Ці Пуцін спіць з ядравай валізкаю і чаму заявы Лукашэнкі больш агрэсіўныя нават чым у гаспадара Крамля? Глядзіце ў праграме. А таксама інтэрв’ю з амбасадарам Францыі ў Беларусі, а расейскі палітычны каментатар Марк Фейгін ацэніць ваенную сітуацыю і закулісныя гульні ў Крамлі.
Парад 9 траўня ў Маскве павінен быў стаць эпахальным момантам. Але Пуцін усеагульнай мабілізацыі не аб’явіў, у рыторыцы абмежаваўся стандартнымі штампамі пра «генацыд мірнага народу Данбасу», а як вішанька на торце – нават адмяніў паветраную частку параду, у якой павінен быў удзельнічаць так званы «самалёт суднага дня» – Іл-80, з якога Пуцін можа аддаць каманду аб пачатку ядравай атакі. Чаму крамлёўскі дыктатар вырашыў адступіць ад канонаў запалохвання сваіх апанентаў і чаго баіцца ён сам? Адказ шукаў Зміцер Міцкевіч.
Пры якіх умовах Масква пойдзе на сурʼёзныя перамовы з Кіевам і ці дазволіць Пуцін вывесці з блакады абаронцаў Азоўсталі? Што можа прынесці канфлікт фракцый вакол кіраўніка Расеі за высокімі сценамі Крамля? Як сябе будзе паводзіць крамлёўская ўлада? Інтэрвʼю Сяргей Пелясы з расейскім юрыстам і папулярным палітычным аглядальнікам Маркам Фейгіным.
Рыторыка Лукашэнкі больш агрэсіўная, чым нават Пуціна, хаця беларускі дыктатар не адправіў беларускае войска супраць Украіны. Чаму незаконны кіраўнік нашай дзяржавы ў істэрычнай форме, адкрыта пагражае Захаду і заяўляе пра расейскую зброю? Навошта ён выпрошвае ў Пуціна ракетныя комплексы «Іскандэр» і «С-400»? Ці магчымая ядравая атака супраць Літвы з нашай тэрыторыі Беларусі якім будзе адказ? Матэрыял Надзеі Бельскай.
Ці ёсць кантакты паміж афіцыйным Парыжам і рэжымам у Менску? Ці Беларусь знаходзіцца пад расейскай акупацыяй? Што пра гэта думае амбасадар Францыі ў Беларусі? Інтэрв’ю Аліны Коўшык з Нікаля дэ Лякостам.
Рэпартаж з сяла Андрэеўка, Бучанскага раёна Кіеўскай вобласці. Гэта адзін з самых разбураных населеных пунктаў Украіны, дзе пасля расейскай акупацыі не засталося практычна ніводнага цэлага дому. Але ўспаміны пра зверствы расейскіх акупантаў і іх знаходжанні тут застануцца надоўга – падкрэсліваюць тыя, каму ўдалося выжыць. Сюжэт Антося Цялежнікава і Святланы Аўчаровай.
Фота: Sergei Savostyanov / TASS / Forum