Беларусы трапілі ў пастку сярэдніх даходаў


Беларусь загразла ў пераразмеркавальнай эканоміцы? Разбіраемся ў праграме «Эканоміка з Чалым».

Адсутнасць значнага эканамічнага росту, палітыка пераразмеркавання – гэта асноўныя прыкметы застою. Ёсць у прынцыпе ўсяго 2 спосабы, якім чынам можна з гэтай пасткі вырвацца. Адзін – гэта шлях азіяцкі, па якім пайшла Паўднёвая Карэя. Тлумачыць эканаміст Сяргей Чалы:

«Гэта вырошчванне нацыянальных чэмпіёнаў для таго, каб вызначыць і рэалізоўваць схаваныя канкурэнтныя перавагі. Стварыць прадпрыемствы, якія паспяхова маглі б канкураваць на сусветных рынках. Тое, што ў Карэі называлі «чэбалі». Тое, што там Кітай цяпер плануе рабіць. Але гэты шлях насамрэч таксама паказаў, што ён непрымальны. Рана ці позна вырошчванне такіх чэмпіёнаў без унутранай канкурэнцыі, стварэнне цяплічных умоваў для прадпрыемстваў, якія будуць канкураваць на вонкавых рынках, не спрацоўвае, таму што ў выніку атрымліваецца ўнутры краіны неканкурэнтнае асяроддзе, якое прыводзіць да росту карупцыі ды палітычнага ўплыву».

Таму і Карэя, і Кітай пайшлі менавіта шляхам дэмакратызацыі і лібералізацыі ўнутраных рынкаў, бо толькі так змаглі палепшыць сваю канкурэнтаздольнасць. І іншы шлях, умоўна кажучы, еўрапейскі.

«Прыняцце нормаў гэтых самых еўрапейскіх краінаў. З магчымым доступам потым да еўрапейскага рынку. Гэта шлях, які абіраюць краіны, якія спрабуюць рухацца ў бок асацыяцыі з Еўрапейскім Звязам».

І другі шлях Беларусі пасуе найбольш. Без адкрытасці свету ісці гэткім шляхам не атрымаецца. І Беларусь ды Расея абралі кардынальна іншыя дарогі: палітыку санкцыяў ды ізаляцыі.

Таксама ў праграме «Эканоміка з Чалым»:

  • Крыніцы росту золатавалютных рэзерваў;
  • дзяржава хоча выцягнуць сродкі насельніцтва, схаваныя ў матрацах;
  • планы стагоддзя: стварыць беспілотны электрацяжкавік.

Belsat.eu