Які сапраўдны рэйтынг Лукашэнкі пасля рэвалюцыі


Як працуе сістэма беларускай сацыялогіі знутры? Наколькі ёй давяраюць самі ўлады, і якія звесткі бяруць для ўнутранага карыстання? Высвятляем у праграме «Шчыра кажучы».

Цяпер у Беларусі каля дзясятка акрэдытаваных сацыялагічных структураў, якія могуць ладзіць апытанні дзеля вывучэння грамадска-палітычнай сітуацыі. Амаль усе яны працуюць пры дзяржаўных інстытутах.

Яшчэ напярэдадні выбараў медыям забаранілі праводзіць палітычныя онлайн-апытанні. Праўладныя эксперты аргументавалі гэта тым, што атрыманыя там вынікі наконт рэйтынгу патэнцыйных кандыдатаў – фэйкавыя. Менавіта з інтэрнэт-апытанняў нарадзіўся мэм – Саша 3 %, які, відавочна, моцна зачапіў Лукашэнку. Суразмоўцы «Шчыра кажучы» часткова згодныя з Лукашэнкам і таксама не вераць, што ён мае ўсяго 3 % падтрымання.

«Мы не ведаем вынікаў выбараў. На сёння мы не маем апытанняў, якія б дакладна маглі нам пазначаць рэйтынг. Бо тыя апытанні, якія пра гэта кажуць, у іх скажоная выбарка, бо яны не адлюстроўваюць усяго насельніцтва. […] Але я б сказала, што вось на сёння, цяпер, рэйтынг дзесьці паміж 20 і 30 %», – разважае кандыдат сацыялагічных навук Таццяна Вадалажская.

Сярод акрэдытаваных сацыялагічных структураў, якія могуць праводзіць апытанні аб грамадска-палітычнай сітуацыі, ёсць і прыватны Аналітычны цэнтр «Экоом». Вядома пра яго не шмат: быў заснаваны ў 2003 годзе, і ў арганізацыі няма чамусьці нават свайго сайту. А былы супрацоўнік Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Анатоль Котаў мяркуе, што на незалежную сацыялогію «Экоом» прэтэндаваць не можа.

«Фактычна гэта служба, якая пастаўляе патрэбную дзяржаве сацыялогію. […] Левых паказнікаў даваць асабіста мне не даводзілася, бо гэта як мінімум дрэнна. Іншая рэч, што не ўсю інфармацыю можна падаць у справаздачы: трошкі, скажам так, прыбраць негатыву, такое вось увогуле здаралася. Таму што ў любога супрацоўніка ёсць таксама начальнік, які не хоча, каб яго пакаралі: пазбаўляюць пасадаў, здымаюць, караюць нейкім іншым адчувальным спосабам за тое, што дазволілі сабе дзядулю засмуціць», – тлумачыць былы намеснік загадчыка аддзелу ў Кіраўніцтве справамі прэзідэнта Беларусі Анатоль Котаў.

Таксама ў праграме «Шчыра кажучы»:

  • Як незалежная сацыялогія дзесяцігоддзямі знішчалася ў Беларусі?
  • За што могуць звольніць навуковага супрацоўніка з Акадэміі навук?
  • Паводле якіх правілаў жыве дзяржаўная сацыялогія? Што чакае яе ў будучыні?

Калаж з фота: Valery Sharifulin / TASS / Forum

Belsat.eu