларускую мову ў сувязі з нараджэннем дзяцей. Я зразумела, што калі я жадаю, каб мае дзеці ведалі мову і размаўлялі на ёй – першы крок я павінная зрабіць сама. Мы не шукалі школу паблізу з домам, а якраз шукалі беларускамоўную школу з максімальнай колькасцю дзяцей, якія ведаюць мову, дзе беларуская мова – мова стасункаў паміж дзецьмі не толькі на занятках, але і па-за межамі школы. Выхоўваць дзяцей па-беларуску прасцей, калі ёсць некалькі сяброў. І чым больш – тым лепш…»

Ёсць у Беларусі і тыя, хто за статус беларускай мовы змагаецца, можна бы мовіць прафесійна – Таварыства Беларускай мовы (ТБМ). Таццяна Уласенка сустрэлася з ганаровым кіраўніком гэтае арганізацыі, каб запытаць пра цяперашні стан беларускай мовы і пра тое, калі ж беларусы загавораць па-беларуску?

Алег Трусаў, ганаровы старшыня ТБМ:

«За апошнія 10 год адбыліся вельмі вялікія падзеі як у Беларусі, так і ў свеце. Па-першае, рэзка вырасла гарадское насельніцтва. Па-другое, зменшылася ўвогуле насельніцтва нашае краіны. За гэтыя гады працэс русіфікацыі набраў вялікія абароты, але гады 3-4 назад, дзякуй Богу, ён спыніўся. Таму, я спадзяюся, на перапісе мы атрымаем тыя самыя лічбы, можа, крыху большыя. Усё-ткі больш за палову жыхароў Беларусі абяруць роднай моваю беларускую, пры тым гэта могуць быць не абавязковы беларусы…»

Хочацца верыць у прагноз ганаровага старшыні ТБМ спадара Алега Трусава адносна таго, як будзе развівацца беларуская мова. Таму варта прыгледзецца пакаленню, якое павінна будзе нашую родную мову выкарыстоўваць значна шырэй, чым гэта робіцца зараз. А з гэтым могуць быць цяжкасці.

У абласных цэнтрах няма ніводнае беларускамоўнае школы, ёсць толькі асобныя беларускія класы. Колькасць дзяцей у гэтых класах вагаецца ад пяці да двух дзясяткаў. Але агулам ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі не назбіраецца і трох сотняў дзяцей, якія вучацца цалкам па-беларуску.

Можа сітуацыя лепшая ў раённых цэнтрах? У нас іх ажно 118. Але і там усё кепска. Толькі ў двух райцэнтрах ёсць беларускамоўная школа – у Барысаве ды ў Янаве Берасцейскай вобласці.

Найлепшая, калі так можна сказаць, сітуацыя ў беларускай сталіцы, але і яна шакуе: з 277 сярэдніх навучальных установаў толькі 7 – беларускамоўныя.

Усяго ў школах пазалетась у Беларусі навучаўся амаль адзін мільён дзяцей, з чаго паводле статыстыкі 128 тысячаў вучылася па-беларуску. Паводле гэтай жа статыстыкі ў нас 46% беларускамоўных школаў, а па факце на 118 райцэнтраў, 5 абласных гарадоў і Менск, у якіх разам жыве больш за палова жыхароў краіны, – толькі 9 беларускамоўных школаў, 7 з якіх знаходзіцца ў сталіцы.

Дарэчы, 13,3% адсотка магічная для нашае краіны лічба – бо столькі школьнікаў вучацца на беларускай мове і столькі ж, 13,3% ад усіх беларусаў дэкларуе, што зусім не ўмее чытаць па-беларуску.

А вось вынікі леташняга даследавання Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры Адміністрацыі прэзідэнта. Яшчэ 10 гадоў таму падчас перапісу беларускую роднай называлі 60% беларусаў, а летась ужо толькі 48%. Змяншэнне на адну пятую.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары