Што рабіць тым, хто пацярпеў ад вайны, палону ці катаванняў?


Вайна пакідае пасля сябе не толькі скалечаныя целы і зруйнаваныя гарады. Адно з самых доўгачасовых наступстваў – псіхалагічныя траўмы. Часам абсалютна незаўважныя, яны могуць зруйнаваць жыццё фізічна здароваму чалавеку і ягонаму атачэнню. Што рабіць, калі вы ці вашыя блізкія пацярпелі ад вайны, палону, катаванняў?

Вы калі-небудзь бачылі, як чалавек падае пасярод вуліцы ад гуку петарды ці самалёта? А магчыма, у вас ёсць знаёмы, які можа імгненна праявіць нематываваную агрэсію? Ці можа хтосьці раней актыўны і сяброўскі рэзка ізаляваўся ад усяго свету, залёг на дно? Гэта можа быць не асабісты выбар чалавека, а вынік псіхалагічнай траўмы.

Сённяшняя вайна Расеі супраць Украіны – самая вялікая вайна ў Еўропе з часоў Другой Сусветнай. Забітых, параненых і скалечаных – дзясяткі тысячаў чалавек, у тым ліку мірных людзей. Расея абстрэльвае ўсю Украіну ракетамі і дронамі-камікадзэ, б’е па жылых кварталах, каб ніхто і нідзе не адчуваў сябе ў бяспецы. Найбольш цяжка ў памежных гарадах.

А яшчэ гэтую вайну практычна онлайн бачаць людзі па ўсёй планеце.

Можна прайсці курсы першай дапамогі, навучыцца страляць ці вадзіць БТР. Але немагчыма падрыхтавацца жыць пасярод смерці.

«Немагчыма падрыхтавацца да таго, што цябе пастаянна і мэтанакіравана будуць спрабаваць забіць або скалечыць. Немагчыма. Нармальны чалавек падрыхтавацца да вайны не можа», – кажа Сяргей «Бераг», украінскі ветэран.

Нармальны чалавек у ненармальных умовах рызыкуе атрымаць псіхалагічную траўму. Часцей за ўсё кажуць пра ПТСР – посттраўматычны стрэсавы разлад.

«Гэта хвароба, якая нясе вельмі цяжкія наступствы ад траўматычнага досведу», – тлумачыць беларускі псіхолаг Наталля Скібская.

Як тлумачыць Наталля Скібская, такі разлад можа атрымаць кожны трэці, хто перажыў траўму ад дзеянняў іншых людзей, быў пацярпелым ці сведкам гвалту і жорсткасці. Вайна, катаванні, захоп у закладнікі, смерць блізкіх – усё гэта можа пазней негатыўна праявіцца ў сацыяльным і прыватным жыцці чалавека, можа разбурыць яго працу і сямʼю.

«Адно з наступстваў – гэта недавер. Недавер да сябе, ламаецца самаацэнка. Ён не верыць у свае ўласныя сілы, таксама не давярае іншым людзям», – распавядае Наталля Скібская.

Беларусаў гэта таксама датычыцца. У 2020-м годзе, у дзень прэзідэнцкіх выбараў, сілавікі Лукашэнкі адключылі інтэрнэт адразу пасля закрыцця выбарчых участкаў. А калі людзі выйшлі на вуліцы, каб даведацца сапраўдныя вынікі галасавання, спецназ закідаў грамадзян шумавымі гранатамі і ўжыў агнястрэльную зброю. Былі забітыя і параненыя, былі масавыя катаванні затрыманых.

«Білі і пыталі, у якой выведчай школе я вучыўся. Цягалі па паверхах і пастаянна білі. Знялі з мяне штаны і казалі, што засунуць у сраку выбуховы пакет. Падкладвалі выбуховы пакет пад галаву. Потым нож», – так 16 жніўня 2020 года распавядаў «Белсату» сваю гісторыю жыхар Гомля Максім.

Ад такога абыходжання тысячы нашых суайчыннікаў атрымалі псіхалагічную траўму. Рэпрэсіі з катаваннямі працягваюцца і цяпер. А калі траўма паўтараецца, можа развіцца асаблівая форма ПТСР, комплексны разлад.

Пост-траўматычны стрэсавы разлад – у чым ён праяўляецца? Як гэта выглядае ў чалавека ў штодзённым жыцці?

«Чалавек увесь час паводзіць сябе так, каб не сутыкацца з іншымі людзьмі. Можа ўвесь час сядзець у сваім пакоі, не выходзіць з дому, не хадзіць на працу. А калі чымсьці займацца, то выбіраць віды дзейнасці, звязаныя з меншай колькасцю людзей», – тлумачыць псіхолаг Наталля Скібская.

Чалавек можа застацца тым самым фізічна і цалкам змяніцца ў паводзінах. Быў ціхі-спакойны – стаў трывожны, увесь час шукае нейкія пагрозы. Быў разважлівы – стаў эмацыйна нестабільны. Імгненны пераход да негатыву, да агрэсіўных дзеянняў без дай прычыны. Абʼектамі гэтай агрэсіі могуць стаць самыя блізкія людзі.

«Мая дачка і жонка ведаюць, што гэта такое, яны прайшлі праз гэта са мной. Аднойчы я зачыніў іх у доме на тры дні, нават спрабаваў іх забіць. Але сам нічога не памятаю. Яны хацелі сысці ад мяне. Тады я вырашыў звярнуцца па дапамогу. Прабачце мяне…» – плача Осман Махмутавіч, ветэран вайны на Балканах, жыхар Босніі, які шмат гадоў змагаецца з ПТСР і з ягонымі наступствамі.

Бо так нават праз дзясяткі гадоў праяўляецца не адпрацаваная псіхалагічная траўма.

«Некаторыя людзі робяцца як камяні, як скала. Чалавек, які ніяк не праяўляе эмоцыі, робіць усё, каб не адчуваць і не выказваць свае эмоцыі. Ён не можа прытуліць дзіця, ці сесці з роднымі побач. Ці будзе пазбягаць транспарту грамадскага», – тлумачыць Наталля Скібская.

У дадатак чалавек можа пакутаваць ад флэш-бэкаў. Гэта рэзкае вяртанне тых самых перажыванняў, траўматычныя ўспаміны ўва сне ці пасярод дня. Без адпаведнай дапамогі гэтыя пакуты могуць прывесці нават да суіцыдальных думак.

«Аднойчы я прыйшоў дадому, зарадзіў сваю «Берэтту», прыставіў да скроні і збіраўся стрэліць», – распавядае сваю гісторыю Джон Лубэкі, былы снайпер Арміі ЗША, ветэран вайны ў Іраку.

Калі траўматычныя падзеі масавыя, то і псіхалагічная траўма будзе масавай. Гэтак з маладых сірыйцаў, якія перажылі баявыя дзеянні, больш за палову цяпер не можа нармальна спаць, сутыкаецца з дэпрэсіяй, а трывогу не адчувае толькі кожны чацвёрты. Даследаванні праводзіліся і ў Сірыі, і сярод уцекачоў у Ліване і Нямеччыне.

«Вайна прыносіць псіхічныя траўмы, якія перадаюцца як мінімум праз тры пакаленні. Гэтаксама Украіна перажыла тры Галадаморы – і яны адбіліся на наступных пакаленнях, Украіна перажыла і сталінскія рэпрэсіі, і войны, якія пакінулі свой псіхічны след», – распавядае доктар псіхалагічных навук, прафесар Сяргей Балцівец.

Адразу пасля бою ці пасля абстрэлу на фронце ніхто псіхалагічнай дапамогі не дасць. Умовы не тыя.

«Чалавек жывы – ужо супер, далі цыгарэту, кубак кавы ці гарбаты – ужо дастаткова. Далей мусяць працаваць прафесіяналы, псіхолагі», – кажа Сяргей «Бераг», украінскі ветэран.

Ва Украіне цяпер дзейнічаюць самыя розныя праграмы псіхалагічнай дапамогі, для мірных жыхароў, для сваякоў палонных, для тых, хто перажыў палон. І, канешне, для вайскоўцаў.

«Псіхолагі прыязджаюць на этапе выезду на вайну, на сам фронт, пасля фронту. Пастаянна псіхолагі намагаюцца суправаджаць чалавека. Але важна, каб дапамога была і праз доўгі час пасля баявых дзеянняў. Бо тое, што мы называем ПТСР, актывуецца нават праз некалькі гадоў», – падкрэслівае Сяргей «Бераг».

Для беларусаў, якія перажылі катаванні, такой дапамогі на дзяржаўным узроўні няма. Да спецыялістаў варта звярнуцца ў прыватным парадку. Абавязкова трэба звярнуцца.

А што рабіць блізкім людзей, якія перажылі траўму, як ім жыць разам?

«Калі вы разумееце адзін аднога, калі вы можаце размаўляць, калі вы талерантныя адзін да аднаго, калі не вінаваціце адзін аднога, не крыўдуеце. Калі заўжды шукаеце магчымасці паразмаўляць, і праблемы для вас не чалавек, а тое, што адбываецца паміж вамі, то ўсё будзе добра. Бо менавіта стасункі лекуюць», – пераконвае Наталля Скібская.

Што дакладна НЕ трэба рабіць – нельга лячыць стрэс гарэлкай ці наркотыкамі. Псіхалагічныя траўмы – частая прычына развіцця залежнасцяў, тлумачыць Наталля Скібская. Таксама нельга абвінавачваць ахвяру ў тым, што здарылася, нельга замест падтрымкі перакідваць віну з агрэсара на пацярпелага.

«Я працавала ў валанцёрскім лагеры на Акрэсціна і чула гэтыя гісторыі. Людзі выходзілі, тэлефанавалі бацькам, а тыя казалі: «мала цябе білі ў дзяцінстве. Ага, мала цябе лупілі!» Гэта тое, што нельга рабіць ні ў якім разе», – падкрэслівае псіхолаг.

Як тлумачаць адмыслоўцы, агрэсары таксама атрымліваюць траўму ад сваіх злачынных дзеянняў. У нашым выпадку гэта садысты ў пагонах ГУБАЗіКу, КДБ і спецназа. Ва Украіне гэта расейскія ваенныя злачынцы.

«Яны будуць пакутаваць. Яны заслужана будуць цярпець. Бо любая жывая істота разумее неправамернасць і несправядлівасць тых дзеянняў, якія яна робіць», – мяркуе прафесар Сяргей Балцівец.

Пры гэтым правільная матывацыя вайскоўца, які абараняе сваю краіну, свой горад, сваю сямʼю, можа знізіць узровень наступстваў ад стрэсу, мяркуе Сяргей Балцівец:

«Тады ўдзел у баявых дзеяннях можа прынесці чалавеку большую надзейнасць, жыццёвае натхненне, большую здольнасць да перамогі».

Што дакладна НЕЛЬГА казаць салдату, ветэрану – гэта старая фраза: «мы вас туды не пасылалі». Удома яе нярэдка чулі ветэраны савецкай інтэрвенцыі ў Афганістан, ці амерыканцы, калі вярталіся з Вʼетнаму. Такая фраза можа істотна нашкодзіць чалавеку нават праз дзесяцігоддзі пасля вайны.

У дадатак да псіхатэрапіі і медыкаментаў – там, дзе гэта трэба – дапамагчы могуць і хатнія гадаванцы. Гэтак у амерыканскім штаце Індыяна навукоўцы вывучаюць, як на ПТСР чалавека ўплываюць сабакі. Узровень гармонаў стрэсу ў арганізме штодня мераюць у сотні ветэранаў.

«Часам я проста адчуваю грукат сэрца маёй сабакі, і яе подых, і гэта мяне супакойвае. Я б хацеў умець жыць без яе. Але яна цяпер частка майго жыцця», – кажа адзін з паддоследных – сяржант Арміі ЗША ў адстаўцы Карлас Круз, ветэран вайны ў Афганістане.

Сябры, калі вы ў сваім жыцці перажылі траўматычны досвед, абавязкова звярніцеся да спецыялістаў. Сама размова з кваліфікаваным псіхолагам можа прынесці палёгку. Не ігнаруйце свой унутраны стан, бо вашае самаадчуванне – гэта глабальнае пытанне. З вамі быў Яраслаў Сцешык, да сустрэчы.