Ці павінны быць у вольнай Беларусі гомасексуальныя шлюбы?


У новай Беларусі мусяць быць і гомасексуальныя шлюбы. Так лічыць Ірына Сідорская. Віталь Рымашэўскі жа гаворыць пра неабходнасць гарантаваць права афіцыйнага сужыцця прадстаўнікам ЛГБТ, але лічыць памылкай называць гэта шлюбам і сям’ёю. Хто з іх мае рацыю?

У апошнім пасланні Аляксандр Лукашэнка па падказцы Алега Гайдукевіча, які ўзначальвае ЛДПБ, выказаўся аб дзяржслужбоўцах – прадстаўніках ЛГБТ. Але яго выказванні насілі дыскрымінацыйны характар, як і агулам стаўленне дзяржавы да ЛГБТ у Беларусі. Гендарная даследніца Ірына Сідорская спадзяецца, што ў новай Беларусі такога не будзе, бо правы чалавека стануць у дзяржаве першаснымі.

«Асабіста я маю добрую класічную і нават традыцыйную сям’ю. Я маю сына, мужа і дачку, і я разумею, што гэта робіць маё жыццё больш цікавым, больш якасным, больш шчаслівым і больш абароненым, чым калі б я жыла адна. І я хачу, каб усе іншыя мае суайчыннікі і суайчынніцы, незалежна ад таго, гетэра яны ці гома, таксама мелі такія магчымасці. Каб яны таксама маглі стварыць сям’ю, каб яны маглі не хаваць сваіх пачуццяў і стасункаў ад іншых людзей, каб яны маглі карыстацца ўсімі правамі, якія дае легальны зарэгістраваны шлюб. Мне здаецца, што гомасексуальныя людзі былі, ёсць і абавязкова будуць. Такімі іх зрабіла прырода», – тлумачыць сваю пазіцыю Ірына Сідорская.

Лідар БХД Віталь Рымашэўскі згодны з Ірынай Сідорскай, што «правы чалавека павінны быць па-над усім» і што неабходна падтрымліваць прыватнае жыццё. Але для яго шлюб – гэта саюз паміж мужчынам і жанчынай, як тое адпавядае хрысціянскай традыцыі.

«Вельмі небяспечна сёння падмяняць лозунгамі барацьбы за правы чалавека, насамрэч ідзе спроба навязаць аднолькавыя стандарты сямейнага прыватнага жыцця для ўсіх – не важна, знаходзіцца гэты чалавек пры ўладзе, як Лукашэнка, або ў апазіцыі, як тыя, хто прапаведуюць разбурэнне сямейных каштоўнасцяў. І з аднаго, і з другога боку ёсць такое памкненне прыйсці да ўлады і навязаць свой погляд», – гаворыць Віталь Рымашэўскі.

Рымашэўскі згодны, што «людзі з нетрадыцыйнай арыентацыяй» маюць права на абарону ад дыскрымінацыі і афіцыйнае пацверджанне ўзаемаадносінаў паміж партнёрамі, але выступае супраць таго, каб называць гэта шлюбам: «Дзеля таго, каб не абмяжоўваць правы сексуальных меншасцяў, неабавязкова называць такія саюзы шлюбамі». Але ці так гэта? Ірына Сідорская звярнула ўвагу на тое, што сёння – ХХІ стагоддзе, і Беларусь – свецкая дзяржава, якая жыве па свецкіх законах, а не рэлігійных догмах: «Мне здаецца, спадар Віталь, што гэта вы хочаце навязаць адну мадэль нам усім».

Падрабязней дыскусію пра магчымасць легалізацыі аднаполых шлюбаў у Беларусі глядзіце ў новым выданні праграмы «Двубой» з Віталём Цыганковым.

Госці праграмы:

Віталь Рымашэўскі, лідар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі;

Ірына Сідорская, гендарная даследніца