Хто і як сочыць за беларусамі ў інтэрнэце?


Чаму заблакавалі тэлеграм-каналы «Чёрная книга Беларуси» і «Каратели Беларуси»? Ці можна лічыць «Тэлеграм» бяспечным камунікатарам? Якія сэрвісы перадаюць дадзеныя карыстальнікаў рэжыму Лукашэнкі? Як бяспечна карыстацца «Тэлеграмам» без усялякай цэнзуры і абмежаванняў? Наколькі небяспечная кітайская электронная прадукцыя? Ці магчыма разбурыць манаполію на рынку новых тэхналогіяў?

На гэтыя ды іншыя пытанні шукалі адказы ўдзельнікі чарговага выдання праграмы Змітра Міцкевіча «Без акрэдытацыі»: спецыяліст у лічбавай бяспецы Мікалай Кванталіяні, журналіст «Нашай Нівы» Максім Маханькоў, а таксама журналіст «Белсату» Аляксандр Арсёнаў.

Некаторыя тэзы з выступаў гасцей.

Максім Маханькоў:

  • Калі толькі пачынаўся інтэрнэт, нам абяцалі светлую будучыню, вольную адкрытую прастору без межаў, манаполіяў і палітычнага ціску. І тое, што мы маем цяпер, не мае да гэтага ніякага дачынення.
  • Дзяржавы мусяць ствараць механізмы грамадскага кантролю за вялікімі кампаніямі, каб іх дзейнасць была больш празрыстай.
  • Дэмакратычным актывістам і палітыкам трэба вучыцца праграмаваць, каб разумець, наколькі гэтыя тэхналогіі моцны інструмент – і наколькі яны могуць быць небяспечнымі.

Мікалай Кванталіяні:

  • Расейскія інтэрнэт-сэрвісы перадаюць звесткі аб карыстальніках спецслужбам.
  • Цяпер людзям трэба выбіраць, што ім важнейшае: зручнасць карыстання – або абарона прыватнасці.
  • Бывалі выпадкі, калі «Фэйсбук» адзначаў людзей на фатаграфіях 200-гадовай даўніны, пазнаючы чалавека на здымках ягоных продкаў.

Аляксандр Арсёнаў:

  • Я не ўпэўнены, што буйныя кампаніі на рынку ІТ-паслугаў звяртаюць увагу на Беларусь – мы для іх маленькі рынак.
  • Як карыстальнікі мы мусім зыходзіць з таго, што любы інтэрнэт-сервіс можа супрацоўнічаць з уладамі і працаваць не ў інтарэсах карыстальнікаў.
  • У Беларусі з сачэннем за сабой можна змагацца толькі праз змяншэнне зручнасці для сябе, пры адмове ад тых ці іншых сэрвісаў.